Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сынок, ты працуеш, як уся наша паліклініка», — доктар з Астраўца практыкуе ў Нямеччыне і выступае супраць АЭС у родным горадзе


Спэцыяліст-мэдык вышэйшай катэгорыі па захворваньнях дзяцінства і юнацтва Алег Віткоўскі вось ужо 30 гадоў вядзе ўласную практыку ў нямецкім Дуйсбургу. Нараджэнец Астраўца дзеліцца ўласнымі назіраньнямі за мутацыямі, выкліканымі радыеактыўным узьдзеяньнем, а таксама выказвае меркаваньне, навошта ўлады постсавецкіх дзяржаў хаваюць праўду пра рэальныя наступствы Чарнобылю.

Каб «узьляцець», трэба быць ці сябрам Пуціна, ці сваяком Лукашэнкі

Пасьля заканчэньня Гарадзенскага мэдычнага інстытуту Алег Віткоўскі праходзіў постдыплёмную практыку ў інтэрнатуры ў Лідзе, а пасьля яго разьмеркавалі ў шпіталь Наваельні Дзятлаўскага раёну. У 1980-м выехаў у Польшчу, працаваў дзіцячым лекарам у брыгадзе хуткай дапамогі. У 1985-м зьявілася магчымасьць паспытаць свае здольнасьці ў Нямеччыне. Паколькі, як кажа сам, Польшча толькі адыходзіла ад ваеннага становішча і ў «саўковы» сацыялізм вяртацца не хацелася, рызыкнуў і пераехаў у Дуйсбург. Цяпер мае там амбуляторыю, займаецца агульнай пэдыятрыяй:

Сыны Лукаш і Мацьвей

Сыны Лукаш і Мацьвей

«Лекары патрэбныя ўсюды, і калі немцы далі мне шанец, я паспрабаваў ім скарыстацца. Пачаў афармляць дакумэнты і паехаў. Магчыма, каб ведаў, што Польшча неўзабаве пачне так імкліва рушыць у Эўропу, не зьяжджаў бы. Але тады наўрад ці здолеў бы рэалізавацца і сам, і падняць сыноў. У выніку выхаваў двух навукоўцаў: адзін таксама лекар, другі матэматык у мэдыцыне, скончыў асьпірантуру ў Акадэміі навук у Вашынгтоне. Абодва працуюць у навукова-дасьледчых інстытутах. Думаю, што ні ў Менску, ні ў Маскве такое нават ня сьнілася б — вобразна кажучы, каб нечага дасягнуць, трэба быць ці сябрам Пуціна, ці сваяком Лукашэнкі, ці магнатам-алігархам. Проста немагчыма ўявіць, каб у той час некуды з-за жалезнай заслоны прабіўся б звычайны хлопец з Астраўца».

Як кажа спадар Алег, не пасьпеў ён толкам абжыцца на новым месцы, як 26 красавіка 1986-га здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Гэтая дата, па яго словах, найбольш выразна прадэманстравала ўсю розьніцу ў стаўленьні да наступстваў трагедыі на Захадзе і на Ўсходзе:

Фота ў рэзюмэ для працаўладкаваньня ў Нямеччыне

Фота ў рэзюмэ для працаўладкаваньня ў Нямеччыне

«У той жа дзень, як здарылася катастрофа, навіна прайшла па ўсіх нямецкіх мэдыяканалах. Я тут жа затэлефанаваў дадому ў Астравец, каб папярэдзіць бацькоў: „Тата, мама, не выходзьце на вуліцу, здарылася сурʼёзная аварыя!“ Бо ведаю ж, што 1 і 9 траўня абавязкова будуць дэманстрацыі, парады, а тым часам ветрам гэтую радыяцыю сюды-туды носіць. А мне мама адказвае: „Не, сыночак, у нас усё ціха, ніхто нічога не гаворыць, мабыць, нейкая ваша прапаганда“. Вось і дагуляліся ў маўчанку — вунь як усё выйшла. Калі зірнуць на радыелягічныя справаздачы, Беларусь практычна ўся — хіба за выключэньнем рэгіёну Лепеля, Полацку і крыху Берасьця, дзе адносна чыста — аказалася пакрыта радыяцыйным пылам».

Лічбы па пухлінах калясальныя — бяда, што наступствы хаваюць

У апошнія дні лютага Алег Віткоўскі браў удзел у прадстаўнічым кангрэсе мэдыкаў, які праходзіў у Бэрліне. Мерапрыемства было прысьвечана наступствам дзьвюх буйных тэхнагенных катастрофаў: 30 гадоў ад моманту аварыі ў Чарнобылі і 5 гадоў — у Фукусіме. Ініцыятарам форуму стала міжнародная арганізацыя «Лекары сьвету за папярэджаньне атамнай вайны». Выніковая справаздача заняла 80 старонак, і, не хавае эмоцыяў спадар Віткоўскі, нават ён, лекар са стажам, быў зьдзіўлены памерам бяды. «Усё нашмат горш, чым я нават мог сабе ўявіць», — падсумоўвае суразмоўца:

Канфэрэнц-заля Urania (Бэрлін)

Канфэрэнц-заля Urania (Бэрлін)

«Як раней савецкі ўрад, так і цяперашнія кіраўнікі ў Маскве, Менску, Кіеве намагаюцца хаваць рэальныя дадзеныя. Перакананы: „чорныя лічбы“ ў 2–3 разы большыя за агучаныя. Шмат па якіх парамэтрах узровень захворваньняў узрос у 50 разоў. Калі ў 1986-м па эндакрыннай сыстэме ў разьліку на 100 тысяч чалавек фіксавалася каля 100 захворваньняў, то на пачатку 1990-х стала ўжо 4–4,5 тысячы. Калі ўлічыць, што дасьледаваньне ахапіла пад мільён чалавек, трэба памножыць на 10 — то бок да 1995-га ў сярэднім 45 тысяч захварэлі толькі на хваробы эндакрыннай сыстэмы, асабліва шчытападобнай залозы. Цяпер 2016-ты, і не выключаю, што хворы кожны дзясяты. А што тычыцца пухлінаў, лічбы ўвогуле калясальныя. Бяда ў тым, што наступствы катастрофы не паказваюць, любым спосабам хаваюць».

Рэдкія астраўкі на тэрыторыі Беларусі, якія абмінула радыяцыя

Рэдкія астраўкі на тэрыторыі Беларусі, якія абмінула радыяцыя

Алег Віткоўскі спасылаецца на тое, што неўзабаве пасьля чарнобыльскай катастрофы ў Польшчы пачалі фіксавацца выпадкі мутацыяў — пры тым, што краіна да шэрагу пацярпелых не адносілася. Але ня можа быць, каб наступствы ў Польшчы былі горшыя, чым у Беларусі, якую радыеактыўнае воблака накрыла ледзь ня цалкам:

«Нядаўна сустракаўся з польскімі калегамі, якія расказвалі: пасьля 1986-га, калі я ўжо пераехаў у Нямеччыну, яны ўпершыню ў жыцьці сутыкнуліся з такой колькасьцю „цыклёпаў“, то бок аднавокіх дзяцей. Мой сябра тады працаваў у Сылезіі, на поўдні Польшчы, і кажа: фіксавалася так шмат „цыклёпаў“, што было проста страшна. Калі дагэтуль раз на 10–15 гадоў адзін мутант нараджаўся, то пасьля Чарнобылю — адразу ў вялікай колькасьці, у некалькіх гарадах. Яўна, што гэта былі мутацыі, наўпрост зьвязаныя з радыяцыйным узьдзеяньнем. Дык гэта ў Польшчы, а я ўяўляю, колькі было такіх выпадкаў у Беларусі, ва Ўкраіне. І гэта хавалі! Мне потым прызнаваліся: да таго даходзіла, што не паказвалі немаўля бацькам — нібыта памерла. Маці нават ня ведала — нармальнае было дзіцё, ненармальнае. Проста выкідыш, ды ўсё».

Удзельнікі канфэрэнцыі перад мапай атамных станцыяў

Удзельнікі канфэрэнцыі перад мапай атамных станцыяў

З уласнага досьведу спадар Віткоўскі памятае, што за савецкім часам лекараў прымушалі пісаць «ліпавыя» дыягназы ці прычыны сьмерці, калі нейкая хвароба ці паталёгія магла сапсаваць статыстыку. Нешта падобнае было і зь ім, калі ён знайшоў ганарэю... у 5-гадовай дзяўчынкі. Гісторыю хваробы перапісалі, нават не паставіўшы яго ў вядомасьць.

Суразмоўца зазначае, што рост статыстыкі агульных захворваньняў характэрны для ўсёй Эўропы, але гэтыя лічбы прынамсі не замоўчваюцца. «Перадусім гэта тычыцца анкалёгіі, хваробаў крыві, псыхічных расстройстваў. Уся статыстыка ў вольным доступе», — кажа лекар.

Аварыя на Фукусіме прысьпешыла закрыцьцё АЭС у Нямеччыне

Некалькі гадоў таму Алег Віткоўскі прыяжджаў у Беларусь і нават далучыўся да актывістаў кампаніі «Астравецкая атамная — гэта злачынства». З аднаго боку, кажа, баліць за родныя мясьціны, зь іншага — няма ніякай гарантыі, што расейцы пад прыкрыцьцём АЭС ня ўзводзяць абʼект зусім іншага прызначэньня:

Карта радыяцыйнага забруджаньня Беларусі

Карта радыяцыйнага забруджаньня Беларусі

«Немцы свае станцыі зачыняюць, а расейцы спадзяюцца рабіць бізнэс, перакідваючы электраэнэргію ў Эўропу. Але праблема ўжо з самімі нарматывамі — напрыклад, на такой блізкай адлегласьці ад межаў іншай дзяржавы падобныя абʼекты будаваць нельга. 40 кілямэтраў да Вільні, пра што казаць! Калі я сустракаўся з вашымі калегамі-журналістамі, астравецкай апазыцыяй (а сярод іх інжынэры, будаўнікі, наагул граматныя людзі), яны спрабавалі дабіцца: што гэта за абʼект, як будуецца, якія нарматывы? Ніхто зь імі ня стаў нават размаўляць. Не падпусьцілі, не паказалі. Праходзіць як атамная станцыя, а што за кулісамі — гэта яшчэ пытаньне».

Беларусь у асяродку радыяцыйнага забруджаньня

Беларусь у асяродку радыяцыйнага забруджаньня

Адрозна ад кіраўніцтва Беларусі, заходнія краіны ўсё больш выразна пачынаюць адчуваць пагрозы, якія нясе «мірны атам». Як удакладняе доктар Віткоўскі, пераломным момантам стала аварыя на японскай Фукусіме, пасьля якой атамная энэргетыка ў Нямеччыне перастала лічыцца стратэгічнай:

«Пасьля Фукусімы ўвогуле паскорылі тэмпы закрыцьця атамных станцыяў — да 2021 году па ўсёй Нямеччыне плянуецца спыніць блізу двух дзясяткаў абʼектаў. То бок будуць іх выкарыстоўваць толькі пад навуковыя мэты — для навучаньня пэрсаналу, для падрыхтоўкі кадраў, якія, зноў жа, потым будуць закрываць тую ці іншую станцыю. Немцы ў гэтым сэнсе вельмі пасьлядоўныя і робяць усё грунтоўна. Справа ў тым, што проста павесіць замок на браму АЭС нельга. Каб спыніць такі складаны мэханізм, патрабуецца 10–15 і нават больш гадоў. Ня так проста, як можа падавацца».

Нямецкае грамадзтва ў масе сваёй выступае за згортваньне непрадказальных энэргетычных абʼектаў, якія, калі верыць мэдычным заключэньням, прыносяць шкоду ўжо самім фактам свайго існаваньня. Пра гэта, кажа Алег Віткоўскі, гаварылася і на кангрэсе «Лекары сьвету за папярэджаньне атамнай вайны»:

Удзельнікі канфэрэнцыі папярэджваюць: радыяцыя забівае

Удзельнікі канфэрэнцыі папярэджваюць: радыяцыя забівае

«Прафэсары, сьвяцілы навукі казалі: калі сумясьціць, як некалі ў школе, чыстыя контурныя карты з адрасамі атамных станцыяў, мы атрымаем нечаканую эпідэміялягічную мапу (найперш па анкалёгіі і хваробах крыві). Вельмі дзіўным чынам фокусы гэтых захворваньняў супадаюць зь месцам дысьлякацыі АЭС. Пры тым, што калі падыйсьці да абʼекта з дазымэтрам і пачаць замяраць, ён не зашкальвае, паводзіць сябе спакойна. То бок непасрэднага выпраменьваньня як быццам няма. Значыць, ёсьць нешта, што выходзіць за рамкі нашых рэцэптараў — нейкія іншыя энэргетычныя фэномэны, на ўзроўні якіх жартаваць з атамам небясьпечна».

Амбасадар беларускай культуры ў Дуйсбургу

Днямі Беларусь наведаў кіраўнік атамнага ведамства МАГАТЭ Юкіё Амана. Чыноўнік ухваліў высілкі Беларусі дзеля будоўлі АЭС і адзначыў беларускі праект як «адзін з самых пасьпяховых у сьвеце». Алег Віткоўскі лічыць падобныя заявы досыць безадказнымі, асабліва з вуснаў японца:

Беларусь прыняла асноўны цяжар аварыі на ЧАЭС

Беларусь прыняла асноўны цяжар аварыі на ЧАЭС

«Я яму хацеў бы нагадаць, што Фукусіма ў Японіі была збудаваная з разьлікам на самы моцны землятрус, які быў вядомы ў рэгіёне. І ўсё роўна, паводле закону подласьці, адбыліся штуршкі, на адну катэгорыю вышэйшыя, чым закладзеныя нормы. У выніку ўсё разбурылася. Нават зыходзячы з досьведу Японіі, ніхто і ніякіх гарантыяў даваць ня можа. Тым больш адносна атамнай станцыі ў маім родным Астраўцы».

Алег Віткоўскі ня цешыць сябе ілюзіямі, што ва ўмовах закулісных зьдзелак паміж Масквой і Менскам нехта можа спыніць будоўлю БелАЭС. Не выключае, што каб грамадзкая думка была больш акрэсьленая, улады былі б вымушаныя зь ёю лічыцца. Аднак публічных пратэстаў фактычна не было.

Алег Віткоўскі. Гарадзеншчына, пачатак працоўнага шляху

Алег Віткоўскі. Гарадзеншчына, пачатак працоўнага шляху

Тым часам тры дзясяткі гадоў і некалькі тысяч кілямэтраў ад радзімы не зрабілі Алега Віткоўскага раўнадушным назіральнікам. Кажа, што ў душы ён па-ранейшаму беларус, якому зусім не абыякава, што адбываецца дома:

«У мяне душа баліць за Беларусь. Па вялікім рахунку я лічу сябе касмапалітам, грамадзянінам сьвету. Але калі недзе чую „Беларусь“, сэрца шчыміць. Афіцыйна я грамадзянін Нямеччыны, грамадзянін абʼяднанай Эўропы, але беларус. Гэта вельмі важна. Ня проста там дзіцячы доктар з Дуйсбургу, а лекар-беларус, якія працуе ў Нямеччыне і па-ранейшаму мае імпэт да Радзімы. Нават са сваімі пацыентамі, немцамі, стараюся працаваць як „асьветнік“, то бок як гэткі амбасадар беларускай культуры. Калі немцы пытаюцца, адкуль я, кажу, што беларус, што ёсьць такая краіна на ўсходзе Эўропы — 2/3 Нямеччыны па тэрыторыі і пад 10 мільёнаў насельніцтва. Многія шчыра зьдзіўляюцца, бо так далёка не зазіраюць».

Алег Віткоўскі: прывітаньне з Дуйсбургу

Алег Віткоўскі: прывітаньне з Дуйсбургу

Суразмоўца кажа, што любіць сваю працу і прысьвячае ёй фактычна ўвесь час. Пры гэтым ня пэўны, што з такім жа імпэтам ставяцца да справы ягоныя беларускія калегі:

«Калі тата з мамай былі ў мяне ў гасьцях, яны прыйшлі, паглядзелі, як я працую — у колькі ўстаю, у колькі вяртаюся дадому, колькі перада мной лістоў, на якія трэба адказаць, колькі дыягназаў трэба выпісаць — мама ня вытрымала і сказала: „Сынок, дык ты працуеш, як уся наша астравецкая паліклініка“ (сьмяецца). Сапраўды, у мяне вялікі прыём, шмат бывае дзяцей — і па 40, і па 60, а то і па 70 на дзень. Таму а 8-й раніцы прыходзіш і толькі праз 12 гадзін вяртаесься дадому. Працы хапае. Але гэта і добра», — падсумоўвае беларускі лекар з Дуйсбургу Алег Віткоўскі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG