Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Алесін пра вайсковыя манэўры: Беларусь дэманструе НАТО і Расеі, што безь яе тут пытаньні не вырашаюцца


Фота Яўгена Доўгаля

Фота Яўгена Доўгаля

У войску прызнаюць, што навучаньне актывізавалася з прычыны зьменаў ваеннай сытуацыі па другі бок беларускіх межаў.

У беларускім войску пачаліся інтэнсіўныя комплексныя заняткі, падчас якіх шмат частак будзе выведзена на палігоны. Ужо прайшлі заняткі на Барысаўскім палігоне, неўзабаве вайсковыя трэніроўкі са стрэльбамі адбудуцца на Брэсцкім, Абуз-Лясноўскім, Госкім, Лепельскім, Асіповіцкім палігонах.

Вайсковыя трэніроўкі — комплексныя, то бок ставіцца задача адпрацаваць узаемадзеяньне розных часьцей, у тым ліку з удзелам баявой авіяцыі. У занятках бяруць удзел і часьці, тэрмінова даўкамплектаваныя рэзэрвістамі. З паведамленьняў у інтэрнэце вядома, што праз Ваўкавыскі ваенкамат прызвана 140 рэзэрвістаў. Кіраўнік прэсавай службы Мінабароны Ўладзімер Макараў прызнаў удзел рэзэрвістаў у занятках асобных часьцей, але назваў іх колькасьць нязначнай.

«Так, з запасу сапраўды нязначная колькасьць прызываецца, якія таксама бяруць удзел у гэтых занятках. Тут таксама трэба разуменьне, што армія мірнага часу ў нас — усяго 50 тысяч, а калі спатрэбіцца выконваць тэрытарыяльныя баявыя задачы па абароне, то будзе этап мабілізацыі, прывядзеньня ў баявую гатоўнасьць, і армія ў нас павялічыцца ў некалькі разоў. Ня маю права назваць колькасьць войска, якая запраграмаваная на выпадак вайны, але добра вядома, што ва ўмовах усеагульнай мабілізацыі бяз страты для эканомікі пад ружжо магчыма паставіць ня больш за 10% ад колькасьці насельніцтва».

Ці зьвязаныя цяперашнія вайсковыя трэніроўкі з падзеямі ва Ўкраіне? Палкоўнік Уладзімер Макараў кажа найперш пра актывізацыю вайсковай дзейнасьці ў прымежных да Беларусі краінах НАТО.

«Улічваючы не зусім адэкватныя меркаваньні, што мы нібыта рыхтуемся да вайны з Украінай, магу спаслацца на матэрыялы пра тое, што мы не зьбіраемся ані нападаць на нашу братэрскую Ўкраіну, ані не зьбіраемся вяртаць тэрыторыі з Польшчы, Літвы і гэтак далей. Наша ваенная дактрына дакладна кажа, што ніводную зь дзяржаў мы не разглядаем у якасьці праціўніка, а ваенную бясьпеку забясьпечваем гэтак, каб ня даць вайсковай пагрозе перайсьці ў ваенную пагрозу дзяржаве».

Ці зьвязаныя зьмены ў падрыхтоўцы беларускіх вайскоўцаў з сытуацыяй у памежных зь Беларусьсю краінах-сябрах НАТО? У паведамленьні прэсавай службы Міністэрства абароны Беларусі пра гэтую сувязь пэўна заяўлена. «Альянс плянамерна засяроджвае каля межаў Рэспублікі Беларусь дадатковыя вайсковыя кантынгенты, якія абсталяваныя цяжкім узбраеньнем», — пішуць у паведамленьні прэсавай службы Мінабароны і пры гэтым заўважаюць, што Беларусь прымае захады ў адказ «незалежна ад геапалітычных перадумоў для прыняцьця такога рашэньня нашымі замежнымі партнэрамі».

Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

На думку незалежнага вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна, калі ў Мінабароны Беларусі называюць натаўцаў «партнэрамі» — гэта проста сьледаваньне цяперашнім правілам ветлівасьці, пры якіх бакі канфлікту ва Ўкраіне — Расея і Ўкраіна — таксама часта называюць сябе партнэрамі. Што да больш інтэнсіўных, чым звычайна, вайсковых заняткаў у беларускім войску — гэта сыгнал на адрас ня толькі НАТО, але і Расеі, мяркуе аглядальнік:

«Што да геапалітычных пагрозаў, то адзначу: калі пачнецца канфлікт паміж Расеяй і НАТО, то Беларусі застацца ўбаку ня ўдасца. Таму Беларусь яўна не зацікаўленая ў нарошчваньні вайсковых кантынгентаў, стварэньні новых штабоў у сваіх суседзяў. У краінах Балтыі, у Польшчы. Бо Беларусь мае ваенныя абавязаньні, дамову з Расеяй. Але і сытуацыя ва Ўкраіне тут ня можа не выклікаць апасеньняў. Найперш гэта некантраляваная эміграцыя, гэта крымінальны трансгранічны гандаль зброяй і што заўгодна. У выніку — гэта напамін пра тое, што Беларусь у гэтым рэгіёне — важны гулец, і безь яе вырашаць пытаньні ані НАТО, ані Расеі ня варта. Бо яна мае значны ваенны патэнцыял».

Тым часам у Беларусі надрукавана новая рэдакцыя закону «Аб ваенным становішчы», якая пачне дзейнічаць ужо праз тыдзень — з 1 лютага. Паводле новага закону зьяўленьне ў Беларусі вайскоўцаў зь іншых краін без апазнавальных знакаў, як было летась у Крыме з расейскімі вайскоўцамі, якіх празвалі «зялёнымі чалавечкамі», будзе прыраўнана да агрэсіі. Новым законам прапісаныя падзеі, якіх дастаткова для абвяшчэньня ў Беларусі ваеннага становішча, пры якім дзейнасьць парлямэнту прыпыняецца, забараняюцца мітынгі і дэманстрацыі, не праводзяцца выбары. Да такіх пагроз адносяць канцэнтрацыю на межах зь Беларусьсю войскаў іншай краіны, у тым ліку правядзеньне там мабілізацыі з мэтай нападу на Беларусь.

XS
SM
MD
LG