Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міністар юстыцыі Алег Сьліжэўскі: Тыя, каго мы не зарэгістравалі, вінаватыя самі


Алег Сьліжэўскі

Алег Сьліжэўскі

Ніводная палітычная партыя не была зарэгістраваная ў Беларусі ў 2014 годзе. За мінулы год рэгістрацыю атрымалі 75 грамадзкіх аб’яднаньняў, але сярод іх не было ніводнага, якое б прылічвала сябе да апазыцыі. Зьвесткі пра рэгістрацыю грамадзкіх арганізацыяў паведаміў міністар юстыцыі Алег Сьліжэўскі на прэсавай канфэрэнцыі, якая прайшла 17 лютага ў Нацыянальным прэсавым цэнтры. Пры гэтым міністар не пагадзіўся з думкаю, што міністэрства не рэгіструе апазыцыйныя партыі ці грамадзкія арганізацыі наўмысна.

​«Не, няма, вядома, забароны на рэгістрацыю таго ці іншага віду грамадзкай арганізацыі ці партыі. Ёсьць законы аб грамадзкіх аб’яднаньнях і палітычных партыях, у якіх ёсьць дакладны пералік падстаў для адмовы. І гэтае рашэньне аб адмове можа быць абскарджанае ў судзе. У 2014 годзе ў Мін’юст зьвярталася па рэгістрацыю Беларуская камуністычная партыя працоўных, і ёй у сакавіку адмовілі ў рэгістрацыі. Назаву прычыны. Па-першае, у яе не аказалася той колькасьці чальцоў, якая прадугледжаная законам. Сёньня патрэбна 1000 чалавек заснавальнікаў ад большасьці абласьцей і Менску. Няма такой колькасьці — няма падстаў для рэгістрацыі. Другое — падчас шэрагу сходаў па выбарах дэлегатаў на ўстаноўчы зьезд брала ўдзел меншая колькасьць заснавальнікаў, чым гэта было заяўлена», — паведаміў Алег Сьліжэўскі.

Што азначае працэдура рэгістрацыі ў Мін’юсьце, добра ведаюць актывісты структуры «Маладыя дэмакраты» пры Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Арганізацыя тройчы спрабавала зарэгістравацца ў Мін’юсьце як грамадзкае аб’яднаньне. Апошняя спроба, таксама марная, была ў 2013 годзе. Лідэр «Маладых дэмакратаў» Аляксандра Васілевіч з атрыманага досьведу мяркуе, што да рэгістрацыі арганізацыяў рознага палітычнага кірунку ў Мін’юсьце ставяцца не аднолькава.

«Мяркую, умовы для рэгістрацыі праўладных грамадзкіх арганізацыяў і апазыцыйных, незалежных адрозьніваюцца. Так, Мін’юст перад рэгістрацыяй дае месяц на выпраўленьне памылак. Але рэальна, як мы заўважылі, такая магчымасьць даецца толькі праўладным арганізацыям. Вось як мы спрабавалі зарэгістравацца, то празь месяц нам прыйшоў адказ, што нам адмовілі, бо гэткія памылкі. Так, мы ў нечым памыліліся. Спрацаваў чалавечы фактар — калі складаўся сьпіс арганізатараў, то памыліліся ў пазначэньні некаторых дат нараджэньня. Гэта можна было лёгка выправіць, але нам такой магчымасьці не далі».

У сакавіку 2015 году маладыя дэмакраты з АГП плянуюць правесьці новы ўстаноўчы сход і паспрабаваць зноў зарэгістравацца. «Паглядзім, ці прыдумаюць яны гэтым разам што-небудзь, каб нам адмовіць. Калі адмовяць зноў, будзем разглядаць два варыянты: ці рэгістрацыя за мяжой, ці рэгістрацыя не як грамадзкай арганізацыі. Але ў такім выпадку менш магчымасьцяў для працы», — кажа Аляксандра Васілевіч.

Летась Камітэт правоў чалавека ААН разгледзеў скаргу на адмову ў рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня «За справядлівыя выбары» і даслаў беларускаму ўраду сваё рашэньне, паводле якога адмова была незаконная і арганізацыю варта зарэгістраваць. Рашэньне дагэтуль ня выкананае. Больш за тое, актывісты «За справядлівыя выбары» за час разгляду скаргі даслалі ў ААН яшчэ адну скаргу, таксама на чарговую адмову. Нядаўна актывісты «За справядлівыя выбары» правялі сход, цяпер рыхтуюцца дакумэнты на рэгістрацыю. Сустаршыня арганізацыі Віктар Карняенка, аднак, мяркуе, што шанцы дамагчыся гэтага ў год выбараў — мінімальныя.

Гэта агульная тэндэнцыя ў краіне — забараніць грамадзкую дзейнасьць, якая не кантралюецца ўладай. Таму і няма ніякіх спадзяваньняў, што зарэгіструюць.

«Гэта агульная тэндэнцыя ў краіне — забараніць грамадзкую дзейнасьць, якая не кантралюецца ўладай. Таму і няма ніякіх спадзяваньняў, што зарэгіструюць. Пры адзінай умове — калі ня зьменіцца палітычная каньюнктура. Калі гэта ня будзе для ўлады дорага каштаваць. Прыкладам, калі коштам ня будзе яшчэ большае пагаршэньне адносінаў з Эўропай і гэтак далей».

Мэтад, з дапамогай якога Мін’юст адмаўляе грамадзкім арганізацыям у рэгістрацыі, Віктар Карняенка параўнаў зь «дзеяньнямі з-за рога»: «Нібыта ў апошні момант знаходзяць дробную памылку, якую можна было б выправіць за пяць хвілін, і тады паведамляюць, што адмовілі ў рэгістрацыі. Гэта такая жалезабэтонная пазыцыя Мін’юсту — не рэгістраваць. Магу тое ж сказаць ня толькі на гэтым прыкладзе. За апошні час ліквідавалі тры грамадзкія арганізацыі, якія я ўзначальваў».

У 2014 годзе не атрымала рэгістрацыі праваабарончая арганізацыя «Пакт». Шмат гадоў марна спрабавала зарэгістравацца партыя «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», лідэры якой у выніку абвясьцілі, што далей будуць дзейнічаць без рэгістрацыі. У 2009 годзе пасьля дзьвюх за год адмоў падобную заяву зрабілі і праваабаронцы незарэгістраванай праваабарончай арганізацыі «Вясна».

XS
SM
MD
LG