Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі рок-гурт Akute прэзэнтаваў на 34mag і выдаў для вольнага праслухоўваньня на Soundcloud новы альбом, які атрымаў назву «Плястыка». Грошы на яго выданьне зьбіралі на сайце Ulej.by, за час кампаніі сабралі больш за 5200 рублёў.

«Першапачаткова наш стыль называўся „дыска-дэкаданс“, а цяпер мы яго яшчэ ўдакладнілі назвай „сьмерць-рок“. Але які б ён ні быў тленны, ён дастаткова пазытыўны», — камэнтуе альбом басіст і бэк-вакаліст гурту Рома Жыхараў.

Цяпер гурт запрашае на тур-прэзэнтацыю альбома: 22 кастрычніка Akute выступіць у Віцебску, 28-га ў Барысаве, 4 лістапада ў Менску, 5-га ў Магілёве, 9-га ў Бабруйску, 11-га ў Берасьці, 25-га ў Гомелі, 11 сьнежня ў Горадні.

«Плястыка» стала 4-м альбомам у дыскаграфіі Akute і першым дыскам за два гады. У 2010 годзе гурт стаў пераможцам фэстывалю «Басовішча», у 2012-м названы гуртам году на парталах Tuzin. fm і Ultra Music, фэстывалі «Даём рады», годам пазьней — на прэміі «Рок-Профі». Мінулы альбом, «Рэальнасьць і сны», партал Tuzin. fm назваў альбомам году ў 2015-м.

XS
SM
MD
LG