Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ватыкан забараніў каталікам разьвейваць прах памерлых, рабіць зь яго алмазы і захоўваць дома


Кангрэгацыя Веравучэньня Ватыкану распаўсюдзіла новыя правілы крэмацыі і пахаваньня праху памерлых. Іх абавязаны выконваць кожны каталік, які верыць у замагільнае жыцьцё і ўваскрашэньне на судны дзень.

Ватыкан заявіў, што не выступае супраць спальваньня целаў памерлых, паколькі «гэта не закранае несьмяротную душу памерлага, і не перашкаджае наступнаму ўваскрасеньню». Але працягвае настойваць на тым, каб мёртвых хавалі на могілках і іншых асьвячоных царквой месцах. Бо менавіта гэты спосаб дазваляе абыходзіцца зь целам «з годнасьцю» і пацьвярджае веру ў будучае ўваскрасеньне.

Калі ж абраная крэмацыя, то захоўваць парэшткі памерлых каталікам можна толькі «ў сьвятых, ухваленых царквой месцах», гаворыцца ў дакумэнце. Гэта робіцца, па-першае, для таго, каб рэшткі не былі выкрадзеныя «для зьдзяйсьненьня звышнатуральных рытуалаў», а па-другое, — для таго, каб пра памерлых не забывалі, што лёгка можа адбыцца пасьля скону іх бліжэйшых сваякоў і блізкіх.

Калі ж прах захоўваецца ў царкве ці ў нэкропалі на могілках, падкрэсьлівае Ватыкан, то «тыя, хто адышлі ў іншы сьвет, працягваюць заставацца часткай супольнасьці вернікаў, якія ўсе разам і фармуюць царкву». Сьвяты пасад заўважае, што за пахаваных на могілках і ў цэрквах працягваюць маліцца і сьвятары, і іншыя члены абшчыны. У той час як у выпадках, калі прах захоўваецца дома, царква і прыхаджане нібыта пазбаўленыя магчымасьці гэта рабіць.

Разьвейваньне попелу над морам або сушай Ватыканам строга забараняецца таму, што гэта, згодна з фармулёўкай дакумэнту, зьяўляецца праявай «пантэізму, натуралізму або нігілізму». З гэтай жа прычыны Сьвяты пасад строга забараніў дзяліць прах памерлага паміж блізкімі, а таксама рабіць з праху памерлых алмазы і іншыя памятныя ювэлірныя ўпрыгожваньні.

Да сярэдзіны XX стагодзьдзя Каталіцкая царква разглядала пахаваньне ў зямлі як адзіны магчымы варыянт пахаваньня. Крэмацыю Ватыкан прызнаў дапушчальнай у 1963 годзе, аднак пахаваньне ўсё роўна застаецца пераважнай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG