Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарвыканкам адмовіў у правядзеньні акцыі Дня памяці і смутку 7 лістапада.

Пра гэта паведаміў у фэйсбуку Юрась Губарэвіч.

Ён таксама напісаў, што «збор удзельнікаў, як і абвешчана, 12:00 каля будынка КДБ».

Заяўку на правядзеньне акцыі 7 лістапада падавалі старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і адзін з сузаснавальнікаў БХД Віталь Рымашэўскі.

«Мы будзем ладзіць тое, што задумалі»

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Анатоль Лябедзька сказаў, што арганізатары прагназавалі такое рашэньне ўладаў адносна акцыі памяці і смутку 7 лістапада.

«Але, тым ня менш, мы будзем ладзіць тое, што задумалі. Не ў шырокім фармаце. Мы ўсе ж не хацелі б, каб наступствам гэтай акцыі сталі нейкія рэпрэсіі ў адносінах да людзей. Таму мы ня будзем масава клікаць грамадзян Беларусі, каб яны далучыліся да акцыі 7 лістапада. Разам з тым, як мінімум на трох, мы гэтую акцыю зладзім.

Для нас вельмі важна, каб у грамадзтве была дыскусія, ці патрэбныя нам такія дары таталітарнай краіны, чаму мы бярэм тое, з чым не зьвязаная наша гісторыя і ня будзе зьвязаная наша будучыня.

Акцыя пройдзе, мы сваё стаўленьне выкажам

Мы ўжо абмяркоўвалі фармат гэтага мерапрыемства. Мы плянуем перадаць уладам нашы прапановы, каб 7 лістапада не адзначалася як дзяржаўнае сьвята. Мы зробім прапанову, чым гэта можна замяніць. Па-другое, мы цяпер абмяркоўваем правядзеньне флэшмобу на тэму, ці патрэбныя нам атрыбуты той таталітарнай савецкай сыстэмы, такія, як пэўныя назвы вуліцаў. То бок акцыя пройдзе, мы сваё стаўленьне выкажам».

Лябедзька дадаў, што ўлады не задавальняюць пераважную бальшыню заявак на правядзеньне масавых акцыяў.

«Улады прыдумляюць розную матывацыю. Гэта яшчэ адзін тэст для ўлады. Бо падчас сустрэч зь міжнароднымі гасьцямі, партнэрамі яны кажуць, што, маўляў, апазыцыя не падае заявак, а так мы б іх задавальнялі. Ну вось падалі. Што атрымалі — гэта таксама тэставы рэжым».

Віталь Рымашэўскі сказаў, што ўлады адмовілі ў правядзеньні акцыі зь дзьвюх прычын.

«Улады нам накіравалі адказ, што яны ў прынцыпе адмаўляюць, і пералічваюць дзьве прычыны. Тое, што я і Анатоль Лябедзька, двое заяўнікаў, ня могуць быць заяўнікамі, паколькі мы мелі адміністрацыйныя пакараньні за правядзеньне аналягічных мерапрыемстваў. Па-другое, што нібыта інфармацыя пра акцыю была распаўсюджаная загадзя. Хоць гэта абсалютная хлусьня. Мы распаўсюджвалі інфармацыю, што пададзеная заяўка, што мы зьбіраемся правесьці акцыю 7 лістапада. І абвінавачаньні з боку Менгарвыканаму гучаць цынічна і абсурдна».

Віталь Рымашэўскі сказаў, што цягам бягучага году меў пакараньні штрафам за ўдзел у акцыях супраць фальсыфікацыі выбараў і за тое, што быў арганізатарам акцыі 25 сакавіка.

«Я лічу незаконным тое, што мне адмовілі ў правядзеньні акцыі. Бо гэта парушэньне маіх канстытуцыйных правоў. Мы ведалі, што Менгарвыканкам незаконна адмаўляе, але вырашылі быць заяўнікамі. Рэпрэсіўныя дзеяньні ўлады накіраваныя на тое, каб усіх актыўных людзей правесьці праз судовую сыстэму штрафаў, выбіць спачатку лідэраў, а потым актывістаў. І гэта абсалютна супрацьзаконна. І я хачу заявіць, што 7 лістапада ў 12 гадзін я буду каля будынку КДБ, я як грамадзянін буду ўшаноўваць памяць ахвяраў НКВД, КДБ і злачыннага савецкага камуністычнага рэжыму. Што да фармату правядзеньня акцыі, то мы яшчэ будзем раіцца з правацэнтрыстамі. Але ніхто ня можа забараніць усім ахвотным узяць зь мяне прыклад, зь Юрася Губарэвіча, Анатоля Лябедзькі і ўшанаваць памяць. Гэта наша нацыянальная ганьба, што 7 лістапада сьвяткуецца як дзяржаўнае сьвята».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG