Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Марачкін: Цёмную энэргію я вывальваю на палатно, ад яе пазбаўляюся, і мне тады лягчэй


Аляксей Марачкін
Аляксей Марачкін

30 сакавіка адзначае 75-гадовы юбілей Аляксей Марачкін, мастак, які ў 1989 годзе адмовіўся ад ганаровага званьня «народны мастак БССР».

30 сакавіка адзначае 75-гадовы юбілей Аляксей Марачкін, мастак, які ў 1989 годзе адмовіўся ад ганаровага званьня «народны мастак БССР», мастак, творы якога здымаюць з выставаў, арыштоўваюць. Радыё Свабода павіншавала юбіляра і распытала, над чым ён працуе цяпер.

— Як пачуваецеся ў юбілей?

— Ой, старэю. Але калі ў чалавека ёсьць самаіронія, то ўсё нармальна. Яна ў мяне, дзякуй Богу, ёсьць. Сёньня сьвята цёплага Аляксея, маці мяне нарадзіла на Аляксея — сьвятога Божага чалавека. Вось толькі што патэлефанаваў Ніл Сымонавіч Гілевіч, павіншаваў мяне зь «цёплым Аляксеем». Так жывем!

— А як сьвяткаваць будзеце?

— Сёньня а 18-й вечара ў «Арт-сядзібе» будзе імпрэза, дзе я пакажу творы, якія не былі дапушчаныя на апошнюю выставу.

— А сёлета будзе юбілейная выстава?

— Так, будзе. Па восені ў Палацы мастацтваў. Пакуль дакладныя даты назваць не магу, але будзе абавязкова — там пашумім, канечне. Я гэтым цэнзарам спакою не даю і ня дам.

— Спадар Аляксей, а вы ад самага пачатку былі іншадумцам, дысыдэнтам? Я гляджу на вашы раньнія творы — «На лесапавале», навеяны салжаніцынскім «Адным днём Івана Дзянісавіча», «Смаленьне чорнага кабана»...

— Ведаеце, мой бацька быў вясковым бібліятэкарам. Калі памёр Сталін — ніколі не забуду — ён сказаў: «Усё, лясьнецца ягоны аўтарытэт, і ўсё будзе па-іншаму». Дарэчы, бацька прайшоў усю вайну, быў узнагароджаны вельмі пачэсным ордэнам — Баявога Чырвонага Сьцяга. У апошнія месяцы вайны ўступіў у партыю. І вось калі я паступіў у Віцебскі інстытут, бацька мне кажа: «Ты, Аляксей, у гэтую партыю не ўступай, там адны зладзеі». Калі я вучыўся, сапраўды быў дысыдэнтам. І бацька мяне перасьцерагаў: «Ты сьціхні. А то ў турму дакладна трапіш». Яго словы спраўдзіліся. І на старасьці гадоў я трапіў — праўда, не на некалькі гадоў, а толькі шэсьць сутак пасядзеў на Акрэсьціна.

Гэта было 24 сакавіка 2008 году, напярэдадні 90-гадовага юбілею БНР. Шэсьце было дазволенае, я рыхтаваў афармленьне, малюю ў майстэрні. І тут маладзёны ў масках, ператрус. Забралі ўсё, нават харугву Таварыства беларускай мовы. А пасадзілі за тое, быццам бы лаяўся матам у Савецкім РУУСе... Мне самому цікава было: як гэта змагару ня трапіць на Акрэсьціна? Усе там пабывалі: і Валер Мазынскі, і Аляксандар Мілінкевіч — пальцаў ня хопіць пералічваць. Зь мяне яшчэ пасьмяяліся, кажуць: «Алесь Антонавіч, мы ж цябе выратавалі — заўтра хапун будзе, цябе б дакладна забралі, а ты ціхенька адсядзіш некалькі сутак».

Ператрус у майстэрні Марачкіна ў 2008 годзе
Ператрус у майстэрні Марачкіна ў 2008 годзе

Калі забіралі з майстэрні на Акрэсьціна, яшчэ жартавалі: «Художник, тебя как — с сиреной везти?» Я кажу: «Канечне, з музычным суправаджэньнем». Так і везьлі — адна машына наперадзе, у сярэдняй я, яшчэ адна ззаду. А на Акрэсьціна паставіліся з павагай: «„Художника“ каля парашы ня трэба, гэта паважаны чалавек». І дзякавалі — маўляў, калі сядзяць палітычныя, паёк лепшы даюць... Я потым паэму напісаў «Акрэсьціна», якая была надрукаваная ў «Нашай Ніве», а пазьней увайшла ў маю кнігу «Калодзеж у жыце».

— Спадар Аляксей, але ж арыштоўвалі ня толькі вас, але і вашы творы: «Звон Свабоды», карціны. Вы адседзелі свае 6 сутак і вызваліліся. А творы вызвалілі?

— У тым і справа, што не. Карціны да гэтага часу арыштаваныя, і многія не вярнулі.

— А што канкрэтна не вярнулі, што дорага і чаго шкада?

— Што дорага? Канечне, карціна «Нашы лялькі». Памятаеце, тады Віктар Шэндэровіч вёў праграму на НТВ «Лялькі». Карціна вялікая, пэрсоны там былі пазнавальныя, сарказму шмат... Вось яе шкада. Потым шкада графічныя партрэты гістарычных пэрсонаў, а таксама дзеячаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Шмат плякатаў забралі і не вярнулі.

— Спадар Аляксей, пасьля вашай адседкі была вялікая выстава вашых твораў у Вашынгтоне. Вось у Амэрыцы такое магчыма — каб арыштоўвалі карціны, мастака пасадзілі ў турму?

— Калі я распавядаў сваю гісторыю і амэрыканскім, і эўрапейскім мастакам, яны мне зайздросьцілі! Казалі: «Ой, каб у нас так было! Вы шчасьлівыя людзі! Каб з нашымі карцінамі ўчынілі такі скандал — зьнялі з выставы — я б праславіўся на ўвесь сьвет, і кошты на мае карціны ўзьляцелі б высока».

Аляксей Марачкін. Навала (фрагмэнт)
Аляксей Марачкін. Навала (фрагмэнт)

— Вы ведзяце актыўнае палітычнае жыцьцё, адгукаецеся на ўсе значныя падзеі. Не перашкаджае гэта творчасьці? Нядаўна зноў зьнялі з выставы дзьве вашы карціны — «Хакеіста» і «Навалу»...

— Так, не дапусьцілі іх на выставу. Але я лічу, што «Навала» пра расейскую агрэсію ва Ўкраіне прагучала. Я ня мог не адгукнуцца на такія падзеі. Хоць калегі, якія займаюцца так званым «чыстым мастацтвам», крывяцца — маўляў, «знайшоў што маляваць», ёсьць жа прыгажосьць, якую трэба ўслаўляць, а не вайну. Але жыцьцё падкідвае пастаянна сюжэты для маіх твораў. Як мінімум адна карціна ў год выходзіць з-пад майго пэндзля на сацыяльна-палітычныя тэмы. Вось і зараз я ствараю карціну-прысуд. Гэта прысуд расейскаму бандыту, які выказаўся на ўвесь сьвет, што ён мог бы і можа ў часе расейска-ўкраінскага канфлікту выкарыстаць атамную зброю. Гэта страшны чалавек, які пагражае ўсім нам. Пагражаць пасьля Хірасімы і Нагасакі ўсяму чалавецтву — гэта жах. Так што я свой прысуд раблю гэтаму чалавеку.

— І карціна будзе называцца «Прысуд»?

— Можа быць. Пакуль умоўна так. Гэта з сэрыі «Дровы-1» і «Дровы-2».

— Спадар Аляксей, а ня хочацца маляваць штосьці прыгожае: кветачкі, прыроду, жанчын? Столькі «чарнухі» ў жыцьці, а тут вы яшчэ малюеце «Навалу» ды «Прысуд»...

— Калі б я ўвесь час пісаў толькі такія змрочныя карціны, я б ужо ня быў у жывых, я б ужо даўно сканаў... Канечне, такая сумная мэлёдыя апошніх драматычных падзеяў павінна прыгнятаць. Але мяне яна не прыгнятае ведаеце чаму? Гэтую цёмную энэргію я вывальваю на палатно, я ад яе пазбаўляюся, і мне тады лягчэй. Але я мучаюся, я пакутую, пакуль гэтыя пакуты ня выплесну на палатно. Тады мне становіцца лягчэй. І пасьля я пішу, як першакурсьнік, краявіды, кветачкі, партрэты мілых, прыгожых жанчын. Чаму б не?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG