Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі зуброў у Беларусі?


Зубар у Налібоцкай пушчы
Зубар у Налібоцкай пушчы

У Белавежскай пушчы пагалоўе зуброў павялічылася ў 2017 годзе да 510 зь леташніх 480, перадае БелТА. Гэта, як лічыцца, нават у паўтара раза больш, чым трэба: афіцыйна прынятая аптымальная колькасьць зуброў для Белавескай пушчы — 350 асобін.

А колькі ўсяго?

Белавеская папуляцыя зуброў — найбуйнейшая ў Беларусі. Але не адзіная: у 2016 годзе ў Беларусі налічвалася 1428 зуброў у 10 мікрапапуляцыях, зь іх 350 былі ў Асіповіцкай папуляцыі, 196 — у Азёрскай, 116 — у Палескай (у зоне адчужэньня ля Чарнобылю). Новая папуляцыя ствараецца ў Мастоўскім раёне, яшчэ адну плянуецца стварыць у Рагачоўскім.

Зубры ў закінутай вёсцы Дронкі, што ў зоне адчужэньня ля Чарнобылю
Зубры ў закінутай вёсцы Дронкі, што ў зоне адчужэньня ля Чарнобылю

У Польшчы папуляцыя зуброў прыблізна такая ж: каля 1500 жывёлін у 5 вольных чародах і 24 гадавальніках. Яшчэ столькі ж — у Расеі. У іншых эўрапейскіх краінах папуляцыі ў шмат разоў меншыя.

Для параўнаньня, папуляцыя амэрыканскага бізона, родзіча эўрапейскага зубра, ледзь ня зьнікла ў XIX стагодзьдзі, скараціўшыся да 541 асобіны, але была адноўленая да цяперашніх паўмільёна зуброў.

Беларускую папуляцыю зуброў паступова аднаўляюць. Дваццаць гадоў таму ў Беларусі было ў чатыры разы меней зуброў — усяго 347.

Было нуль

Некалі зубры жылі па ўсёй Эўропе, ад Грэцыі і Гішпаніі да Ангельшчыны і Швэцыі (продкаў беларускіх зуброў знайшлі ў Пірэнэях), але чалавек іх актыўна вынішчаў праз паляваньне і высечку лясоў. На канец XIX стагодзьдзя засталіся толькі дзьве папуляцыі: у Белавескай пушчы (каля 1700 галоў) і на Паўночным Каўказе. У час Першай усясьветнай вайны і немцы, і мясцовыя забівалі апошніх зуброў на мяса. Прыблізна ў 1919 годзе ў Белавескай пушчы загінуў апошні зубар, які жыў вольна.

У 1929-1930 гадах, калі Белавеская пушча была ў складзе Польшчы, у ёй пачалі аднаўляць папуляцыю з групы трох белавеска-каўкаскіх зуброў — прывезьлі самца зь Нямеччыны і дзьвюх самак са Швэцыі. Пасьля Другой усясьветнай вайны мяжа Польшчы і БССР прайшла якраз па Белавескай пушчы, зубры засталіся на польскім баку. У 1946 годзе на беларускую частку пушчы прывезьлі трох самцоў і дзьвюх самак.

Пагалоўе пачало паступова расьці. У 1953 годзе, калі яно дасягнула 18 зуброў, іх выпусьцілі з загонаў для вольнага разьвядзеньня. Да 1968 году зь Белавескай пушчы вывезьлі ў іншыя лясы СССР 114 белавеска-каўкаскіх зуброў, але выпусьцілі ў пушчу дадаткова 38 чыстакроўных белавескіх зуброў зь гадавальніка. Гадавальнік сваю задачу выканаў, загоны разабралі, а зубры засталіся жыць пры нязначным умяшаньні чалавека.

Дынаміка колькасьці зуброў у Белавескай пушчы
Дынаміка колькасьці зуброў у Белавескай пушчы

Зуброў з пушчы часам расьсяляюць у іншыя месцы разьвядзеньня ў Беларусі. Хворых жывёл часам адстрэльваюць з дазволу камісіі — за апошнія 30 гадоў застрэлілі 380 зуброў. У Белавескай пушчы дазваляюць у канцы студзеня і ў лютым за грошы паляваць на зуброў, запісаных у «рэзэрвовы генафонд» — самцоў, старэйшых за 18 гадоў; самак, старэйшых за 16, а таксама хворых і нямоглых. Цана такога паляваньня — 8-10 тысяч даляраў.

Што агульнага ў «Песьні пра зубра» зь «Песьняй песьняў»?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG