Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Анісім: «Я ні ў якім разе не фэміністка»


Алена Анісім: «Я ні ў якім разе не фэміністка»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:11:16 0:00
Наўпроставы лінк

Намесьніца старшыні ТБМ, патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта Алена Анісім апавяла, хто будзе зьбіраць подпісы за яе вылучэньне, чаму кангрэс «За незалежнасьць» адмовіўся «легчы пад Някляева», што яна думае пра фэмінізм і фэміністак і што адкажа тым, хто абвінаваціць яе ў змове з уладай.

— Алена, іншыя патэнцыйныя прэтэндэнты ад дэмакратычных сілаў ужо разгарнулі даволі буйную актыўнасьць. Тацяна Караткевіч езьдзіць па краіне, Анатоль Лябедзька дае інтэрвію і праводзіць онлайн-канфэрэнцыі, а вы, як выглядае, усё чакаеце, калі вас нехта абвесьціць прэтэндэнтам. Дзе ваша актыўнасьць?

— Насамрэч я не маўчу, і працаваць я пачала яшчэ год таму, калі мы разам з Алегам Трусавым у сваім артыкуле ў «Народнай Волі» абвясьцілі, што пачынаем гэтую кампанію. Для нас было важна абазначыць, што ў сілу геапалітычнай абстаноўкі, якая склалася ў сьвеце, для Беларусі самае галоўнае — гэта захаваньне сваёй незалежнасьці. На сёньня ў нашым палітычным полі ніякім чынам не абазначаныя патрыятычныя сілы. Аб’яднаньнем такіх сілаў мы і займаліся.

— Ну вось якраз такая палітычная сіла, якая выступае за незалежнасьць і беларускасьць, нядаўна і зьявілася — гэта рух Уладзімера Някляева. Але калі Някляеў у нядзелю прапанаваў вашаму кангрэсу «За незалежнасьць» аб’яднацца, то ў старшыні ТБМ Алега Трусава гэта ня выклікала вялікага аптымізму. А ваша стаўленьне?

— У мяне гэта таксама ня выклікала аптымізму. Перш за ўсё, гэта позна рабіць. Някляеў на Кангрэс у канцы 2014-га не прыйшоў, у аргкамітэт не ўвайшоў, а цяпер прапаноўвае аб’яднацца. Калі казаць сур’ёзна, то стварэньне руху — гэта вялікая праца, не на адзін месяц. Займацца гэтым зараз — гэта няправільна.

— Проста вы казалі, што не відаць тых сілаў, якія выступаюць за беларускасьць, за незалежнасьць. І, здаецца, з гледзішча прынцыпаў, ідэалёгіі менавіта рух Някляева найбліжэй да вас, ці ня так?

— Ён найбліжэй, так. Але сама працэдура таго, як спадар Уладзімер прапанаваў гэта сходу... Калі казаць сур’ёзна, то стварэньне руху павінна мець дакладныя задачы, стратэгію, тактычныя крокі, каб грамадзтва ведала, дзеля чаго гэта робіцца.

— Калі казаць цынічнай журналісцкай лексыкай — то Някляеў, відаць, хацеў, каб Кангрэс, што называецца, «лёг» пад ягоны рух. Ну, а вы, магчыма, хацелі, каб наадварот — рух Някляева ўліўся ў Кангрэс. Ці ня ў гэтым праблема?

— Не. Пытаньне ня ў гэтым. Калі мы засноўвалі Кангрэс, мы ішлі паступова, і мы дзейнічаем згодна з плянам, сцэнарам. Мы абазначылі, што ў грамадзтве ёсьць патрыятычныя сілы, людзі ў кожным рэгіёне, гатовыя ахвяраваць сваім часам, сродкамі, каб у неабходны час паўстаць на абарону незалежнасьці. Не палітыкі, а менавіта простыя людзі — што і паказаў Кангрэс.

— Дык усё ж давайце вызначымся з вашым кандыдацтвам. Астатнія апазыцыйныя кандыдаты ўжо фактычна распачалі сваю кампанію, а вы, калі я не памыляюся, дагэтуль канкрэтна з заявай пра сваё вылучэньне так і ня выступілі.

— Заява ёсьць. Мы зьбіраем ініцыятыўную групу, каб зьбіраць подпісы грамадзян за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты. Бо без шырокай і вялікай каманды сёньня набраць рэальныя подпісы немагчыма. Таму і прагучала маё жаданьне сабраць дзьве тысячы чалавек у ініцыятыўную групу.

— Хто ў вашай камандзе, якія арганізацыі? Ці проста асобныя людзі?

— Асобныя людзі, простыя грамадзяне, зь якімі я працавала ў грамадзкім сэктары. Ці тыя, з кім я пазнаёмілася падчас паездак па рэгіёнах. Бо я часта выяжджаю, і ў нашы арганізацыі ТБМ, і проста на сустрэчы з рэгіянальнымі актывістамі.

— А ваша родная ТБМ будзе вас падтрымліваць як арганізаваная структура?

— Як структура — мы ня ставілі такой задачы. Бо ТБМ займаецца грамадзкай дзейнасьцю, а не палітычнай. Таму мы не хацелі падстаўляць арганізацыю, скажам шчыра. Але актывісты ТБМ могуць удзельнічаць як грамадзяне ў кампаніі.

— Онлайн-канфэрэнцыя з Тацянай Караткевіч была названая «Жанчына супраць Лукашэнкі». Як вы зьбіраецеся выкарыстоўваць гендэрны аспэкт у сваёй кампаніі? Ці лічыце вы, што ён дапаможа, бо не было яшчэ ў гісторыі Беларусі жанчыны — кандыдаткі ў прэзыдэнты?

Спэкуляваць на тым, што я жанчына — не хачу і ня буду

— У сваёй дзейнасьці я ніколі не спэкулявала тым, што я жанчына. Я лічу, што ў нашым сьвеце, дзе ўлада належыць мужчынам, гэта якраз слабы момант. Таму мая задача — прыводзіць слушныя аргумэнты, праводзіць у жыцьцё тыя ідэі, у якія я веру і якія прапаноўваю ўсім. Спэкуляваць на тым, што я жанчына — не хачу і ня буду. Для мяне важна, каб перамагла Беларусь і ўлада стала прабеларускай.

— Ці можаце вы самі назваць сябе фэміністкай?

— Ні ў якім разе. Я чалавек, я жанчына.

— Але фэміністкі скажуць, што любы прагрэсіўны чалавек павінен быць фэміністам. А хто не фэмініст, той не разумее важнасьці гендэрнага пытаньня.

— Можа і так. Няхай будзе, што я не разумею гэтага пытаньня. Ведаеце, я вырасла ў больш мужчынскім асяродзьдзі. У нас у сям’і ў бацькоў было трое дзяцей — два сыны і я, меншая дачушка. У мяне ў сям’і — так атрымалася — тры сыны. Таму я вымушана жыць увесь час у пагадненьні, у раўнавазе з мужчынамі.

— На гэтых выбарах, як ніколі раней, вельмі моцна гучаць галасы тых палітычна актыўных людзей, хто заклікае ня браць удзел у выбарах. Тых, хто ідзе на выбары, называюць ледзь ня здраднікамі. Кажуць, што яны гуляюць па сцэнары ўлады. Што б вы адказалі гэтым людзям, як вы дакажаце, што вы не ў хаўрусе з уладай?

— Калі нехта будзе намякаць, то няхай прывядуць доказы таго, што я дзейнічаю па нейкім чужым сцэнары. І тады гэта будзе на іхнім сумленьні. Я ўжо казала, што патрыятычныя сілы на сёньняшнім палітычным полі прысутнічаюць слаба. Але яны абавязаныя тут быць і даводзіць сваю пазыцыю. Каб гэта бачыла і чула і наша ўлада, і замежнікі, і тыя, хто хоча падзяліць Беларусь, адхапіць у яе кавалак. Вось я лічу гэта самым галоўным у гэтай кампаніі.

Youtube-вэрсія

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG