Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі сыбірак хоча зрабіць пабрацімамі Віцебск і Іркуцк


Алег Рудакоў

Алег Рудакоў

Руплівец беларускага руху з расейскай Сыбіры Алег Рудакоў апантаны ідэяй надаць статус гарадоў-пабрацімаў Іркуцку і Віцебску. Паміж дзьвюма мясьцінамі гістарычныя повязі вядуцца яшчэ ад пачатку асваеньня сыбірскіх земляў літвінскімі перасяленцамі. Шмат нараджэнцаў Віцебшчыны былі сасланыя на ўсход пасьля паўстаньня 1863 году. Некаторыя потым сталі навукоўцамі, вядомымі на ўвесь сьвет.

Заснавальнік Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, цяпер актывіст моладзевага клюбу «Крывічы» Алег Рудакоў сам нарадзіўся на Віцебшчыне і пра збліжэньне паміж гістарычнай радзімай і цяперашнім месцам жыхарства марыць ужо не адзін год:

«Першае і самае галоўнае: я гэтую ідэю выношваю ўжо даўно. Насамрэч Віцебск і Іркуцк гістарычна вельмі моцна зьвязаныя. Трывалая ўзаемаповязь пачалася ў ХІХ стагодзьдзі і нават раней. Яшчэ ад XVII стагодзьдзя вядома пра паселішча каля Усьць-Ілімскага астрогу ў Іркуцкай губэрні пад назвай Літвінцава. Ёсьць зьвесткі, што гэта былі перасяленцы акурат зь Віцебскага рэгіёну. Паколькі ідэнтыфікавалі яны сябе літвінамі, то адпаведна назвалі і новую вёску. На жаль, да сёньняшняга дня паселішча не захавалася: калі збудавалі Усьць-Ілімскую ГЭС, яно было затопленае, людзі расьсяліліся па ўсёй цяперашняй Іркуцкай вобласьці. То бок ёсьць шэраг рэальных прыкладаў, якія паказваюць гістарычныя сувязі паміж Прыбайкальлем і той жа Віцебшчынай, асобна паміж гарадамі Іркуцкам і Віцебскам. Тут і Ян Чэрскі, і Мікола Віткоўскі — знакамітыя на ўвесь сьвет навукоўцы. Тут і Маўра Чэрская, якая пасьля сьмерці мужа прыехала ў Віцебск, доўгі час жыла ў горадзе (ажно да 1939 году), той дом захаваўся да сёньня. І яшчэ шмат-шмат іншых момантаў».

Макет помніка Яну Чэрскаму ў моладзевым клюбе «Крывічы»

Макет помніка Яну Чэрскаму ў моладзевым клюбе «Крывічы»

Ян Чэрскі — адзін з самых вядомых дасьледчыкаў геалягічнай будовы Байкала, паходзіць з маёнтку Свольна Віцебскай губэрні. Яго імем названы шэраг геаграфічных аб’ектаў. Яшчэ адзін прадстаўнік Віцебшчыны — археоляг Мікалай Віткоўскі, ён знайшоў на тэрыторыі Сыбіры пахаваньні эпохі нэаліту, абвергшы думкі пра яе незаселенасьць у каменным веку. Ня меншыя заслугі перад навукай мае і віцебскі батанік Канстанцін Жэброўскі. Усе яны былі сасланыя ў Сыбір за ўдзел у антырасейскім паўстаньні 1863 году пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, але знайшлі ў сабе сілы ня толькі не скарыцца, а і заняць пачэснае месца ва ўсясьветнай навуцы.

Від на Байкал і на выток Ангары з каменя Чэрскага

Від на Байкал і на выток Ангары з каменя Чэрскага

Гэтыя прозьвішчы добра вядомыя любому школьніку сыбірскага рэгіёну, але мала што кажуць сучасным беларусам. Выправіць такі прыкры стан рэчаў — адна з мэтаў Алега Рудакова:

«Дагэтуль я гэтую ініцыятыву прасоўваў, можа, ня так настойліва, але цяпер настаў момант, як кажуць, з катэгорыі спрыяльных. У Іркуцку да ўлады прыйшло новае кіраўніцтва — новы, малады, энэргічны мэр, які ўжо выказаў зацікаўленасьць у такім супрацоўніцтве. Нейкі час таму я напісаў пэрсанальны ліст кіраўніку гораду, і неўзабаве мне ў вуснай форме пераказалі, што падобная ініцыятыва вітаецца. Пасьля гэтага я атрымаў афіцыйны ліст на свой запыт, у якім адміністрацыя дакумэнтальна пацьвердзіла: ідэя мае права на жыцьцё і яны згодныя яе разглядаць. Зразумела, што гэта чыноўнікі, і яны выказваюцца не зусім канкрэтна, як хацелася б: маўляў, клясна, пачынаем працаваць у гэтым кірунку. Найперш, яны хочуць пачакаць і даведацца рэакцыю Віцебскага гарвыканкаму на гэтую ініцыятыву. Калі беларускія калегі таксама выкажуць папярэднюю згоду, тады, магчыма, пойдуць афіцыйныя лісты з адміністрацыі гораду Іркуцку у гарвыканкам Віцебску».

Мэр Іркуцку Дзьмітры Берднікаў і лідэр беларускай дыяспары ў Іркуцку Алег Рудакоў

Мэр Іркуцку Дзьмітры Берднікаў і лідэр беларускай дыяспары ў Іркуцку Алег Рудакоў

Ужо пасьля нашай размовы спадар Рудакоў паведаміў, што днямі ён асабіста сустрэўся з іркуцкім мэрам Дзьмітрыем Берднікавым, які падтрымаў ідэю пабрацімства Іркуцку і Віцебску, паабяцаўшы максымальнае спрыяньне культурна-адукацыйным праектам.

Візыт да мэра адбыўся неўзабаве пасьля вяртаньня Алега Рудакова зь Беларусі. Езьдзіў ён пабачыцца з маці, якая жыве на Полаччыне, а заадно і правесьці дзелавыя перамовы. Усьцешаны, што гэтым разам удалося перамовіцца з кіраўніцтвам Віцебску, але крыху ашаломлены рэчышчам размовы: эканамічныя стасункі — перадусім, культура — другасная:

Маўра і Ян Чэрскія, Іркуцк, 1891 год

Маўра і Ян Чэрскія, Іркуцк, 1891 год

«У гэты прыезд я сустрэўся зь першым намесьнікам Віцебскага гарвыканкаму Валянцінам Цьвятковым. Мы зь ім паразмаўлялі. Безумоўна, як дзяржаўны чыноўнік ён найперш выказаў зацікаўленьне ў эканамічных стасунках, бо для Віцебску, як і для краіны наогул, пытаньне збыту тавару на тэрыторыі Расеі мае стратэгічнае значэньне. Я разумею, што ў Беларусі на складах назапашаны вялікі аб’ём прадукцыі, якую трэба збыць. Дзе? Ёсьць толькі адзін кірунак — на ўсход, у Расею. Безумоўна, мы гэтае пытаньне закранулі, хоць я адзначыў, што ў Іркуцку супраца ў эканамічнай галіне ўжо вядзецца. Так, у цэнтры гораду адчынена крама „Белвест“, дзе прадаецца менавіта віцебскі абутак. Асабіста я дапамагаю прадаваць аршанскі лён канцэрну „Беларускі лён“. То бок папярэднія стасункі наладжваюцца. Ці зможам мы іх разьвіць далей і глыбей — гэта пытаньне. Бо калі ў Беларусі ўсё вырашаюць вэртыкальшчыкі, якія аддаюць загад — і тавар пайшоў, то ў Іркуцку чыноўнікі на эканамічную сытуацыю амаль што не ўплываюць, гэта справа бізнэсу. Вось як самі прадпрымальнікі зацікавяцца прадукцыяй зь Беларусі, тады яе і будуць пастаўляць. Трэба весьці пэўную „адукацыйную“ працу, і то без гарантыі, што нешта з гэтага атрымаецца. Тым ня меней у Віцебску сказалі, што накіруюць мне камэрцыйныя прапановы, пасьля чаго мы зможам паразмаўляць і, магчыма, знойдзем магчымасьці пастаўляць беларускую (віцебскую) прадукцыю ў Іркуцк».

Спадар Рудакоў адзначае, што ідэя пабрацімства адпачатку нясе ў сабе культурніцкую місію: яна скіраваная на збліжэньне людзей, якія жывуць у розных геаграфічных пунктах. Тым больш што ў дадзеным выпадку такі крок будзе скіраваны на ліквідацыю шэрагу «белых плямаў», за якімі прыхаваныя лёсы незаслужана забытых нараджэнцаў віцебскай зямлі. На перакананьне Алега Рудакова, было б цалкам лягічна, каб на Віцебшчыне паўсталі помнікі знакамітым землякам, а ў Віцебску запрацаваў тэматычны музэй — балазе, адпаведная пляцоўка ўжо ёсьць:

Дом Маўры Чэрскай пасьля «эўрарамонту» ў 2013 годзе

Дом Маўры Чэрскай пасьля «эўрарамонту» ў 2013 годзе

«Для мяне на першым пляне ўсё ж не эканамічныя і тым больш не палітычныя стасункі, а культурна-асьветніцкая дзейнасьць. Было б цікава, каб на гастролі ў Іркуцк прыехаў тэатар Якуба Коласа, а іркуцкія тэатры зьезьдзілі ў Віцебск. Было б прыемна, каб сьпеўныя гурты мелі магчымасьць прыяжджаць у Прыбайкальле і наадварот. Мая мара — адчыніць у Віцебску музэй, прысьвечаны героям паўстаньня 1863 году, якія нарадзіліся на Віцебшчыне і якіх лёс закінуў у Іркуцк, дзе яны сталі знакамітымі навукоўцамі — тыя ж Ян Чэрскі, Мікола Віткоўскі. Пад гэтыя мэты найлепш пасаваў бы дом Маўры Чэрскай. Цяпер будынак належыць Віцебскаму гарвыканкаму, там знаходзіцца ўстанова культурнага характару; адтуль нікога ня трэба высяляць, там не жывуць людзі. То бок дастаткова простага рашэньня выканкаму, каб перавесьці аддзелы ў іншы будынак і ў вызваленым памяшканьні абсталяваць музэй. І тады гэта мела б асаблівы сэнс: у доме сібірачкі, якая нарадзілася ў Іркуцку, а пасьля сьмерці мужа пераехала ў Віцебск, стварыць такі музэй. Гэта дало б магчымасьць іркуцянам больш даведацца пра знакамітых беларусаў, а нам дапамагло б весьці сваю культурніцка-асьветніцкую дзейнасьць».

Імя Чэрскага ўвекавечана на краязнаўчым музэі ў Іркуцку

Імя Чэрскага ўвекавечана на краязнаўчым музэі ў Іркуцку

У ліку гарадоў-пабрацімаў Віцебску ўжо ёсьць два расейскія — Астрахань і Ліпецк. Сярод іншых «братоў» — армянскі Ванадзор, малдаўскі Бэльць, польская Зялёна Гура, а таксама кітайскія Цзінань і Харбін. Але візуальна пра гэтыя «кроўныя сувязі» ў абласным цэнтры нічога не нагадвае. Як лічыць Алег Рудакоў, выпадак з Іркуцкам мог бы стаць выключэньнем.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG