Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста Аляксандра Балобіна міліцыянты адвезьлі за Клімавічы і высадзілі, а потым забралі ў пастарунак


Аляксандар Балобін

Жыхара Клімавіцкага раёну Аляксандра Балобіна, які 25 сакавіка сказаў у жывым эфіры Свабоды пра пляны правесьці ў райцэнтры «Марш недармаедаў», спрабавалі затрымаць, калі ён вяртаўся ў сваю вёску Паўлавічы.

Паводле хлопца, яго пасадзілі ў міліцэйскую машыну, але да раённага аддзелу міліцыі не давезьлі. Аляксандар мяркуе, што загад аб затрыманьні адмянілі. Яго адвезьлі за Клімавічы і высадзілі. На працягу дня за ягоным домам назіралі з аўтамабіля.

«Цяпер яны стаяць ад маёй хаты за пяцьсот мэтраў, сочаць за мною. Выходзіць, што я блякаваны ў сваёй хаце. Я выбраўся да сваякоў, і яны на машыне за мной паехалі», — сказаў праз тэлефон Аляксандар.

Паводле Аляксандра, сёньня ў Клімавічах плянавалася акцыя пратэсту «Марш недармаедаў», але не адбылася.

Пазьней Аляксандар Балобін паведаміў, што да яго прыехалі міліцыянты і адвезьлі ў РАУС, дзе ён патлумачыў, ці ўдзельнічаў у акцыі пратэсту ў Менску і ці распаўсюджваў інфармацыю пра акцыю ў Клімавічах. Яго папярэдзілі пра адказнасьць, калі ён ня зьявіцца ў суд.

У мясцовых актывістаў і журналістаў невядомыя праз тэлефон спрабавалі даведацца, дзе адбудзецца «Марш недармаедаў», пра які пісалі ў сацсетках.

«Мною такія тэлефанаваньні ўспрымаліся як правакацыя. Гэта была праверка, ці ў хаце я», — сказаў клімавіцкі журналіст Сяргей Аржанцаў.

Аржанцаў дадаў, што каля ягонага дома дзяжурыць машына.

Паводле жыхароў Клімавічаў, плошча перад райвыканкамам была пад кантролем міліцыянтаў. Было шмат супрацоўнікаў у цывільным. Людзі чакалі «Марша недармаедаў» у парку. Аднак выйсьці на плошчу ніхто не насьмеліўся. Праваахоўнікі дэманстравалі гатоўнасьць разагнаць акцыю пратэсту.

Сябра «Моладзі БНФ» Аляксандар Балобін вядомы тым, што дамагаецца, каб улады рабілі вяскоўцам больш камфортныя ўмовы жыцьця. Ад міліцыі і КДБ Аляксандар зазнаваў перасьлед. У 2013 годзе Балобін заяўляў, што чэкісты яго спрабавалі завэрбаваць. Аляксандар браў удзел у назіраньні за галасаваньнем на выбарах.

Аляксандар Балобін упершыню прыехаў у Менск, каб адзначыць Дзень Волі, і спадзяваўся, што пасьля пратэсту ў Беларусі пачнуцца перамены.

«Аднак так ня сталася. Я толькі бачыў брутальны разгон гэтай акцыі», — казаў ён Свабодзе:

XS
SM
MD
LG