Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альбанцы: Помнікі камунізму ў нас пакінулі, каб людзі думалі, каго выбіраць


Цёплае Адрыятычнае мора, горы, гарады, заснаваныя яшчэ старажытнымі грэкамі, і цікавае хрысьціянска-мусульманскае грамадзтва. Усё гэта можна знайсьці ў Альбаніі. Але, у адрозьненьне ад суседніх Грэцыі і Чарнагорыі, у Альбанію прыяжджае ў разы менш турыстаў. Свабода наведала адну з самых бедных краін Эўропы, куды беларускія турфірмы ня ладзяць экскурсіяў.

Краіна бедных раварыстаў

«Альбанія? А што там рабіць?» — на шляху да Альбаніі праз Сэрбію і Чарнагорыю людзі зьдзіўлена пытаюцца, што цікавага можна там знайсьці. Хоць ні грэкам, ні чарнагорцам візы ў Альбанію не патрэбныя, мала хто зь іх туды езьдзіць. Выключэньне — чарнагорскія альбанцы з памежнага горада Улцынь. Ня маючы патрэбы ў візе і ведаючы альбанскую мову, яны езьдзяць у суседнюю краіну на закупы.

«Прывязі мне шампунь для сабак», — памежнік дае пяць эўра чарнагорскаму таксісту, які вязе нас у Тырану.

Партовы горад Дурэс — другі па велічыні ў Альбаніі і галоўны пляж краіны

Партовы горад Дурэс — другі па велічыні ў Альбаніі і галоўны пляж краіны

Таксіст па імені Мэрлін, чарнагорскі альбанец, тлумачыць, што Альбанія ў параўнаньні з Чарнагорыяй вельмі танная. Альбанцы ж у Чарнагорыю прыяжджаюць толькі на працу.

Усе 140 км ад чарнагорска-альбанскай мяжы да Тыраны з акна машыны відаць адно толькі гароды. Таксама тут заўважна больш трактароў, чым на беларускіх вуліцах. Аднак палі, не як у нас, нарэзаныя маленькімі надзеламі. Такая цераспалосіца тлумачыцца адсутнасьцю ў краіне калгасаў: кожны мае свой уласны надзел зямлі. Менавіта з гародаў шмат хто і жыве ў Альбаніі — адной з самых неўрбанізаваных краін Эўропы. Толькі пару гадоў таму колькасьць жыхароў у гарадах перавысіла 50%.

На такіх роварах часта езьдзяць альбанцы

На такіх роварах часта езьдзяць альбанцы

Што яшчэ кідаецца ў вочы пасьля перасячэньня мяжы — раварысты. Аднак езьдзяць альбанцы не на хуткасных і не на горных роварах. Роварная культура тут абумоўленая выключна беднасьцю. Да таго ж многія ровары — грузавыя. Яны маюць падоўжаную раму, і сьпераду на ёй — самы сапраўдны кузаў.

Паліцэйскім можа стаць кожны

Калі па Чарнагорыі машыны рухаюцца строга паводле знакаў, у Альбаніі ніхто не скідае хуткасьці ні ў рысе гораду, ні пасьля знакаў «60», якія часта зьяўляюцца на трасе.

«Паліцэйскія, калі захочуць, усё роўна спытаюць грошы, — тлумачыць Мэрлін. — Вось колькі ў мяне ёсьць — два-тры эўра — гэтага хопіць, каб яны адчапіліся».

Так выглядаюць «разьвязкі» дратоў паміж дамамі

Так выглядаюць «разьвязкі» дратоў паміж дамамі

У горадзе знакі таксама досыць умоўныя. Як у шмат якіх паўднёвых краінах, рух тут арганізаваны хаатычна, разьдзяляльных палосаў часта няма, там, дзе павінна быць тры рады, можа ўзьнікнуць пяць. Пры гэтым за тры дні ў краіне мы не пабачылі ніводнай аварыі.

Машын у гарадах, асабліва ў Тыране, так шмат, што часта на скрыжаваньнях можна пабачыць паліцыянтаў, якія стараюцца арганізаваць праезд. Але іхнія дзеяньні настолькі няпэўныя, што невядома, ці паляпшаюць яны сытуацыю на дарозе.

Па словах мясцовых, паліцыянты ў Альбаніі толькі імітуюць працу. Яны зарабляюць 120 эўра на месяц — у чатыры разы менш, чым у Чарнагорыі. А на працу ідуць толькі дзеля магчымасьці «стрыгчы» грошы на дарогах.

Аўтобусны вакзал знайсьці ў Тыране складана, а чыгуначны тут увогуле разабралі, як і чыгунку

Аўтобусны вакзал знайсьці ў Тыране складана, а чыгуначны тут увогуле разабралі, як і чыгунку

«Яны нават ня вучацца ні ў якай вучэльні — усе былыя цывільныя, — кажа Мэрлін. — Любы чалавек надзене форму — і вось ён ужо паліцыянт».

«Стрыгчы» грошы прынята ня толькі ў паліцыі. Арвэла Вукзай, мясцовая студэнтка прыватнага ўнівэрсытэту ў Тыране, кажа, што плаціць грошы па-за касай трэба ледзь не на кожным кроку.

Напрыклад, у Альбаніі паадкрывалася шмат прыватных паліклінік і шпіталяў. Але нават заплаціўшы за прыём, трэба яшчэ заплаціць і асабіста лекару.

«Калі лекар кажа, што запрашае вас пагутарыць у кабінэт прыватна, гэта значыць, што там прыйдзецца плаціць», — кажа дзяўчына.

Тое самае з адукацыяй. Сэмэстар у дзяржаўным унівэрсытэце каштуе каля 20–40 тысяч лекаў — ня больш за 300 даляраў. Але падчас сэсіі давядзецца заплаціць выкладчыкам за кожны іспыт. Уся аплата — па-за касай.

«Таму я проста сышла з унівэрсытэту, — кажа былая студэнтка дзяржунівэрсытэту Дэніса. — Хабар за сэсію выходзіць большы за кошт навучаньня».

П’юць шмат, але толькі каву

Пры тым, што альбанцы наракаюць на ўлады, а моладзь пры першым шанцы спрабуе вырвацца за мяжу, прынамсі вялікія гарады пакідаюць уражаньне, што з дабрабытам у краіне ўсё ў парадку. Кавярні, напрыклад, тут сустракаюцца на кожным кроку, іх тут больш, чым сьметніцаў на вуліцы. Ад раніцы ўсе кавярні перапоўненыя. Па вуліцах тут разьяжджаюць новыя машыны, сярод якіх дамінуюць «мэрсэдэсы», паўсюль ідзе будоўля.

Розныя віды мясцовых бурэкаў

Розныя віды мясцовых бурэкаў

П’юць альбанцы шмат, але ў асноўным каву, і п’яных на вуліцы ніколі не відаць. Як і ў астатняй частцы Балканаў, тут звычайна падаюць два віды кавы: эспрэса і макіята. Кошт кавы ў кавярні — ад 50 лекаў (каля 5 тысяч рублёў). Самы распаўсюджаны мясцовы фастфуд — бурэк (слоены пірог з рознай начынкай) — каштуе на нашы грошы ад 3 тысяч рублёў. Вулічны сэрвіс даступны ня толькі празь нізкія кошты. На дзіва, багата альбанцаў размаўляе на ангельскай мове, і за тры дні ў краіне ні разу ня ўзьнікла моўнага бар’еру. Літаральна ў кожнай альбанскай кавярні знаходзіўся чалавек (сярод пэрсаналу ці наведнікаў), які ведаў ангельскую мову. Прычым вельмі часта — гэта немаладыя людзі.

«Я ведаю пяць моў, — кажа па-ангельску таксоўшчык Газі, якому на выгляд каля 70 гадоў. — І яшчэ шмат на якіх мовах магу паразумецца».

Другая па распаўсюджанасьці замежная мова, якой валодаюць альбанцы, — італьянская. З 1939 па 1943 год Альбанія была акупаваная Італіяй. І ў 1997 годзе, у часы масавых беспарадкаў, Італія ўводзіла ў Альбанію свае войскі.

Палітэхнічны ўнівэрсытэт Тыраны ў канцы «італьянскага» праспэкту

Палітэхнічны ўнівэрсытэт Тыраны ў канцы «італьянскага» праспэкту

Шчыльныя сувязі з Італіяй тлумачацца блізкім суседзтвам краінаў: шырыня праліву Отранта, які аддзяляе Альбанію ад Італіі, — усяго 72 км. Аднак асноўныя зносіны ідуць паміж партамі Бары (Італія) і Дурэс (Альбанія). Паром тут ідзе 9 гадзін.

Гэтым паромам карыстаюцца ў асноўным італьянцы. Яны плывуць у Альбанію ў жніўні, у пару адпачынку, як у блізкую і танную краіну зь неблагім сэрвісам. Самі ж альбанцы вандруюць звычайна па сваёй краіне. У летнюю сьпёку яны едуць на мора (краіна мае 418 км берагавой лініі). Яно не такое чыстае і не з такой разьвітай, як у суседніх Чарнагорыі і Грэцыі, інфраструктурай, але гэта самы танны варыянт для адпачынку.

Таксама ў Альбаніі ёсьць горныя маршруты, вялікія азёры і цэлы шэраг захаваных старажытнагрэцкіх і рымскіх паселішчаў.

У Эўразьвязе горш ня будзе

У цэнтры Тыраны стаяць адразу мячэт, праваслаўны і каталіцкі храмы. Іслам у краіне — не асноўная рэлігія. Як і басьнійцы, альбанцы пачалі прымаць іслам толькі пасьля захопу гэтых земляў Асманскай імпэрыяй. Да таго часу краіна была праваслаўная. Таму дагэтуль паўночная частка краіны застаецца пераважна хрысьціянскай, а паўднёвая — мусульманскай.

Вызначыць стары горад па архітэктуры ў Тыране цяжка. На галоўнай плошчы гораду, названай у гонар Скандэрбэга — сярэднявечнага героя, стаіць Нацыянальны гістарычны музэй. На выгляд — тыповы савецкі будынак з мазаічным пано на сюжэты з гісторыі (гэты музэй, дарэчы, у 1990-я гады некалькі разоў рабавалі). Тут жа побач 100-гадовая вежа з гадзіньнікам — мясцовы Біг-Бэн. А ўжо за ім відаць сучасныя хмарачосы.

Піраміду, дзе нядоўгі час быў музэй Ходжы, пакінулі у якасьці напаміну пра «цёмныя» часы камунізму

Піраміду, дзе нядоўгі час быў музэй Ходжы, пакінулі у якасьці напаміну пра «цёмныя» часы камунізму

З плошчы Скандэрбэга пачынаецца бульвар Пакутнікаў за нацыю, які раней быў названы ў гонар Мусаліні. Італьянскія акупанты — хіба адзіныя, каго альбанцы ня ўзгадваюць дрэнным словам. Да ўсіх астатніх суседзяў яны дагэтуль маюць тэрытарыяльныя прэтэнзіі, хоць афіцыйна і не агучаныя.

Найгорш, аднак, альбанцы кажуць пра свайго «роднага» Энвэра Ходжу — мясцовага камуністычнага лідэра, які нязьменна ўзначальваў краіну з 1944 па 1985 год. Ганеньні на рэлігію і перасьлед іншадумцаў не пакінулі ў альбанцаў настальгіі па камуністычным мінулым. Помнікаў Ходжу ў краіне няма, а пра цёмныя часы нагадвае закінутая ў цэнтры Тыраны бялёсая піраміда, у якой пару гадоў быў музэй Энвэра Ходжы.

«Яе думалі зьнесьці, але пакінулі, каб людзі думалі, каго яны выбіраюць», — кажа Арвэла.

Але самы вядомы і распаўсюджаны помнік часоў камунізму — бункеры, якіх на выпадак вайны было пабудавана больш як 700 тысяч. Некаторыя гаспадары прыстасавалі іх пад склады ці кавярні, а на марскім узьбярэжжы — пад пераапранальні. Але большасьць бункераў пустуюць, займаючы пару квадратных мэтраў ледзь ня ў кожным двары.

Бункеры з часоў Энвера Ходжы можна сустрэць на кожным кроку

Бункеры з часоў Энвера Ходжы можна сустрэць на кожным кроку

Сучасныя ўлады ня чыняць палітычных перасьледаў, апазыцыя пры іх мае шанец на перамогу на выбарах. Але мясцовыя ўсё адно ўладам не давяраюць. Суцэльная карупцыя, упэўненыя людзі, не дае Альбаніі разьвівацца. Таму, хоць сем’і тут традыцыйна вялікія, празь міграцыю насельніцтва ўвесь час зьмяншаецца.

«Моладзь марыць толькі пра тое, каб зьехаць адсюль», — кажа Арвэла.

Пераходны этап у Альбаніі, як і ў Беларусі, цягнецца з пачатку 1990-х. Але, у адрозьненьне ад нашай шматвэктарнай палітыкі, альбанцы свой вэктар ужо вызначылі — у 2009 годзе краіна ўступіла ў НАТО і тады ж падала заяўку на ўступленьне ў Эўразьвяз. Мясцовыя спадзяюцца, што горш, чым цяпер, ад гэтага ў любым выпадку ня будзе.

XS
SM
MD
LG