Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Сурыкаў: Беларусы падтрымалі далучэньне Крыма яшчэ больш за расейцаў


Аляксандар Сурыкаў

Аляксандар Сурыкаў

Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў у інтэрвію расейскай газэце «Свободный курс» заявіў, што беларускае грамадзтва падтрымала рашэньне пра анэксію Крыма яшчэ болей за расейцаў.

«Звыш 80% насельніцтва падтрымала расейскія дзеяньні па Крыме. Гэта дадзеныя апытаньняў, праведзеных не беларусамі або расейцамі, а эўрапейскімі сацыялягічнымі інстытутамі», — заявіў Сурыкаў.

Паводле Сурыкава, беларусы нэгатыўна ставяцца да падзеяў ва Ўкраіне:

«Беларусь паставілася да далучэньня Крыма нармальна. Я ўжо сказаў, што падзеі ў Крыме там падтрымалі вельмі моцна. Да падзеяў ва Ўкраіне стаўленьне вельмі нэгатыўнае. Таму што жыхары адной дзяржавы забіваюць адзін аднаго. Меркаваньне у Беларусі такое: уладам трэба больш праяўляць цярпеньня, падатлівасьці і жаданьня размаўляць са сваім народам».

Сурыкаў сказаў, што ў беларускіх СМІ «байцоў ЛНР і ДНР» называюць апалчэнцамі, «хаця словы „сэпаратысты“ і „апалчэнцы“ — гэта практычна сінонімы».

Расейскі амбасадар таксама адзначыў, што Беларусь ня ўмешваецца ва ўкраінскі канфлікт, у тым ліку і гуманітарнай дапамогай:

«Гэтую дапамогу аказвае толькі Расея, бо там рускае насельніцтва. Зафіксавана некалькі грамадзян Беларусі, якія ваююць на баку ўкраінскіх атрадаў анархічнага кшталту. Там на абодвух баках прымаюць удзел у баявых дзеяньнях грамадзяне эўрапейскіх дзяржаў, у тым ліку грамадзяне Расеі. Усё залежыць ад перакананьняў чалавека», — заявіў пасол.

Аляксандар Сурыкаў таксама адказаў на пытаньне пра сустрэчы ў нармандзкім фармаце ў Менску 11-12 лютага. Паводле расейскага пасла, Менск стаў ідэальнай пляцоўкай, якая ўсіх задаволіла.

«Чаму не ў Расеі? Каб не было абвінавачваньняў у нашай датычнасьці», — адзначыў Сурыкаў.

Паводле Сурыкава, правядзеньне гэтай сустрэчы было таксама ініцыятывай Аляксандра Лукашэнкі.

«Таму што мала прыемнага, калі ў суседняй краіне адбываюцца такія непрыемныя падзеі, якія так ці інакш накладаюць адбітак на жыцьцё ў Беларусі ў тым ліку».

XS
SM
MD
LG