Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Бяляцкі: Мы чакаем ад ЭЗ і ЗША ціску на беларускія ўлады


Беларусь і Казахстан сталі галоўнымі тэмамі дыскусіі, арганізаванай у Вашынгтоне праваабарончай арганізацыяй «Freedom House». Пра гэта паведамляе «Голас Амерыкі».

«Перашкоды або прыступкі для грамадзянскай супольнасьці ў Эўразіі. Важныя галасы зь месцаў падзей» — пад такой назвай прайшло абмеркаваньне, на якім экспэртамі выступілі кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі зь Беларусі і Яўген Жоўціс — кіраўнік Міжнароднага бюро правоў чалавека і вяршэнства права з Казахстану.

Экспэрты занялі розныя пазыцыі ў ацэнцы пэрспэктыў станоўчых зьменаў для грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі і Казахстане. Алесь Бяляцкі адзначыў, што патэнцыял для зьменаў у Беларусі вельмі высокі: дзейнічаюць незалежныя НДА, сродкі масавай інфармацыі, прафсаюзы. Пры гэтым праваабаронца выказаў упэўненасьць, што зьмены ня прыйдуць ад уладаў: «аўтарытарызм падобны ўсюды і ня будзе сам сабе капаць яму».

Алесь Бяляцкі зьвярнуў увагу, што Беларусь варта прылічваць не да Эўраазіяцкага рэгіёну, а разам з Малдовай і Ўкраінай — да рэгіёну Эўропы. Будучыню Беларусі будуць вызначаць беларусы, і кірунак гэтага выбару натуральным чынам паказвае на Захад. Праваабаронца ўпэўнены, што беларусы выберуць заходні вэктар.

У сваю чаргу Жоўціс адзначыў, што ў Казахстане зарэгістраваныя і дзейнічаюць 20 тысяч НДА. Разам з тым, падкрэсьліў ён, абсалютная іх большасьць — гэта падначаленыя структуры. Больш за тое, яны не складаюць сапраўдную грамадзянскую супольнасьць.

Адказваючы на пытаньні пра дынаміку стасункаў паміж Захадам і Беларусьсю, Алесь Бяляцкі выказаў расчараваньне тым, што санкцыі ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі былі прыпыненыя. І гэта пры тым, што выстаўленыя Захадам умовы не былі выкананыя, за выключэньнем вызваленьня палітвязьняў.

«Мы чакаем і ад ЭЗ, і ад ЗША працягу ціску на беларускія ўлады з мэтай пашырэньня дэмакратычнай прасторы і свабоды ў Беларусі, — заявіў беларускі праваабаронца. — Беларускія ўлады больш маюць патрэбу ў добрых стасунках з ЗША і ЭЗ, чым наадварот. Эканамічны крызіс, недавер паміж Беларусьсю і Расеяй, недахоп альтэрнатыў прымушаюць улады шукаць кропку апоры на Захадзе».

У пошуку фінансаваньня беларускія ўлады цяпер вядуць перамовы з МВФ. І тут вельмі важна, як адзначыў Бяляцкі, «каб гэтыя грошы не пайшлі на ўмацаваньне рэжыму, а былі накіраваныя на структурныя эканамічныя зьмены, цесна зьвязаныя з грамадзка-палітычнымі зьменамі».

Што тычыцца непасрэдна ЗША, то Бяляцкі нагадаў пра тое, што ёсьць Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, дзе прапісаны сем патрабаваньняў да беларускага ўраду ў паляпшэньні сытуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй. Пры гэтым толькі адзін пункт выкананы, зьвярнуў увагу праваабаронца. Ён заклікаў дамагацца выкананьня астатніх шасьці ўмоў.

Паводле Алеся Бяляцкага, гэтыя шэсьць месяцаў рэжыму зьмякчэньня санкцый могуць стаць выпрабаваньнем, наколькі беларускія ўлады гатовыя да раўнапраўнага супрацоўніцтва, наколькі яны гатовыя выконваць свае міжнародныя абавязаньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG