Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вянок памяці». Ала Бабкова


Ала Бабкова
Ала Бабкова

15 кастрычніка памерла беларускі кінакрытык Ала Бабкова. Ёй было 77 гадоў.

Нарадзілася Ала Бабкова 25 студзеня 1938 году ў Ваўкавыску, вучылася ў сярэдняй школе № 2. Скончыла Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Ламаносава. Больш за 20 год працавала рэдактарам і загадчыцай сцэнарнага аддзелу аб’яднаньня «Тэлефільм» на Беларускім тэлебачаньні. У 1970-х выкладала «Гісторыю кіно і тэлебачаньня» ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. У 1990–1997 гадах была сакратаром па прэсе і інфармацыі ў Беларускім саюзе кінэматаграфістаў. З 1998 году — незалежны крытык. Пісала для часопісаў «Искусство кино», «Кинофорум» (Расея), «Историк и художник» (Расея-Польшча), «Мастацтва», «На экранах» (Беларусь) ды іншых.

Народны артыст Беларусі, рэжысэр, кінадакумэнталіст Віктар Дашук ведаў Алу Бабкову ўсё сваё жыцьцё ў кінэматографе, яны раўналеткі. Ён адзначае, што ў вялікай кагорце кінакрытыкаў яна была адным з тых нямногіх, якія стаялі крышку вышэй за астатніх:

«Ала Бабкова паводле свайго статусу, паводле сваіх ведаў, паводле сваіх адносінаў да творчых людзей, да беларускага кіно выступала ня проста як кінакрытык, а як грамадзянін сваёй краіны. Яна сама была вельмі творчай асобай, таму што многія прафэсіяналы, чаго тут хаваць, лічаць, што любыя крытыкі — гэта няўдалыя людзі ў творчасьці. Дык вось што тычыцца Алы Бабковай, — гэта чалавек, які разумеў высокае мастацтва. Я павінен сказаць, што ўвогуле з таго савецкага пакаленьня сур’ёзных людзей у кінакрытыцы, якія маглі даць не зацікаўленую, а аб’ектыўную ацэнку ці параду, быць саўдзельнікам творчага працэсу. Такіх людзей ужо, бадай, не засталося. Гэта была „апошняя з магікан“. І мне вельмі шкада, што сёньня мы праводзім гэтага чалавека ў апошнюю зямную дарогу».

Рэжысэр Юры Хашчавацкі кажа, што для тых, хто ведаў Алу Бабкову, гэта вялікая страта:

«Ала цудоўны чалавек. Мы яе называлі „камсамолка“, укладаючы ў гэта толькі станоўчы сэнс. Бо яна была сумленная і прынцыповая, як першыя камсамольцы ў кнігах і фільмах. Гэта быў нязломны чалавек, які заўсёды адстойваў свае прынцыпы. Яна не заўсёды мела рацыю ва ўсіх сэнсах, але яна заўсёды мела рацыю ў тым, што заўсёды жыла паводле сумленьня. Гэта вельмі рэдкі чалавек, таму што многім людзям даводзіцца ісьці на кампраміс, на зьдзелкі з сумленьнем, саступаць нягоднікам... Ала ніколі гэтага не рабіла. Яна магла памыляцца, як і ўсе мы, але яна заўсёды была прамая, шчырая. Гэта бліскучы характар, прафэсіянал высокага ўзроўню, добры сябар. Для мяне гэта вялікая страта».

Кандыдат мастацтвазнаўства Наталя Сьцяжко кажа, што Ала Пятроўна была надзвычай сьветлым чалавекам. І бескампрамісным:

«Яна ніколі не ішла на кампраміс, калі гэта не супадала зь яе пунктам гледжаньня. Яна бліскучая кіназнаўца. Ала працавала на „Тэлефільме“, і ўсе людзі, зь якімі яна працавала, вельмі цёпла, добра пра яе адгукаліся. Мы не адзін раз былі зь ёй у камандзіроўках, на розных кінафорумах. Я не пераставала зьдзіўляцца яе глыбокім ведам, фэнамэнальнай памяці. Яна памятала ўсе прозьвішчы артыстаў, рэжысэраў, стваральнікаў фільмаў — на жаль, я не магу гэтым пахваліцца, а яна ўсё памятала. І самае галоўнае — у яе быў свой пункт гледжаньня літаральна на ўсё. Нейкі фільм мог падабацца літаральна ўсім знакамітасьцям, а ёй — не падабацца. Яна была вельмі прыстойным чалавекам. Добразычлівым, сьветлым».

Яшчэ тыдзень таму Ала Бабкова напісала артыкул пра Нобэлеўскую прэмію Сьвятланы Алексіевіч: «Нобель. У цёзкі не было сумневу».

Разьвітаньне з Алай Бабковай адбудзецца 17 кастрычніка з 10 да 11 раніцы ў рытуальнай залі ў Навінках. Пахаваюць яе на могілках у Атоліне. У Алы Пятроўны застаўся сын Сьцяпан, які жыве ў Маскве, і ўнучка Юля.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG