Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Грудзіна — адзіны ўніят Шклова


Малюнак бажніцы Пятра і Паўла

Малюнак бажніцы Пятра і Паўла

Дваццаціпяцігодзьдзе адраджэньня грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі адзначае ў адзіноце ўніят са Шклова Аляксандар Грудзіна. Краязнаўца, настаўнік, былы камуніст зьбірае зьвесткі пра шклоўскіх грэка-каталікоў і іх сьвятыні. Падрыхтаваў да друку кнігу пра гісторыю каталіцтва. Значнае месца ў ёй адведзена мясцовым уніятам.

Аляксандар Грудзіна апавядае пра свой шлях да грэка-каталіцкай царквы ля парослых хмызамі падмуркаў зьнішчанай шклоўскай уніяцкай бажніцы Пятра і Паўла. Паўсюль раскіданая старая цэгла. Шмат сьмецьця. Месцамі яшчэ праступае мураваная кладка. Ад археолягаў застаўся раскоп.

Спадар Аляксандар кажа, што яго дарога да хрысьціянства была няпростая, але сьвядомая. Нарадзіўся ён у сям’і настаўнікаў. Быў камуністам. Працаваў інструктарам райкаму партыі і сакратаром парткаму аднаго з прадпрыемстваў Шклова. Быў няхрышчаны.

«Калі я нарадзіўся, мой бацька не рызыкнуў мяне хрысьціць. Відаць, баяўся кепскіх для сябе наступстваў. Маю ж матулю дужа непакоіла гэта. Яна казала: „А як жа мае сыночкі будуць жыць нехрышчоныя?“ Яе словы запалі мне ў памяць», — кажа Аляксандар Пятровіч.

«Сам жа я бачыў, як на маіх вачах разбуралася камуністычная ідэя. Бачыў процьму нестыковак, — працягвае суразмоўца. — У той час пачаўся ўздым нацыянальнага і рэлігійнага адраджэньня. Калі гутарыў са сьвятарамі, то найбольшы ўплыў на мяне аказалі грэка-каталікі. Уніяцтва мяне прываблівала ня толькі верай у Бога, але і стаўленьнем да нацыянальнага руху. У 2001 годзе я пастанавіў прыняць хрост у грэка-каталіцкай царкве».

Аляксандар Грудзіна

Аляксандар Грудзіна

У Магілёве ў грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Бялыніцкай, дзе хрысьцілі Аляксандра, адбылося і яго вянчаньне з жонкаю Алай. У тым жа годзе суразмоўцу пашчасьціла бачыць Яна Паўла ІІ у Кіеве. Гэтым ён ганарыцца і дзякуе богу за тую сустрэчу.

Дарога да пабуранай сьвятыні. Вуліца Замкавая

Дарога да пабуранай сьвятыні. Вуліца Замкавая

У Шклове Аляксандар Грудзіна намагаўся знайсьці ахвотнікаў стаць грэка-каталікамі, аднак, як кажа, пакуль марна. Дагэтуль ён застаецца адзіным тут уніятам.

Падваліны ўніяцкай сьвятыні Пятра і Паўла ў Шклове

Падваліны ўніяцкай сьвятыні Пятра і Паўла ў Шклове

«Дзякуй Богу, цяпер сустракаюся з моладзьдзю, і ў яе ёсьць веданьне пра ўніяцкую царкву і пра тое, што яна дала беларусам. Але тыя маладзёны пакуль не гатовыя да хросту. Павінен прайсьці час, каб да гэтага прыйсьці. Вось калі я прыяжджаю ва Ўкраіну, то ў мяне душа адпачывае на набажэнствах у грэка-каталіцкіх цэрквах. Колькі людзей зьбіраецца на сьвяты і колькі моладзі там. Я лічу, што праз уніяцтва магчымае яднаньне ўсіх хрысьціян».

Аляксандар Пятровіч лічыць уніяцкую царкву беларускай нацыянальнай. На ягоную думку, яна такой і мае заставацца. Нягледзячы на малалікасьць вернікаў, яна адродзіцца, кажа ён.

«Калі ў праваслаўных храмах толькі расейская мова, а ў касьцёлах гучыць і польская, і расейская, і беларуская, то ва ўніяцкіх цэрквах — толькі беларуская. Для грэка-каталікоў — гэта аснова. Бальшыня вернікаў і сьвятароў далучыліся да грэка-каталіцкай царквы праз нацыянальнае абуджэньне. Гэтыя людзі сьвядома прыйшлі да гэтай царквы».

Ня шмат жыхароў Шклова ведаюць пра колішнюю ўніяцкую мінуўшчыну гораду. Уніяцкую сьвятыню Пятра і Паўла пасьля скасаваньня ўніі ў 1839 годзе аддалі праваслаўным, якія пераназвалі яе ў Васкрасенскую. Праз 120 гадоў яе канчаткова зьнішчылі. Засталіся толькі курганы.

Цагліна з бажніцы

Цагліна з бажніцы

«Дужа прыгожая была царква. Яе ўзьвялі беларускія дойліды ў беларускай традыцыі, — апавядае Аляксандар Грудзіна, — Ад 17 стагодзьдзя яна перажыла ўсе выпрабаваньні. Шклоў не аднойчы гарэў, а яе полымя не кранала. Мне старажылы казалі, што калі ў 30 гадах 20 стагодзьдзя бязбожнікі прыйшлі зачыняць царкву, то пабожны люд дужа яе бараніў. Усе іконы яны забралі ў хаты, каб уратаваць. У 60-я гады была пастанова зьнішчыць помнікі, якія не адпавядаюць „сапраўднай расейскай традыцыі“. Вось тады і падарвалі царкву».

Адну з іконаў уратаваў цесьць Аляксандра Пятровіча. Абраз сьвятога Мікалая з ужо выцьвілым малюнкам сям’я Грудзіны захоўвае дагэтуль.

Уніяцкі абраз, уратаваны сям’ёй Аляксандра Грудзіны

Уніяцкі абраз, уратаваны сям’ёй Аляксандра Грудзіны

Існуе, як кажа Аляксандар Грудзіна, некалькі легендаў, як узводзілі царкву Пятра і Паўла. У адной зь іх гаворыцца, што на месцы бажніцы рос сасоньнік. У адным з дрэваў было дупло, куды дзеці, гуляючы, закінулі чаравік. Палезьлі па яго — і ўбачылі дзівосны абраз. Спробы дастаць яго з дупла не далі плёну, і вырашыла тады тутэйшая грамада збудаваць бажніцу, пасярод якой было б дрэва з дуплом і абразом. Гэтак і зрабілі.

XS
SM
MD
LG