Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМАПавец: «Крычалі „Жыве Беларусь“, а яны — „Жыве, жыве“, як нацысты»


Аляксандар Страх на акцыі 15 сакавіка чытае свае вершы

У Магілёве судзьдзя Ігар Шведаў пастанавіў пакараць штрафам у 7 базавых велічыняў Аляксандра Страха за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту — магілёўскім «Маршы недармаедаў» 15 сакавіка. На суд Страх прыйшоў з торбай правізіі на выпадак адміністрацыйнага арышту.

Камандзір роты магілёўскага АМАПу Андрэй Барысенка выступаў сьведкам на судзе. Паводле Барысенкі, 15 сакавіка ён нёс службу на вуліцы Ленінскай, дзе грамадзянамі, «незадаволенымі дэкрэтам № 3 прэзыдэнта», праводзіўся несанкцыянаваны мітынг. Пра тое, што акцыя пратэсту несанкцыянаваная, казаў міліцыянт, было вядома загадзя. Аляксандар Страх жа, настойваў сьведка, вёў мітынг, перадаючы мэгафон і чытаючы вершы.

Абвінавачаны запытаўся: «Чаму было вырашана, што адбываецца мітынг, а не паэтычны вечар?» Бо, дадаў ён, «ува ўсім сьвеце прынята, каб на свабодных пляцоўках выступалі паэты».

«А ці чулі вы, як людзі апладзіравалі мне, пачуўшы мае вершы?» — запытаўся Аляксандар Страх у сьведкі-АМАПаўца.

«Я яшчэ чуў, што пасьля вашых прамоваў, як вы крычалі „Жыве Беларусь!“, а яны вам „Жыве, жыве“, як нацысты», — адказаў міліцыянт.

«А што, нельга так крычаць? Ці трэба крычаць „Не жыве Беларусь“?», — перапытаў абвінавачаны.

«Можна, але не ў такім тоне. Я бачыў...», — ня скончыўшы фразы, праваахоўнік змоўк. Што ён меў на ўвазе, не патлумачыў.

Аляксандар Страх на судзе

Аляксандар Страх на судзе

Аляксандар Страх не пагадзіўся з абвінавачаньнямі. Ён настойваў, што застаўся на мітынгу, бо на ім выступаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк, які ў сваёй прамове запэўніваў, што ўдзельнікаў ня будуць перасьледаваць.

Страх прасіў судзьдзю выклікаць дэпутата і дапытаць яго. Хадайніцтва абвінавачанага задаволена не было, бо судзьдзя палічыў, што выступленьне Марзалюка на мітынгу не датычыць адміністрацыйнай справы, якая разглядаецца.

Да суду Страх прабыў двое з паловай сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня. Зьняволілі яго ўвечары 24 сакавіка. Паводле абвінавачанага, неабходнасьці абмяжоўваць ягоную волю не было:

«Зь мяне пазьдзекаваліся, — казаў ён суду, сьцьвярджаючы, што ўвесь час няволі сямʼя ня ведала пра ягоны лёс. — У мяне сын інвалід другой групы, і ён два дні быў у гістэрыцы».

Аляксандру Страху 61 год. Ён адстаўны вайсковец, служыў на флёце. Вершы піша, як ён кажа, пра любоў маракоў. Заклікаў амапаўцаў-сьведак запрасіць яго ў госьці да сябе «з асьветніцкай місіяй».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG