Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс у Гамбіі: Сэнэгал і Нігерыя ўвядуць войскі, калі прэзыдэнт, які кіруе з 1994 году, не прызнае сваёй паразы на выбарах


Прэзыдэнт Гамбіі Яг’я Джамэ
Прэзыдэнт Гамбіі Яг’я Джамэ

Прэзыдэнт Гамбіі Яг’я Джамэ, што кіруе краінай з 1994 году, адмовіўся пакідаць сваю пасаду пасьля паразы на выбарах. Суседнія афрыканскія краіны гатовыя ўвесьці войскі ў Гамбію, калі Джамэ тэрмінова не пагодзіцца перадаць уладу апазыцыі.

Апазыцыянэр з Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Адама Бэраў атрымаў на выбарах, што прайшлі 1 сьнежня, больш за 43% галасоў, Джамэ — толькі 39,6%. У сувязі з гэтым Джамэ заявіў пра «анамаліі» ў галасаваньні і заклікаў арганізаваць перавыбары.

Як паведамляе BBC, серада павінна была стаць апошнім афіцыйным днём Яг'я Джамэ на пасадзе прэзыдэнта краіны, якую ён займаў з 1994 году, аднак парлямэнт падоўжыў яго прэзыдэнцтва яшчэ на тры месяцы, пакуль Вярхоўны суд краіны будзе разглядаць пазоў на вынікі выбараў. У свой перадапошні афіцыйны дзень на пасадзе Джамэ заявіў аб увядзеньні надзвычайнага становішча, што было ўспрынята як спроба захаваць за сабой прэзыдэнцкі пост і ўладу ў краіне.

Кіраўніцтва Сэнэгалу ўжо выказала гатоўнасьць уварвацца на тэрыторыю суседняй дзяржавы з мэтай вырашыць палітычны крызіс. Дазвол на ўварваньне ў Гамбію ўладам Сэнэгалу выдала Эканамічная супольнасьць заходнеафрыканскіх дзяржаў.

У заяве прадстаўніка ўзброеных сілаў Сэнэгалу гаворыцца, што армія ўжо прыведзена ў поўную гатоўнасьць. Нігерыя паведаміла, што ў выпадку неабходнасьці яна падтрымае сэнэгальскія сухапутныя войскі падчас іх уварваньня ў Гамбію. Сухапутныя войскі таксама выдзеліла Гана.

Рэгулярныя ўзброеныя сілы Сэнэгалу налічваюць каля 20 тысяч чалавек, колькасьць узброеных сілаў Гамбіі ацэньваецца ў 2,5 тысячы чалавек.

СМІ паведамляюць, што ў сталіцы Гамбіі склалася напружаная сытуацыя, кантрольна-прапускныя пункты па ўсім горадзе ўкамплектаваныя добра ўзброенымі сіламі бясьпекі. Тысячы людзей зьбеглі ў суседнія краіны ці сельскія раёны, баючыся актаў і гвалту.

Дзярждэпартамэнт ЗША заклікаў прэзыдэнта Джамэ да мірнай перадачы ўлады Бэраў ужо ў чацьвер.

Гамбія — самая малая краіна кантынэнтальнай Афрыкі з насельніцтвам каля 1,9 млн чалавек. Яна адна з найгоршых у сьвеце індэксам чалавечага разьвіцьця — 175-е месца са 188 (зьвесткі на 2015 год). Каля траціны насельніцтва жыве па-за мяжой беднасьці.

51-гадовы Яг'я Джамэ займаў прэзыдэнцкую пасаду ад 1994 году. Ён прыйшоў да ўлады ў выніку вайсковага перавароту і зьвяржэньня прэзыдэнта Дауды Кайрабы Джавары, які кіраваў краінай ад 1965 году, з часоў атрыманьня незалежнасьці ад Вялікай Брытаніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG