Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксандар Францкевіч: Не зайздрошчу тым, хто зараз трапіць на Акрэсьціна


Аляксандар Францкевіч, архіўнае фота

Аляксандар Францкевіч, архіўнае фота

З турмы на Акрэсьціна пасьля 25 дзён арышту выйшаў на волю былы палітвязень Аляксандар Францкевіч, які быў пакараны нібыта за брыдкаслоўе і непадпарадкаваньне.

Аляксандра Францкевіча з Акрэсьціна завезьлі ў міліцыю Першамайскага раёну, дзе ён пражывае, між тым як судзілі актывіста ў Савецкім раённым судзе, і чакалася, што яго павязуць у міліцыю гэтага раёну. «Гэта каб мяне не адразу знайшлі маці і сябры», — пажартаваў Аляксандар падчас нашай тэлефоннай размовы. Аляксандар адказаў праз матчын тэлефон, то бок маці актывіста усё ж змагла хутка яго сустрэць і ўзяць у абдымкі.

Як прайшлі 25 сутак няволі? Аляксандар кажа, што гэта збольшага была звычайная адседка, толькі занадта даўгая. Адрозьненьне хіба тое, што да вязьня прыходзілі апэратыўнікі:

«Як заўсёды. У нашай краіне нічога не мяняецца, можа толькі горш стаць, напэўна. Прыходзілі да мяне апэратыўнікі, хацелі пагаварыць наконт адной акцыі анархістаў, якая праходзіла ў Менску, але ў мяне не было жаданьня зь імі размаўляць, гутарка не атрымалася. Прыходзілі да мяне зь Ленінскага РУУС».

Прыходзілі да мяне апэратыўнікі, хацелі пагаварыць наконт адной акцыі анархістаў, якая праходзіла ў Менску

У студзені ў Менску прайшла акцыя, ў якой было выказана стаўленьне да міліцыянтаў зь Ленінскай раённай управы. Невядомыя сфатаграфавалі сябе ў непублічным выглядзе і выставілі гэтыя фоты ў інтэрнэт. Міліцыянты палічылі, што гэта зрабілі актывісты анархісцкага руху, і неўзабаве па Менску прайшлі арышты анархістаў. У тым ліку была арыштаваная і адпраўленая на 15 сутак дзяўчына Аляксандра Францкевіча. Актывістаў асудзілі нібыта за хуліганства і непадпарадкаваньне. У пачатку лютага дайшла чарга і да Аляксандра Францкевіча. Да былога палітвязьня прыйшлі на працу, і там яго затрымалі, хаця потым у судзе міліцыянты сьведчылі, што затрымалі Аляксандра нібыта на вуліцы, што ён паводзіў сябе падазрона, а потым аказаў супраціў і брыдкасловіў.

Пра знаходжаньне на Акрэсьціна Аляксандар Францкевіч паведаміў: гэтым разам сядзеў з алькаголікамі, некаторых накіравалі ў ізалятар таму, што пасварыліся з участковым. Харчаваньне было дрэннае, але выставілі рахунак — больш як на 2 мільёны рублёў. Перадачы перадавалі, а вось пошту ён атрымаў ня ўсю.

«Не аддалі лісты маёй дзяўчыны, хаця дакладна ведаю, што яна мне пісала. Магчыма, дасьледуюць іх, ня ведаю, што яны там у КДБ зь імі робяць. Гэта было вельмі непрыемна, бо чакаеш гэтых лістоў больш за ўсё. Перадавалі ваду, харчы, якія могуць хутка сапсавацца, газэты, часопісы. Выводзілі на прамэнады, у камэрах было дастаткова цёпла, але зараз не зайздрошчу тым, хто туды трапіць. Бо заканчваецца ацяпляльны сэзон, і там будзе вельмі холадна, пакуль не пацяплее на вуліцы».

Мінулым разам Аляксандра Франецевіча арыштоўвалі ў траўні падчас чэмпіянату па хакеі. Таксама нібыта за лаянку і непадарадкаваньне.

XS
SM
MD
LG