Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Грамадзкаму актывісту, прадпрымальніку Алесю Макаеву скасавалі дамову арэнды на рынку, дзе ён працаваў каля 15 гадоў. Цяпер Алесь Макаеў займаецца ліквідацыяй свайго працоўнага месца і распрадае тавар, які застаўся.

«Арандаваў гандлёвае месца на „Ракаўскім кірмашы“, але дырэкцыя з гэтага году скасавала дамову. Адкрылі кірмаш у 2001 годзе, а я там пачаў працаваць праз 8 месяцаў, то бок амаль 15 гадоў адпрацаваў. Раней у мяне былі кропкі на Ждановіцкім рынку, іх таксама закрылі, і заставалася апошняя гэтая, якой ужо таксама няма.

Дамову са мной фармальна скасавалі за тое, што была запазычанасьць за арэнду. Але рэальнасьць была такая, што пасьля кожнай акцыі, у якой я браў удзел, да адміністрацыі рынку прыходзілі людзі ў цывільным і даводзілі, што ад мяне трэба пазбавіцца. І цяпер, пасьля акцыі на плошчы Незалежнасьці, таксама прыходзілі і размаўлялі. Таму ня ведаю, расправа гэта ці не, але па часе ўсё супадае».

Ці будзе Алесь Макаеў працягваць прадпрымальніцкую дзейнасьць, ён ня ведае. Кажа, што адназначна будзе шукаць працу, бо трэба ўтрымліваць сям’ю. У Макаева на ўтрыманьні жонка і 15-месячная дачка. Пра імаверныя прычыны ціску на яго Алесь Макаеў кажа:

«Гэта без камэнтароў. Але адзначу, што цяпер ідуць праблемы з усімі рынкамі, не аднаму мне кепска».

11 студзеня на форуме прадпрымальнікаў у Менску, які праводзіла прадпрымальніцкая арганізацыя «Пэрспэктыва», Алесь Макаеў заклікаў рынкавых гандляроў да больш рашучых акцыяў пратэсту супроць увядзеньня абавязковых сэртыфікатаў на прадукцыю, якой гандлююць на рынках. Тады арганізатары форуму папрасілі Алеся Макаева выйсьці з залі, каб «не палітызаваць сытуацыю».

Алесь Макаеў працягвае лічыць, што праблемы дробных прадпрымальнікаў ня вырашацца без актыўных пратэстных дзеяньняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG