Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле дадзеных Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, Беларусь займае адно зь першых месцаў у сьвеце па ўжываньні сьпірту на душу насельніцтва. У 2013 годзе, як вынікае з падлікаў экспэртаў УААЗ, у сярэднім адзін жыхар краіны, старэйшы за пятнаццаць гадоў, спажываў за год каля 17-18 літраў чыстага сьпірту.

У сувязі з тым, што высокі ўзровень алькагалізацыі ў Беларусі, а таксама рост злачынстваў, зьвязаных з гэтай зьявай, нясе для нацыі сапраўдную пагрозу, на высокім дзяржаўным узроўні ўсё часьцей раздаюцца галасы за ўвядзеньне прымусовай мэдычнай ды працоўнай тэрапіі як для гэтай катэгорыі грамадзянаў, так і для наркаманаў.

Мінулай восеньню ў сыстэме выкананьня пакараньняў былі створаныя чатыры спэцыялізаваныя ўстановы. Два лячэбна-працоўныя прафілякторыі створаныя на месцы дзьвюх зьліквідаваных папраўчых калёніяў — № 10 у Наваполацку і № 19 у Магілёве. Дзьве зоны — у «Воўчых норах» ды Глыбокім — адмыслова адведзеныя для наркаманаў.

Наколькі мэтазгодна вяртацца да старога савецкага досьведу тых жа ЛПП, які дагэтуль прынёс вобмаль пазытыўнага плёну? Ці магчыма ўвогуле пазбавіцца ад алькагольнай ды наркатычнай залежнасьці? Чым, дарэчы, адрозьніваюцца алькаголікі ад наркаманаў?

Алькаголікі — гэта нэўротыкі, наркаманы — «нарцысы»

Як лічаць многія адмыслоўцы, нягледзячы на адну і тую ж хваробу, зьвязаную з ужываньнем хімічнай атруты, і на падобны, надзвычай няпросты шлях выздараўленьня, псыхалёгія ў наркаманаў ды алькаголікаў розная. Алькаголікі, як правіла, нэўротыкі, наркаманы — «нарцысы». Каб рэабілітацыя пайшла ўдала, трэба разумець і выкарыстоўваць гэтыя асаблівасьці.

З гледзішча псыхоляга Юліі Лагвіненкі з Горадні, якая працуе з прадстаўнікамі абедзьвюх катэгорыяў, «наркаманы маюць нашмат вышэйшую самаацэнку, чым алькаголікі. Яны болей самаўпэўненыя, яны сябе вельмі супрацьпастаўляюць алькаголікам. Паводзяць сябе як прывілеяваная каста, можна так сказаць. Нават назіраючы за імі ва ўмовах стацыянарнага лячэньня, там, дзе яны знаходзяцца ў адных палатах, можна зрабіць выснову, што наркаманы глядзяць на алькаголікаў звысоку. Але ў кожным выпадку ўсё залежыць ад самога чалавека: хоча ён зьмяніцца ці ня хоча? Калі там ужо выпрацавалася такая канкрэтная псыхадэлічная залежнасьць, то гэты чалавек, можна сказаць, паднявольны, ён залежны ад сваёй фізіялёгіі. І гэта ўжо сумная сытуацыя».

Супрацоўнікі «Плятформы» наведалі ЛПП у Наваполацку неўзабаве пасьля паездкі ў «Воўчыя норы» — папраўчую калёнію, дзе сёньня ўтрымліваюцца асуджаныя паводле артыкула 328 (ужываньне і распаўсюд наркотыкаў).

Алёна Красоўская-Касьпяровіч

Алёна Красоўская-Касьпяровіч

Алёна Красоўская-Касьпяровіч: «Адрозьніць наркамана ад ненаркамана сярод асуджаных, у прынцыпе, можна, але далёка ня проста. Мала хто з асуджаных мае здаровы выгляд. Як правіла, пераважная большасьць — людзі з бледнымі тварамі. У гэтым сэнсе алькаголікаў у ЛПП адрозьніваеш імгненна. Мы наведалі ўстанову ў Наваполацку, якая ўзьнікла на базе колішняй папраўчай калёніі № 10, і асабіста я хварэю ад убачанага і дагэтуль. Вось уявіце сабе кантынгент — недзе тысяча сядзельцаў — і сярод іх амаль ніводнага твару, на які алькагалізм не наклаў бы свой адбітак».

Алёна Красоўская-Касьпяровіч кажа, што вельмі ўважліва глядзела ў твары гэтым людзям, бо напярэдадні яе калегі папрасілі «плятформаўцаў» узяць, па магчымасьці, некалькі інтэрвію ў сядзельцаў ЛПП.

«Карацей, з тысячы сядзельцаў — я бачыла, вядома, ня ўсіх, а недзе прыкладна палову, бо людзі працуюць пазьменна — я змагла выбраць толькі аднаго чалавека з больш-менш нармальным тварам, які быў у стане разумець тое, пра што ў яго пыталіся. Але гэты малады чалавек адмовіўся, бо яму было элемэнтарна сорамна за тое, што ён знаходзіцца ў такой установе. Усе астатнія рабілі проста жахлівае ўражаньне. 20-гадовыя хлопцы там выглядаюць на ўсе 50, у іх сінія зь фіялетавым адлівам азызлыя твары. Яны не разумеюць нават элемэнтарнага пытаньня: колькі разоў іх затрымлівала міліцыя, перш чым яны трапілі сюды? Толькі адзін у адказ разьвёў рукі і мовіў: усё жыцьцё. Хачу падкрэсьліць, што гэта былі ня тыя, хто прыбыў у ЛПП толькі што, гэта людзі, якія як мінімум месяц не дакраналіся да бутэлькі. Аднак трэмар рук іх па-ранейшаму не адпускаў».

«Прымусовага мэдыкамэнтознага лячэньня ў беларускіх ЛПП сёньня няма»

Як сьведчыць Алёна Красоўская-Касьпяровіч, цяпер гэта робіцца выключна па жаданьні «кліентаў». Захавалася толькі працоўная тэрапія. Таксама створаныя ўмовы для таго, каб сядзельцы ня мелі аніякага доступу да алькагольных напояў.

Красоўская-Касьпяровіч: «Раней у гэтых установах „выхоўвалі“, як я называю, вострую агіду да звыклых напояў. То бок ім давалі пэўныя прэпараты, а потым яшчэ давалі выпіць, і іх выварочвала. Яны прыяжджалі ў карантын, і гэтыя тры тыдні іх мэдыкамэнтозна выводзілі з інтаксыкацыі. У выніку арганізм адрынаў усю гэтую атруту. Цяпер гэтага няма — правы чалавека. Алькаголікі ў ЛПП цяпер лечацца толькі па жаданьні. Такіх ахвотных усяго 10%. Астатнія ўпэўненыя, што ім лячыцца ня трэба. У якасьці тэрапіі засталася толькі працоўная. Тая даволі буйная „промка“, якая была ў ПК-10, ужо ня дзейнічае, бо людзі са сталым трэмарам рук рабіць тую работу ня ў стане. У асноўным кантынгент ЛПП выконвае замовы „Зелянбуду“ ды сэзонныя працы ў бліжэйшых калгасах».

«Я спыталася ў адміністрацыі: а які ў такім выпадку сэнс знаходжаньня алькаголіка ў ЛПП? — кажа кіраўніца „Плятформы“. — Начальнік адказаў: хай сваякі ды блізкія адпачнуць ад яго. Але ж нядоўга. Многія замест прызначанага году сядзяць палову тэрміну. Бо і ў ЛПП дзейнічае ўмоўна-датэрміновае вызваленьне».

«Прававы статус ізаляванага ў ЛПП адпавядае статусу крымінальна асуджанага»

Адзначым, што насельнікі лячэбна-працоўных прафілякторыяў — гэта ня тыя, хто ўчыніў крымінальныя злачынствы пад узьдзеяньнем алькаголю і асуджаны на пазбаўленьне волі. Такія сядзяць у калёніях. У ЛПП трапляюць асобы, якіх п’янымі затрымлівае міліцыя і якіх просяць ізаляваць ад сям’і самі родныя.

На сайце праваабарончага цэнтру «Вясна» зьмешчаныя некалькі інтэрвію былых сядзельцаў ЛПП, якія параўноўваюць умовы ўтрыманьня ў гэтых установах з турэмнымі. Былы спартовец, майстар спорту па боксе Анатоль распавядае, як сядзеў у адпаведнай установе ў Сьветлагорску.

Праваабаронцы «Вясны» называюць падобныя мэтады барацьбы з хворымі, па сутнасьці, людзьмі «гвалтам над асобай» і адзначаюць, што прававы статус асобы, ізаляванай у лячэбна-працоўным прафілякторыі, адпавядае статусу асобы, пазбаўленай волі. Нягледзячы на тое, што сядзельцы ЛПП не асуджаныя да пазбаўленьня або абмежаваньня волі і не знаходзяцца пад адміністрацыйным арыштам.

Юрыст Павал Сапелка ў якасьці:надзвычай грубага парушэньня правоў чалавека ў ЛПП называе і «прымусовую працу», якую ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў маюць за эфэктыўную форму ратаваньня ад алькагалізму. Пагадзіцца з такой фармулёўкай у «Вясьне» ня могуць, бо такая праца ідзе не ад выраку суду за зьдзяйсьненьне злачынства, а рашэньнем адміністрацыі. Прычым без адпаведнай заработнай платы ды пад пагрозай пакараньня. Паводле юрыста, «усё гэта — прыкметы прымусовай працы».

З праваабаронцамі «Вясны» абсалютна нязгодны былы начальнік Фрунзенскага РАУС Менску, які апошнім часам перакваліфікаваўся ў палітыкі і заняў адну з кіраўнічых пасадаў у Лібэральна-дэмакратычнай партыі, — Алег Гайдукевіч. Ён перакананы, што трэба думаць пра правы ня толькі алькагольна залежных, але і іхніх родных ды суседзяў:

На прымусовае лячэньне будуць накіроўвацца ўсе, каму гэта патрэбна

«Мы кажам пра свабоду гэтых людзей, пра іх правы, але мы забываемся пра правы тых, хто жыве побач зь імі... Каб было ўсё зразумела: муж выпівае і зьбівае жонку. Міліцыя складае адміністрацыйны пратакол. У выніку — штраф суткі. Жонка просіць: ізалюйце на год, можа тады ён выправіцца... ЛПП — гэта рэальная мера для тых, хто не разумее ані адміністрацыйнага ўзьдзеяньня міліцыі, ані прафіляктычныя захады добраахвотнага характару!»

Паводле адказнага супрацоўніка галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі МУС Сяргея Красуцкага, калі раней была праблема з накіроўваньнем грамадзянаў у падобныя ўстановы, бо ў ЛПП не было месцаў, то пасьля адкрыцьця дзьвюх новых установаў у Наваполацку ды Магілёве, «месцаў хапае». Цяпер іх ува ўсіх дзевяці ЛПП Беларусі 6.300, прычым некалькі соцень зь іх вольныя, таму «на прымусовае лячэньне будуць накіроўвацца ўсе, каму гэта патрэбна».

«Прымусова цьвярозым стаць немагчыма»

Як лічаць адмыслоўцы-нарколягі, праблема грамадзтва ў тым, што прыкладна 85% алькаголікаў не зьвяртаюцца па дапамогу, бо не разумеюць сваёй праблемы.

Паводле псыхоляга Юліі Лагвіненкі, «трэба таксама разьмяжоўваць тых людзей, якія не ў запой сыходзяць, а злоўжываюць алькаголем і церпяць на бытавое п’янства»:

«Іншая справа — выстаўленыя мэдычныя дыягназы кшталту „хранічны алькагалізм“, „наркаманія“, „таксыкаманія“. Гэта ўжо захворваньне. Звычайна ўчастковыя міліцыянты ставяць свайго падапечнага алькаголіка, які ўчыніў нейкае супрацьпраўнае дзеяньне, перад фактам і выбарам. А выбар які? Альбо вы едзеце ў ЛПП, альбо кадзіруецеся. Звычайна пацыента накіроўваюць на кансультацыю да псыхатэрапэўта або псыхоляга.

Цягам трох месяцаў пасьля ЛПП амаль 60% пачынаюць ужываць сьпіртное. За год дадаецца яшчэ 20%

Найчасьцей выбар робіцца на карысьць кадзіроўкі. Яна бывае з мэдыкамэнтозным умяшаньнем і без. Хтосьці кадзіруецца на год, хтосьці на тры або на пяць. Абсалютна адмовіцца ад алькаголю ніхто ня хоча. Найчасьцей кадзіроўка будзе сарваная ў самым хуткім часе. Таму што гэта не самастойнае асабістае жаданьне пацыента».

Як адмысловец Юлія Лагвіненка ня бачыць эфэкту ад так званай прымусовай цьвярозасьці.

«Мы, псыхолягі, псыхатэрапэўты, псыхіятры-нарколягі можам дамагчыся станоўчай кароткачасовай рэмісіі, адмовы ўжываць алькаголь у пэўны прамежак часу, таго, каб рэмісія была найбольш працяглая, а рэцыдывы — як мага радзейшыя. Поўнага вылячэньня ад алькагольнай залежнасьці быць ня можа. Але будзе да месца казаць пра поўную адмову ад учыненьня супрацьпраўных дзеяньняў у стане алькагольнага ап’яненьня. І на гэта якраз накіраваныя тыя ж самыя лячэбна-працоўныя прафілякторыі. Калі гаварыць пра іх эфэктыўнасьць, то цягам трох месяцаў пасьля ЛПП амаль 60% пачынаюць ужываць сьпіртное. За год дадаецца яшчэ 20%. А ў выніку толькі 13% кідаюць сваю хваравітую цягу. Але кідаюць не канчаткова, а як пры любой іншай хранічнай хваробе: ёсьць свае рэмісіі і рэцыдывы».

«Блізкія не павінны падсьцілаць саломку»

Мянчанка Лілія Шаўчэнка у канцы 1980-х і ў 1990-х была вельмі вядомым ды запатрабаваным музычным прадусарам ня толькі ў Беларусі, але і ў іншых былых савецкіх рэспубліках. Потым трапіла на самае дно жыцьця. Але нечакана для многіх перамагла сваю залежнасьць. Яна не аднойчы расказвала журналістам сваю гісторыю, бо спадзявалася, што такім чынам зможа дапамагчы тым алькаголікам ды наркаманам, якія страцілі надзею знайсьці выйсьце зь беспрасьветнай цемры. Лілія перамагла сваю бяду без прымусовага лячэньня. Уласнымі сіламі. Аднак, паводле яе словаў, часам для хворага, які сустракае ад блізкіх не шкадаваньне, а любоў, могуць быць эфэктыўнымі і ЛПП, і кадзіроўка.

«Галоўнае, — кажа жанчына, — блізкія такога чалавека не павінны падсьцілаць яму саломку, баючыся, што ён можа балюча ўпасьці. Бо калі чалавек сам не ўпадзе, яму ня будзе ад чаго адштурхнуцца для новага жыцьця».

Сама Лілія, паводле яе словаў, належала да катэгорыі «вельмі дасьведчаных алькаголікаў са стажам не ў адзін дзясятак гадоў». Гэты яе пэрыяд скончыўся тым, што яна стала бамжаваць і жыць па вакзалах. Яе нярэдка зьбівалі іншыя бамжы, у бяззубай старой зь сінім тварам ніхто ня мог прызнаць колішнюю зорку постсавецкага эстраднага бамонду. Маці, якая на той момант працавала ў менскім наркалягічным дыспансэры, спрабавала яе выратаваць, але безвынікова. Літаральна праз тыдзень пасьля стацыянарнага лячэньня, якое ненадоўга дапамагала ёй, жанчына вярталася да бутэлькі.

З гледзішча Ліліі, адзін зь першых крокаў на шляху выратаваньня — гэта разуменьне таго, што алькагалізм — не прычына, а наступства. А каб вызваліцца ад залежнасьці, трэба шукаць менавіта прычыну.

«Магчыма, з-за таго, што я бачыла шмат бруду ды сама ўдзельнічала ў брудных справах, прычынаў, з-за якіх я сама сябе не паважала, я знайшла мноства. Калі страчваеш сэнс жыцьця, пачынаеш ставіцца да сябе рэзка негатыўна, табе для таго, каб аддаліцца ад рэальнасьці, патрэбная бутэлька або ігла. Мой твар быў у сіняках, рэбры былі пераламаныя, я мачылася пад сябе. Але прыйшоў момант, калі я сама стала перад выбарам: памерці або зьмяніць сваё жыцьцё. Я зразумела, што ўсё залежыць толькі ад мяне».

Што вы чулі пра ЛПП? Наколькі гэтыя ўстановы ў стане дапамагчы алькаголікам ды іхнім сем’ям? Такое апытаньне наш карэспандэнт задаў мінакам на вуліцах Магілёва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG