Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне ствараюць камісіі па «цяжкіх жыцьцёвых сытуацыях»


У Гомельскай вобласьці ва ўсіх раённых выканкамах ствараюцца камісіі дзеля забесьпячэньня калегіяльнасьці пры наданьні льготаў па выплаце збору на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў згодна з дэкрэтам № 3.

Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на распараджэньне старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Дворніка.

Такія камісіі павінны «паспрыяць аб’ектыўнасьці пры вызваленьні непрацуючых ад сплаты збору, калі тыя апынуліся ў цяжкай жыцьцёвай сытуацыі».

Кіраўнік абласной падатковай інспэкцыі агучыў такія лічбы: паведамленьні пра падатак на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў атрымалі ў рэгіёне каля 90 тысяч чалавек. Пяць з паловай тысяч даслалі ў падатковыя інспэкцыі дакумэнты і тлумачэньні наконт адсутнасьці ў іх абавязкаў па выплаце збору.

На пачатак бягучага тыдня ад выплаты вызвалены 56 грамадзян, адмову атрымалі 130.

«Выглядае, што стварэньне камісіяў пры выканкамах, — кажа грамадзкі актывіст, экс-кандыдат у дэпутаты парлямэнту Ўладзімер Кацора, — гэта чарговая кармушка для дзяржаўных дармаедаў, які будуць вызваляць ці не вызваляць беспрацоўных, у прынцыпе абяздоленых людзей, ад уладамі ж прыдуманага аброку. Выканаўчым камітэтам варта хутчэй заняцца рэфармаваньнем эканомікі, стварэньнем новых працоўных месцаў з годным заробкам, а не вытрушваньнем кішэняў беспрацоўных. Бо дэкрэт „Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства“ цалкам антыканстытуцыйны».

Непрацуючы жыхар Гомеля Аляксандар Сямёнаў вырашыў праз суд даказаць, што і без дэкрэту браў удзел у фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў. Раней Аляксандар працаваў у Расеі, а вярнуўшыся на радзіму, застаўся бяз працы. У заяве ў суд Цэнтральнага раёну ён пазначыў, што ў 2015 годзе заплаціў зямельны падатак за лецішча, больш як мільён рублёў у старых коштах аддаў на дарожны збор за аўтамабіль, штомесяц уносіў грошы за карыстаньне мабільнай сувязьзю ад кампаніяў Velkom і МТС, у чые тарыфы закладзены й падатак на дабаўленую вартасьць.

«Дык колькі яшчэ плаціць, каб мяне вызвалілі ад падатку на дармаедзтва?», — пытаецца пяцідзесяцігадовы гамяльчук. — Таму й зьвярнуўся са скаргай у суд«.

Папярэднія лісты ў раённую і абласную інспэкцыі па падатках і зборах станоўчага выніку ня мелі.

Паводле паправак, унесеных у дэкрэт № 3, мясцовыя Саветы дэпутатаў атрымалі права вызваляць грамадзян ад сплаты падатку на дармаедзтва ў выпадку пацьвярджэньня «цяжкай жыцьцёвай сытуацыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG