Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асад пахваліў Пуціна за «павагу да сувэрэнітэту краінаў і міжнароднага права»


Прэзыдэнт Сырыі Башар Асад
Прэзыдэнт Сырыі Башар Асад

Прэзыдэнт Сырыі Башар Асад даў інтэрвію партугальскаму тэлеканалу RTP, у якім станоўча ацаніў міжнародную палітыку Расеі і ейнага кіраўніка Ўладзімера Пуціна, чые войскі дапамагаюць Асаду ваяваць з сырыйскімі паўстанцамі.

Асад у адказ на пытаньне, ці выйграе ён у грамадзянскай вайне, адказаў, што пра перамогу можна казаць толькі калі ў Сырыі адновіцца стабільнасьць, калі спыняцца штодзённыя забойствы і разбурэньні. Ён заявіў, што тэрарыстаў (верагодна, маючы на ўвазе і паўстанцаў, і тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы») падтрымліваюць Турэччына, Катар, Саудаўская Арабія і краіны Захаду, у тым ліку Злучаныя Штаты.

Ягоныя саюзьнікі — Іран, Расея і «Хезбала» (палітычная партыя зь Лібану, прызнаная краінамі Захаду тэрарыстычнай арганізацыяй) — аказваюць неабходную дапамогу, бо супраць Сырыі вядзецца міжнародная вайна, заявіў Асад. Ён адмовіў тое, што Пуцін — гэта самы важны ягоны саюзьнік, — маўляў, важныя ўсе.

Самай важнай роляй Расеі ён назваў падтрымку з паветра (фактычна, бамбардзіроўкі), але ў той жа час Асад адзначыў, што Расея падтрымлівае сырыйскае войска больш як 60 год, таму ягоная армія залежыць ад Расеі ў шматлікіх аспэктах.

Ці залежны Асад у рашэньнях аб будучыні Сырыі ад стратэгіяў Пуціна? На такое пытаньне журналіста Асад адказаў:

«Не, у першую чаргу, мы цалкам вольныя, а не часткова, цалкам свабодныя ва ўсім, што тычыцца будучыні Сырыі. Па-другое, што ці ня больш важна, расейцы заўсёды засноўваць сваю палітыку на каштоўнасьцях, і гэтымі каштоўнасьцямі ёсьць сувэрэнітэт іншых краінаў, міжнароднае права, павага да іншых людзей, іншых культураў, таму яны ня ўмешваюцца ў тое, што тычыцца будучыні Сырыі і сырыйскага народу».

Карэспандэнт адзначыў, што Расея дапамагала Сырыі і ў галасаваньнях у ААН па рэзалюцыях, што тычыліся Сырыі. Асад жа заявіў, што Расея робіць гэта праз «свае каштоўнасьці» і павагу да міжнароднага права, праз тое, што барацьба з тэрарызмам у Сырыі ў інтарэсах ня толькі Сырыі, што «расейцы змагаюцца за нас, за сьвет, за саміх сябе». Асад прызнаў каштоўнасьцю і дэмакратыю ды заявіў, што Сырыя была толькі «на шляху да дэмакратыі».

***

Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун заяўляў, што дзеяньні Расеі ў Сырыі можна лічыць ваенным злачынствам. Гэта гаварылася пасьля паветранага ўдару па школе ў сырыйскай правінцыі Ідліб, у выніку якога загінулі 22 дзіцяці. Human Rights Watch адназначна акрэсьліла тое здарэньне як ваеннае злачынства. Да таго міністры краінаў Эўразьвязу асудзілі рэжым Асада і Расею за авіяўдары па цывільных абʼектах ва ўсходняй частцы Алепа, якая знаходзіцца пад кантролем паўстанцаў.

Расею тым часам упершыню назвалі дзяржавай-акупантам у ААН праз анэксію ўкраінскага Крыму. Беларусь спрабавала заблякаваць галасаваньні па Іране, Крыме, Паўночнай Карэі і Сырыі, але прапанову не галасаваць большасьць краінаў адхіліла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG