Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Суд не задаволіў пазоў журналіста, які ня хоча ў войску прымаць прысягу


Аляксандар Буракоў

Аляксандар Буракоў

Пазоў магілёўскага журналіста-фрылансэра Аляксандра Буракова на рашэньне гарадзкой і абласной прызыўных камісіяў Ленінскі суд Магілёва не задаволіў.

Хлопец намагаўся абскардзіць пастанову камісіяў аб прызыве яго ў войска. Паводле прызыўніка, лекары дыягнаставалі ў яго сур’ёзную хваробу каленяў, якая раней была падставай для прызнаньня яго часова непрыдатным да службы. Аднак пазьней, як сьцьвярджае Аляксандар, з парушэньнем належных працэдураў было прынятае іншае рашэньне, што ён абмежавана прыдатны да службы ва Ўзброеных сілах.

Аляксандар Буракоў, акрамя сваіх праблемаў са здароўем, ня хоча ў войску прымаць прысягу праз свае палітычныя перакананьні. Ён лічыць Аляксандра Лукашэнку нелегітымным кіраўніком дзяржавы.

Паводле Аляксандра, пра адмову прысягаць ён казаў і на судовым пасяджэньні. Пра гэтую акалічнасьць згадваў і ваенны камісар гораду Ўладзімер Белюс.

«Мяне ў адкрытую не называлі „ўхілістам“, але гэтак вынікала са слоў Белюса на судзе і ў адказах на мае скаргі», — паведаміў журналіст.

«Што да спрэчкі наконт маёй хваробы, то Белюс заявіў: калі было рашэньне прызыўной камісіі, то яно слушнае. У ёй, паводле Белюса, працуюць кваліфікаваныя людзі, якія ведаюць сваю справу. Ён упікнуў мяне, што я набраўся мэдычных тэрмінаў і спрабую зь імі папрацаваць, каб не служыць. Суд па сутнасьці праігнараваў мае довады. „Камісія вырашыла, значыць я прыдатны да службы ў войску“, — такі ў скароце вэрдыкт судзьдзі Алены Дыбленкі».

Буракоў працягне скардзіцца, бо лічыць, што парушаныя ягоныя правы. Ваенкамат, кажа ён, ігнаруе наяўнасьць хваробы, якая робіць прызыўніка не прыдатным да службы ў войску. У яго выяўлены сындром дысплязіі злучальнай тканкі, другасны рэцыдывуючы сынавіт абодвух каленных суставаў. Ён цьвердзіць, што хвароба прагрэсуе:

«На мэдычнай камісіі я дамогся, каб мяне накіравалі на абсьледаваньне ў лякарню да рэўматолягаў, каб тыя выставілі дыягназ. То бок ня я выдумаў сабе хваробу, а дыягназ выставілі падчас абсьледаваньня па лініі ваенкамату. Ваенкамат не адмаўляе, што ў мяне ёсьць хвароба, але трактуе яе па іншым артыкуле раскладу хваробаў», — казаў Аляксандар Буракоў.

Журналісту выпісалі позву, паводле якой яму належыць зьявіцца ў ваенкамат дзеля спраўджваньня дадзеных 29 верасьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG