Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актор Арцём Бародзіч ня быў на апэратыўным уліку. Чаму да яго прыйшлі з вобшукам?


Арцём Бародзіч

Арцём Бародзіч

Другі дзень працэсу над акторам Арцёмам Бародзічам у Кастрычніцкім судзе Менску прынёс нечаканую навіну: актор не стаяў на апэратыўным уліку ў вайсковай частцы Памежных войскаў № 1250, афіцэры якой завялі на яго крымінальную справу за распаўсюд наркотыкаў. Пра гэта суду паведаміў камандзір вайсковай часьці, куды напярэдадні пасьля хадайніцтва пракуратуры быў адпраўлены запыт.

З матэрыялаў крымінальнай справы стала вядома, што афіцэры вайсковай часьці № 1250 Далідовіч і Суша, якія бралі ўдзел у сьледчых дзеяньнях пасьля затрыманьня актора 22 кастрычніка 2015 году, на падставе пратаколу аб вобшуку кватэры Арцёма Бародзіча завялі на яго крымінальную справу. Паводле абаронцы Арцёма Бародзіча, завядзеньне крымінальных спраў знаходзіцца ў кампэтэнцыі органаў дазнаньня, сьпіс якіх агавораны законам. Між тым у адкрытым доступе няма зьвестак, што вайсковая часьць № 1250 знаходзіцца ў сьпісе органаў дазнаньня і яе афіцэры маюць паўнамоцтвы заводзіць на любога з грамадзянаў краіны крымінальныя справы. 24 лютага адвакат Бародзіча зноў прасіла суд зрабіць запыт адносна паўнамоцтваў гэтай вайсковай часьці і яе афіцэраў. Арцём Бародзіч таксама далучыўся да хадайніцтва. Але судзьдзя Ўладзімер Давыдаў хадайніцтва не задаволіў і не патлумачыў прычыну адмовы.

Назіральнікі за працэсам адзначаюць, што па-ранейшаму застаецца незразумелым, якім чынам Арцём Бародзіч трапіў пад увагу вайскоўцаў-памежнікаў і чаму менавіта яны рабілі ў ягонай кватэры вобшук.

Арцём Бародзіч на лаве падсудных

Арцём Бародзіч на лаве падсудных

Працэс над Арцёмам Бародзічам адновіцца 1 сакавіка. Будуць агледжаныя рэчавыя доказы віны актора ў распаўсюдзе наркотыкаў, якія сабрала сьледзтва.

Арцёма Бародзіча арыштавалі ў канцы студзеня і празь месяц пачалі судзіць за распаўсюд наркотыкаў. Актору пагражае 8 гадоў зьняволеньня. Арцём Бародзіч сваю віну на судзе прызнаў часткова — што набыў 50 грамаў марыхуаны, якую захоўваў у сябе дома, але трымаў наркотык выключна для ўласнага карыстаньня. «Нікому не перадаваў і не прадаваў», — заявіў суду Арцём Бародзіч і запэўніў, што раскайваецца ў тым, што зрабіў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG