Афіша
Менск — чарговая сустрэча трохкантактнай групы ў справе ўрэгуляваньня сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны. «Прэзыдэнт-гатэль» (Кірава, 18).
Менск — Прэзэнтацыя кнігі Сяргея Астраўца «Саргасава мора». Удзельнічаюць літаратары Генрых Далідовіч, Леанід Дранько-Майсюк, Сяргей Дубавец, Анатоль Сідарэвіч, Міхась Скобла. Праспявае Зміцер Бартосік. Літаратурны музэй Петруся Броўкі (вул. К. Маркса, 30), пачатак а 18-ай.
Менск — сустрэча з Алегам Хаменкам, лідэрам фолк-гурту «Палац» (пр. Пераможцаў, 89-3). Пачатак а 20-ай.
У гісторыі
1795 ― адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай.
1822 — пайшоў у школу Ганс Крыстыян Андэрсан. Будучаму пісьменьніку было на той момант 17 гадоў. Звычайна на такія дэталі біяграфіі зьвяртаюць увагу, каб лішні раз пераканацца, што не адныя вундэркінды дамагаюцца ў жыцьці вялікіх посьпехаў і робяцца славутымі творцамі. Пачаць ніколі ня позна.
1863 — у Жэнэве ўтвораны Міжнародны Чырвоны Крыж.
1947 — праведзеная самая масавая дэпартацыя ўкраінцаў з Заходняй Украіны (каля 78 тысяч чалавек).
1962 — падчас Карыбскага крызісу савецкі лідэр Мікіта Хрушчоў пагадзіўся на вяртаньне ў СССР караблёў, якія везьлі на Кубу ядзерную зброю.
У гэты дзень нарадзіліся:
1685 — італьянскі кампазытар Дамэніка Скарлаці, аўтар 555 санат для фартэпіяна.
1759 — Жорж Жак Дантон, правадыр францускіх якабінцаў.
1810 — беларускі скульптар і змагар за незалежнасьць Генрых Дмахоўскі. Пасьля сканчэньня Віленскага ўнівэрсытэту ён вучыўся ў Францыі, адкуль адправіўся ў ЗША. Там Дмахоўскі стварыў скульптурныя партрэты Тадэвуша Касьцюшкі і амэрыканскага прэзыдэнта Томаса Джэфэрсана. Гэтыя бюсты і сёньня ўпрыгожваюць памяшканьне Кангрэсу ЗША. Вярнуўшыся на радзіму акурат у часе паўстаньня Каліноўскага, Дмахоўскі стаў паўстанцкім камісарам Дзісенскага павету. Вясною 1863 году ён загінуў у баі каля вёскі Парэчча пад Барысавам.
1870 ― Надзея Яноўская, апошняя з роду Яноўскіх^; гераіня дэтэктыўнай аповесьці «Дзікае паляваньне караля Стаха» Ўладзімера Караткевіча
1888 — Нестар Махно, украінскі рэвалюцыянэр, лідэр анархісцкага руху
1916 — прэзыдэнт Францыі Франсуа Мітэран, які кіраваў сваёй краінай два тэрміны па 7 гадоў (1981-1995).
1947 —Гілары Клінтан, кандыдатка ў прэзыдэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі.
1959 ― Анатоль Сыс, беларускі паэт.
У гэты дзень памерлі:
899 ― Альфрэд Вялікі, кароль Ўэсэксу.
1764 — ангельскі мастак Уільям Хогарт, ілюстратар, гравёр і тэарэтык мастацтва.
1806 — Шарль Агюстэн Кулён, францускі фізык і вайсковы інжынэр, які ў 1785 годзе экспэрымэнтальна ўсталяваў асноўны закон электрастатыкі (закон Кулёна).
1855 — расейскі перакладчык беларускага паходжаньня Міхаіл Урончанка. Перакладаў Шэксьпіра, Байрана, Гётэ.
1937 ― Юзэф Доўбар-Мусьніцкі, польскі вайсковы дзеяч, генэрал-лейтэнант расейскага войска, генэрал броні, кіраўнік паўстаньня вялікапольскага
1972 — Ігар Сікорскі, авіяканструктар, стваральнік першых у сьвеце верталётаў
Цытата
У гэтай краіне ня маю я дому,
вось воблака — сяду і ў сьвет палячу
над гэтай гаморай, над гэтым садомам,
ні грошай, ні славы — я волі хачу,
бо ў гэтай краіне ня маю я волі...
Анатоль Сыс