Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Героі яшчэ як паміраюць», — фатограф Аляксандар Васюковіч пра сьмерць, хатні гвалт і «эксклюзіў за 30 баксаў»


30-гадовы менскі фрылансэр Аляксандар Васюковіч трапіў у сьпіс намінантаў на ўдзел у адным з самых вядомых і прэстыжных сусьветных майстар-клясаў — Joop Swart Masterclass 2016.

У намінацыйным камітэце, куды ўваходзяць дзясяткі ўганараваных фатографаў з усяго сьвету, беларускага фатографа пакуль няма. У красавіку з доўга сьпісу намінантаў абяруць 12 лепшых.

Першы раз я пафатаграфаваў у школе

У бацькоў быў «Зэніт». Мне хацелася ім скарыстацца, бо гэта крутая цацка. Але пасьля закінуў. Пасьля студэнтам зарабіў грошай і купіў сваю першую «люстранку». Здымаў пэйзажыкі розныя. У 2006-м хадзіў на ўсе мітынгі, і аднойчы вырашыў узяць фотаапарат. Паздымаў — нічога ня выйшла. Але мне падалося важным гэтым займацца.

Вайна ў сланечніках. Добраахвотнікі «Данбаса»

Заўжды хацеў «на вайну». Усе, напэўна, гэтага хочуць. Большасьць то пэўна.

Я быў на Майдане паўтара месяца. Туды ўвогуле грэх было не паехаць. Тым, як я там здымаў, ня моцна задаволены. Нібыта дэкарацыі для фільму. Бывае, што гонісься за нейкімі прыгожымі кадрамі і адыходзіш ад сутнасьці таго, што адбываецца. На Майдане так здарылася шмат з кім, у тым ліку са мной. Я не разабраўся і ня зьняў, хто гэтыя людзі і чаму яны тут. І калі з Майдана людзі сталі сыходзіць добраахвотнікамі, я вырашыў паехаць, каб усё ж разабрацца.

Сабраўся, напісаў камандзіру батальёна ў фэйсбуку: «Хачу прыехаць, паздымаць, пажыць у вас».

Каску я купіў, а бронекамізэльку пазычыў. Досыць дурная рэч усім гэтым не карыстацца, нават калі па табе ня будуць страляць.

Гэта была вайна. Пакуль я там быў, два гарады занялі. І я там зь імі недзе ішоў. У самім баі здымаць ты ня можаш. Проста ляжыш, каб цябе не забілі.

Да вайны гэтыя добраахвотнікі аніяк не былі падрыхтаваныя. Тры тыдні ў сваіх Новых Петраўцах (падрыхтоўчы лягер для добраахвотнікаў. — РС). А так шмат хто нават у войску не служыў. Хто кіроўца, хто дызайнэр, хто эканаміст...

Мне шмат разоў спрабавалі ўсунуць у рукі хаця б пісталет — «для самааховы». Але журналіст мусіць разумець, што гэты пісталет яму пасьля ў адно месца засунуць. І ён падстаўляе ўсіх, хто ходзіць з надпісам «прэса» ці «ТБ» на касцы. Журналіст ня можа быць са зброяй, гэта трэба ўцяміць. Каб фатографу абараніцца, трэба надзець каску і бронекамізэльку. І ўсё.

І яшчэ — вайну трэба здымаць з двух бакоў. Абавязкова.

Фота на памяць

Я хацеў зрабіць нейкую антываенную штуку. Калі ты там, людзі часта цябе просяць іх сфатаграфаваць. А я стараюся заўжды, калі мяне папрасілі, фатаздымкі прысылаць. Нават даводзілася раздрукоўваць.

З «вайны» ў мяне было шмат фатаздымкаў. Калі ты сядзіш у фэйсбуку і чытаеш «давайце мачыць клятых маскалёў» ці «давайце мачыць праклятых укропаў», то разумееш, што для гэтых людзей тыя, хто загінуў, — гэта лічба ў статыстыцы. Ім напляваць, калі хтосьці гіне. «Канапныя» войскі. Гэтыя «канапныя» генэралы гатовыя каго заўгодна і куды заўгодна адпраўляць. Яны ня думаюць, што разбураюцца семʼі, дзеці застаюцца без бацькоў.

Мне хацелася ў зразумелай форме патлумачыць для тых, хто посьціць фота прыгожых маладых людзей са зброяй і піша «героі не паміраюць», што героі яшчэ як паміраюць. І вайна — гэта тое, чаго трэба старацца пазьбегнуць любым коштам. Мне хацелася кожны здымак пэрсаналізаваць так, каб у чалавека зьявілася ўражаньне, што ён асабіста знаёмы з гэтым загінулым — ведае імя, дзе ён загінуў, пры якіх абставінах. Каб людзі паглядзелі на гэта не як на лічбы, а як на сьмерць чалавека, які жыве побач, які, магчыма, іх сусед, сябар, сваяк.

Закрэсьліваньне я адкладаў, наколькі гэта было магчыма. Дні тры гэтыя фота проста раздрукаваныя праляжалі. Пасьля я сябе перасіліў, што ўсё ж такі трэба гэта рабіць. Патлумачыць простай мовай, каб усе зразумелі. Не кружочкамі абводзіць, ня стрэлачкі дамалёўваць. Быў чалавек — няма чалавека. Гэта шмат каму не спадабалася. Але праўда сама мала каму падабаецца.

Кожная з трох жанчын

Гэты праект мы робім з Дарʼяй Царык. Яна піша, я здымаю.

Я ўвогуле пра хатні гвалт нічога ня ведаў. Мне здавалася, што гэта ня моцна распаўсюджана і не такая вялікая праблема. Думаў, што ў маім коле няма нічога такога і няма людзей, якія пакутуюць ад хатняга гвалту. Думаў, што гэта лічаныя людзі.

Але выявілася, што іх вельмі шмат, а праблема надзвычай мала асьвятляецца ў СМІ, і людзі ня ведаюць, што рабіць, калі трапляюць у такую сытуацыю.

У нашым грамадзтве пра хатні гвалт сорамна казаць. Сорамна прызнавацца, што ў цябе праблемы ў сямʼі і цябе зьбіваюць.

У здымках таксама шмат абмежаваньняў. У інтэрʼерах сховішча здымаць нельга. Гэта сакрэтнае месца, ніхто ня ведае, дзе яно, апроч саміх ахвяраў. Але туды ходзяць электрыкі, сантэхнікі. І такі сантэхнік можа, тэарэтычна, пабачыць фота ў інтэрнэце — і напіша камэнтар: «А я тут быў, думаў, што гэта звычайны дом, а гэта сховішча». І ўсё — адрас раскрываецца.

Па-другое, гераіням часта пагражаюць, іх шукаюць былыя мужы. Трэба зрабіць так, каб іх нельга было пазнаць.

Я нават стаў падазраваць, што і ў маім коле такое можа быць. Проста пра гэта ніхто ня кажа, як і ўсе. Гэта трохі паранаідальная думка, я спадзяюся на лепшае.

Як наўпрост наш праект паўплываў, я ня ведаю. Але ведаю, што ў сховішча больш стала зьвяртацца жанчын. Значыць, больш людзей ідэнтыфікуюць сябе як ахвяру і разумеюць, што з гэтым трэба нешта рабіць і што ненармальна, калі цябе бʼюць, нават рэдка.

У нас з фота поўны гамон

Беларусь — не адзьнятая краіна. Фатаграфіяй можна займацца толькі насуперак усяму. Няма такіх СМІ, якія гатовыя даць магчымасьць фатографу папрацаваць над тэмай тры дні хаця б. Табе даюць дзьве гадзіны — ты здымаеш купу звычайных партрэтаў, і твая праца жыве адзін дзень.

Аляксандар Васюковіч, архіўнае фота

Аляксандар Васюковіч, архіўнае фота

Ёсьць у нас Месяц фатаграфіі. Юля Дарашкевіч з Андрэем Лянкевічам (арганізатары праекту. — РС) вышукваюць, якіх бы новых беларускіх фатографаў паказаць. Праекты, якіх ты нідзе ня бачыў.

Пры адсутнасьці ў большасьці СМІ такой адзінкі, як фотарэдактар, фатаграфія ўспрымаецца як ілюстрацыя да тэксту. Калі ў тэксьце напісана «стол», то трэба сфатаграфаваць стол і ўставіць яго пад абзацам, дзе пра яго напісана. Няма разуменьня, што тэкст і фатаздымкі распавядаюць гісторыю па-рознаму. І толькі так ты атрымліваеш паўнату ўспрыняцьця.

Калі ўзяць беларускі альбом «Прэс-фота» ці «Прафота» і паглядзець доўгія харошыя праекты, то па пальцах пералічыць, што было апублікавана ў СМІ.

Выходзіць, што над сурʼёзнымі праектамі можна працаваць, толькі самому прыцягваючы фінансаваньне. Каб паздымаць вайну ва Ўкраіне, я грошы зьбіраў, як на адпачынак.

А з нашымі ганарарамі гэта ніколі не акупіцца, пакуль ты ня выйграеш конкурс або цябе не апублікуюць за мяжой. Тут усе хочуць «эксклюзіў за 30 баксаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG