Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар ЭГУ Ала Сакалова: Рэктары прыходзяць і сыходзяць. А акадэмічная супольнасьць застаецца


Ала Сакалова

Ала Сакалова

Сэнат (орган акадэмічнага самакіраваньня Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту) запатрабаваў неадкладна адклікаць кіраўнікоў ЭГУ: Дэйвіда Поліка — з пасады рэктара, Эн Лонсдэйл — з пасады выканаўцы абавязкаў старшыні Кіроўнай рады, і Дэна Дэвідсана — з пасады намесьніка старшыні Кіроўнай рады.

Адпаведная заява Сэнату ЭГУ была апублікаваная 30 траўня.

Акрамя гэтага, Сэнат заявіў пра неабходнасьць «неадкладна забясьпечыць парытэтны зь іншымі стэйкхолдэрамі ўдзел акадэмічнай супольнасьці ў працэсе адбору новага рэктара, замарозіць хаатычны працэс прыняцьця рашэньняў адносна далейшага лёсу ўнівэрсытэту, што адбываецца ў цяперашні час, і ўвесьці антыкрызіснае кіраваньне з удзелам прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасьці».

У заяве таксама адзначаецца, што Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт «зноў стаў мішэньню для крытыкі, выкліканай неэфэктыўнасьцю мадэлі кіраваньня, якая склалася за апошнія гады, і дзеяньнямі асобных кіраўнікоў ЭГУ».

Ала Сакалова, прафэсар-эмэрыт ЭГУ, сябра Агульнага сходу сузаснавальнікаў ЭГУ, лічыць прыняцьце такой канкрэтнай і адраснай заявы наконт зьмены кіраўніцтва маленькай перамогай Сэнату. Яна кажа, што ў новых умовах прыняць такі зварот — гэта досыць сьмелы, прынцыповы крок:

«Гэтае рашэньне Сэнату легітымнае і канструктыўнае. Яно прынятае большасьцю. Я спадзяюся, яно пазытыўна ўспрымецца нашымі донарамі. Бо донары павінны ўбачыць, што ва ўнівэрсытэце ёсьць акадэмічная супольнасьць, няхай крыху і разрозьненая, няхай не зусім у некаторых дэталях мы бачым адзіную плятформу... Але мэты і задачы ў акадэмічнай супольнасьці, студэнцкай супольнасьці, Сэнату — аднолькавыя, яны адзіныя».

Але, паводле інфармацыі дасьведчанай крыніцы, за прыняцьце такой канкрэтнай і адраснай заявы аб зьмене, па сутнасьці, трох самых ключавых асобаў — рэктара, выканаўцы абавязкаў старшыні і намесьніка старшыні Кіроўнай рады — прагаласавала 52%. Другая частка была быццам бы ня супраць дэ-юрэ, а настойвала на іншым варыянце заявы, больш мяккім...

«Так, разглядаліся два дакумэнты, і другі, па сутнасьці, паўтараў першы. Другі адрозьніваўся, можа, большай ананімнасьцю, мяккасьцю, там не было адрасатаў, як у першым дакумэнце, які быў прыняты. Але па накіраванасьці ён такі самы: што трэба зьмяніць кіраўніцтва, каб акадэмічная супольнасьць больш удзельнічала ў кіраваньні, і зьмены патрэбныя, і празрысты бюджэт.

Такім чынам, я лічу, што наш Сэнат зрабіў вельмі пазытыўны, пэрспэктыўны, сьмелы акадэмічны крок. І гэтыя крокі будуць працягвацца.

Калі вось гэтыя заклікі, прынятыя Сэнатам, будуць зьдзейсьненыя і донары павераць у нас, то трэба дапамагчы нам прасунуць рэклямную кампанію. Усё ж такі цяпер для нас вельмі актуальна прыцягнуць, далучыць студэнтаў, абітурыентаў да нашых праграм, нягледзячы на гэтую мэдыйную шуміху, гэты шлейф, які цягнецца за ўнівэрсытэтам на ўзроўні яго кіраваньня.

Для нас цяпер галоўнае — не згубіць студэнтаў.

Калі студэнты да нас прыйдуць, павераць — а ў нас ёсьць пэўныя пазытыўныя сымптомы, што донары нам дапамогуць, і тыя, хто нас падтрымліваў, працягнуць гэта рабіць, што мы ў вельмі кароткі тэрмін здолеем аднавіць сваё рэнамэ, свой брэнд. То бок унівэрсытэт можа стаць тым, чым ён быў раней.

А СМІ мы хочам папрасіць дапамагчы нам добрай рэклямай. Дапамажыце прыцягнуць пазытыў да ўнівэрсытэту. Рэктары прыходзяць і сыходзяць. А акадэмічная супольнасьць — яна застаецца. Яна амаль не зьмянілася з 2004 году».

ЭГУ быў заснаваны ў Менску ў 1992 годзе, а ў 2004-м — закрыты беларускімі ўладамі з ідэалягічных прычын. Праз год аднавіў працу ў Вільні. Юрыдычна гэта літоўская ВНУ, але мае нефармальны статус беларускага ўнівэрсытэту на выгнаньні. Фінансуецца кааліцыяй міжнародных донараў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG