Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэжысэр Туровіч: Дзеячаў культуры падзялілі на «эліту» і «шлак»


Аляксей Туровіч

Аляксей Туровіч

Кінарэжысэр Аляксей Туровіч працягвае атрымліваць адпіскі зь дзяржаўных ведамстваў на просьбу назваць прычыны, дзеля якіх ягоная мастацкая стужка «Трэба жыць» не была ўключаная ў праграму сёлетняга кінафэстывалю «Лістапад».

«Прыйшоў адказ зь Міністэрства культуры — практычна аналягічны таму, як і тыдзень да гэтага з Цэнтру культуры візуальных і выканаўчых мастацтваў „Арт карпарэйшн“. Паўтараюць, што ў нацыянальным конкурсе ўдзельнічаюць поўнамэтражныя, сярэднемэтражныя і кароткамэтражныя ігравыя, дакумэнтальныя і анімацыйныя фільмы, створаныя за два апошнія гады беларускімі аўтарамі ў Беларусі і за яе межамі. А таксама тое, што ў выпадку пасьпяховага адбору дырэкцыя паведамляе аўтарам карцін пра іхні ўдзел у фэстывалі...

Я ўсе патрабаваньні вытрымаў: „Трэба жыць“ — абсалютна новая стужка, створана беларускай камандай і з удзелам беларускіх актораў. Але я ніяк не зразумею, чаму дырэкцыя не дае прэтэндэнтам на ўдзел у конкурсе інфармацыі аб прычынах, дзеля якіх іх фільм ня быў адабраны для ўдзелу ў конкурсе? Прабачце, тады навошта ствараць нейкую камісію, калі няма ніякай празрыстасьці, разуменьня мэханізму, паводле якога адбываецца адбор? Тым ня меней яны пішуць, што падставаў для перагляду рашэньня няма. Усё замацоўваецца подпісам: першая намесьніца міністра Дрыга».

Спадар Туровіч удакладняе, што некалькі месяцаў таму зьвяртаўся ў ведамства, прапануючы адразу два сцэнары ігравых фільмаў. Адзін прысьвечаны падзеям Першай усясьветнай вайны ў Беларусі, другі — лёсам людзей, якія ўдзельнічалі ў аўганскай ваеннай кампаніі. Адказы ідэнтычныя — адмова ў супрацоўніцтве без тлумачэньня прычыны:

«Сфармавалася непрабівальная бюракратычная машына, якая не дапускае да „кармушкі“ нікога, апроч патрэбных людзей. Ёсьць пара-тройка прыдворных дзеячаў, астатнія нікому не патрэбныя. Але ж дзяржава выдзяляе сродкі на тое, каб разьвіваліся ўсе, а ня толькі тыя, у каго ёсьць доступ да цела. Скажам, са сваім фільмам „Трэба жыць“ я зьвяртаўся да кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Давыдзькі. Чамусьці адмовілі, зноў жа, нічога не патлумачыўшы. Зьвяртаўся на АНТ — адмовілі, зьвяртаўся на СТВ — аналягічная карціна. Ужо быў нават згодзен прадставіць карціну ў парадку гуманітарнай дапамогі — вазьміце і проста так пакажыце, гэта ж наша, беларускае! Чаму сёньня няма на экранах айчынных фільмаў, а ўвесь эфір запаланілі расейскія сэрыялы? Прычыны такога ігнараваньня асабіста для мяне незразумелыя, можна толькі пра нешта здагадвацца».

Кадар зь фільму «Трэба жыць»

Кадар зь фільму «Трэба жыць»

Мастацкі фільм «Трэба жыць» зьняты паводле апавяданьня «Грэшніца» беларускага пісьменьніка, драматурга Анатоля Дзялендзіка. Сюжэт грунтуецца на рэальных падзеях, якія пасьля Другой усясьветнай вайны адбываліся ў Паставах на Віцебшчыне. Да пачатку 1960-х там дзейнічалі байцы Арміі Краёвай, якіх высочвала міліцыя. Сваю «вайну» вяла і маладая дзяўчына, галоўная гераіня карціны. Як удакладняе Аляксей Туровіч, агулам фільм — пра маральнасьць, пра тое, як важна берагчы культуру адносінаў.

У фільме здымаліся як прафэсіяналы, так і звычайныя людзі. У ролі «грэшніцы» — Віялета Сарвірава. Аднаго зь міліцыянтаў грае сам Аляксей Туровіч. У якасьці кінаартыстаў паспрабавалі сябе сьпявак Аляксандар Ціхановіч і камэдыйны актор Яўген Крыжаноўскі, якога акурат сёньня прадставілі да званьня заслужанага артыста Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG