Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста, які гаворыць шэптам, аштрафавалі за «гучную лаянку»


Віктар Казлоў

Тамара Застаўнецкая, судзьдзя Гомельскага раёну, пасьля абвяшчэньня пастановы пра штраф рэгіянальнаму прадстаўніку прафсаюзу РЭП Віктару Казлову сыходзіла з залі паседжаньняў подбегам. Прысутныя ў залі праводзілі яе воклічамі: «Ганьба! Люстрацыю!».

13 красавіка, пасьля чатырох паседжаньняў, Застаўнецкая пакарала Казлова штрафам: дзьвюма базавымі велічынямі — за «гучную лаянку» (артыкул 17.1 КаАП) і яшчэ дзьвюма — за непадпарадкаваньне міліцыі (артыкул 23.34).

Пакараньні судзьдзя склала з частковым пагашэньнем і канчаткова абвясьціла пра штраф у памеры трох базавых велічынь, што складае 69 рублёў:

«Для мяне гэты суд быў зьвязаны з маральнымі і фізычнымі пакутамі, — шэпча Віктар Казлоў. — Гучна лаяцца я ў прынцыпе не магу. Пасьля апэрацыі ў анкалягічным цэнтры голас страціўся. Сёньня судзьдзя выклікала лекара-анколяга даваць тлумачэньні, ці зьвяртаўся я ў паліклініку з прычыны страты голасу, ці магла на гэта паўплываць перанесеная апэрацыя. Апрача таго, я прынёс мэдычнае заключэньне ад 13 красавіка, у якім пазначана: падчас апэрацыі быў зроблены парэз мышцаў гартані. Лекар пацьвердзіў, што парэз, найхутчэй, прывёў да парушэньня голасаўтварэньня, пра гэта павінны дакладней сказаць лор альбо фаніятар. І ўсё адно судзьдзя прысудзіла штраф. Думаю, каб зьняць усе пытаньні пра лжэсьведчаньне амапаўцаў, якія абвінавацілі мяне ў гучнай лаянцы. Нічога не сказана ў пастанове і пра двое сутак арышту, якія я прэвэнтыўна адбыў 25–27 сакавіка».

Гучна лаяцца я ў прынцыпе не магу. Пасьля апэрацыі ў анкалягічным цэнтры голас страціўся

Актывіста РЭП Віктара Казлова амапаўцы палку патрульна-паставой службы УУС Гомельскага аблвыканкаму Аляксандар Сярдзюк, Раман Курбатаў і Аляксандар Саўчанка затрымалі ўранку 25 сакавіка ў вёсцы Цярэшкавічы, калі ён выпраўляўся ў Гомель, каб удзельнічаць у «Маршы недармаедаў-2». Спачатку завезьлі ў райаддзел, адтуль прэвэнтыўна адправілі ў ізалятар, дзе ён двое сутак правёў за кратамі. У сваіх рапартах службоўцы напісалі: акурат 25 сакавіка ў аграгарадку Цярэшкавічы яны ахоўвалі грамадзкі парадак. Ехалі на аўтамашыне па вуліцах з хуткасьцю ня больш за 20 кілямэтраў у гадзіну і пачулі, што Казлоў гучна крычаў, лаяўся матам. Яны, канечне, спыніліся, папярэджвалі Казлова, але той на заўвагі не рэагаваў.

Такія расповеды выклікалі сьмех і зьдзеклівыя рэплікі на адрас амапаўскіх сьведак. Бо перад гэтым жыхар Цярэшкавічаў Віктар Тамашоў, які ішоў з Казловым па вуліцы на прыпынак грамадзкага транспарту, расказаў, як да іх падляцеў міліцэйскі УАЗік. Амапаўцы толькі спыталі прозьвішча ў Казлова і адразу запіхнулі яго ў машыну:

«Я, можа, два крокі зрабіў, як міліцэйская машына з Казловым адʼехала. Такое толькі ў кіно па тэлевізары бачыў», — казаў суду Тамашоў.

Да таго ж Віктар Казлоў яшчэ 4 красавіка прадставіў суду даведкі з анкалягічнага цэнтру, дзе яму выдалілі паўлёгкага. Пасьля апэрацыі ён наагул крычаць ня можа і размаўляе пераважна шэптам.

Гомельскі палітык Васіль Палякоў, які прысутнічаў на судзе і сам адседзеў нібыта за хуліганства 25 сакавіка 8 сутак арышту, лічыць, што штраф Казлову цалкам чаканы, хоць і крыху меншы, чым звычайна:

«Судовая сыстэма цяпер ня можа даваць збоі — яе рыхтуюць да наступных рэпрэсіяў, наступных прысудаў. Наперадзе — даволі цікавы час. Абвастрэньне сацыяльна-эканамічных праблемаў будзе выштурхоўваць людзей на вуліцу. Улады, выкарыстоўваючы міліцыю і суды, будуць гэтаму супрацьдзейнічаць. Таму судзьдзя Застаўнецкая не магла па-іншаму паводзіць сябе, вынесьці іншы прысуд. Судзьдзям даводзіцца ісьці на зьдзелку з сумленьнем, пераступаць церазь сябе і свае прынцыпы і станавіцца саўдзельнікамі рэпрэсіяў, па сутнасьці — саўдзельнікамі злачынства».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG