Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Акцыянэр газэты «Белорусы и рынок» Зьміцер Новікаў абяцае дзейнічаць жорстка


Зьміцер Новікаў

Зьміцер Новікаў

Адзін з трох новых акцыянэраў штотыднёвіка «Белорусы и рынок», якія валодаюць 75 працэнтамі акцыяў, у інтэрвію Свабодзе адказаў на прэтэнзіі калектыву рэдакцыі, у тым ліку на выказаны ўчора недавер галоўнаму рэдактару.

Журналісты тыднёвіка «Белорусы и рынок» на афіцыйнай старонцы газэты ў Facebook учора па выніках сходу калектыву апублікавалі зварот, у якім выказалі недавер новай галоўнай рэдактарцы — Валянціне Вештарт.

Два месяцы таму зьмяніўся склад акцыянэраў закрытага акцыянэрнага таварыства «Мэдыярынак», якое выступае заснавальнікам штотыднёвіка «Белорусы и рынок».

Заснавальнік, галоўны рэдактар Вячаслаў Хадасоўскі, які кіраваў газэтай на працягу ўсіх 25 гадоў існаваньня, перайшоў на пасаду шэф-рэдактара. І прадаў частку сваіх акцыяў некалькім прыватным асобам, у ліку якіх — генэральны дырэктар «Эўрарадыё» Зьміцер Новікаў. Новыя акцыянэры прызначылі новага галоўнага рэдактара — колішнюю журналістку «Экономической газеты», былую рэдактарку часопіса «Белорусское сельское хозяйство» Валянціну Вештарт. Але творчы калектыў не спрацаваўся з новым кіраўніком.

Зьміцер Новікаў даў эксклюзіўнае інтэрвію Радыё Свабода.

— Калектыў рэдакцыі патрабуе зьмены галоўнага рэдактара, якога 2 месяцы таму прызначылі акцыянэры, і пагражае масавымі звальненьнямі. Ці гатовыя вы памяняць кіраўніка?

— Зьмяніць галоўнага рэдактара? Навошта ж тады мы яго прызначалі? Галоўны рэдактар яшчэ і не пасьпеў нават папрацаваць. Таму што, на жаль, народ не згадзіўся на супрацу. Спадзяюся, што, можа, бліжэйшым часам сытуацыя выправіцца.

— Але касьцяк рэдакцыі катэгарычна выступае супраць новага галоўнага рэдактара. У чацьвер адбыўся сход, і калектыў рэдакцыі выказаў недавер новай кіраўніцы. Як мінімум восем журналістаў выданьня ў панядзелак пагражаюць пакласьці заявы аб звальненьні.

—Я пра гэта ня ведаю. Але што я магу зрабіць? Кожны мае права рабіць, што хоча.

— А чаму выбар новых акцыянэраў паў менавіта на Валянціну Вештарт? Я б не сказала, што яна асоба вельмі вядомая нават у журналісцкіх колах...

— У яе эканамічная адукацыя. Яна працавала ў Інтэрфаксе, у «Национальной экономической газете», іншых выданьнях, і ў яе вельмі добра з матэматыкай. Так, па характары яна такая... як сказаць... не ласкавая, шмат слоў ня кажа. Я ж яе раней таксама ня ведаў. Але калі мы паглядзелі, хто што прапаноўвае, менавіта Вештарт канкрэтна ўсё расклала матэматычна — што і як трэба зрабіць. То бок яна прадэманстравала ўсё ясна і дакладна. Калі мы пачыналі размаўляць зь іншымі кандыдатамі, тыя казалі, што трэба спачатку распрацаваць канцэпцыю, замовіць сацыялягічнае дасьледаваньне рынку, разводзілі дэмагогію. А яна была вельмі канкрэтная. Так, яна прамая, некантактная. Таму мы яе і выбралі. Іншы б ня здолеў зрабіць рэформы. Але і яна не змагла пакуль гэта пацягнуць, таму што так наваліліся на яе з усіх бакоў.

— А ў новага галоўнага рэдактара ёсьць нейкі пэўны выпрабавальны тэрмін? Ці ставілі акцыянэры ёй нейкія ўмовы — дапусьцім, за паўгода яна павінна зрабіць газэту самаакупнай?

— Паводле беларускага заканадаўства немагчыма кагосьці наймаць на выпрабавальны тэрмін. З другога боку, паколькі мы прапанавалі чалавеку ачоліць газэту, нам цікава, каб чалавек змог ажыцьцявіць зьмены. Таму мы дамовіліся, што пасьля трох месяцаў працы паглядзім, што ў яе атрымалася, ці ёсьць пазытыўная дынаміка.

Сытуацыя так склалася, што Валянціне Вештарт на працягу двух месяцаў фактычна не дазволілі працаваць

На жаль, сытуацыя так склалася, што Валянціне Вештарт на працягу двух месяцаў фактычна не дазволілі працаваць. Яна не зрабіла ніводнага кадравага рашэньня. Усе людзі, якія працавалі, працуюць. Заробкі засталіся на ранейшым узроўні. То бок ніякіх зьменаў увогуле пакуль не адбылося. Рэформы не пачаліся.

Я спадзяюся, што рэформы пачнуцца з красавіка. Мне вельмі шкада, што мы згубілі два месяцы, мы яшчэ глыбей загналі газэту ў тупіковую сытуацыю — дзякуючы таму супрацьстаяньню, якое адбылося з боку калектыву. То бок нежаданьню рабіць рэформы. Сытуацыя яшчэ больш ускладнілася. Таму давядзецца ў красавіку больш жорстка дзейнічаць. Мы больш ня можам «гуляцца» ў нейкія перамовы. Інакш проста будзем вымушаныя закрыць гэтае выданьне. А гэтага ніхто ня хоча.

Відавочна, што ўжо не адбудзецца таго плаўнага пераходу, на які мы спадзяваліся. Прыйдзецца прымаць вельмі канкрэтныя рашэньні. Я пакуль ня ведаю, як гэта будзе выглядаць. Трэба яшчэ раз усё прааналізаваць. І хоць рэклямны рынак паціху ажыўляецца, ня так проста ўсё хутка паправіць. То бок рэдактар павінен пачаць працаваць. Калектыў павінен яму даць магчымасьць працаваць. Пакуль калектыў не пайшоў на супрацоўніцтва з новым галоўным рэдактарам. Гэта не на карысьць газэце. Але гэта не віна чалавека, які прыйшоў.

— Вось зараз прыйшлі новыя акцыянэры з плянамі зьмяніць рэдакцыйную палітыку, з новай канцэпцыяй — я правільна разумею? Якой павінна быць газэта, на ваш погляд?

— Цяпер выданьне ў вельмі складанай эканамічнай сытуацыі. Каб выйсьці зь яе, неабходна рэфармаваць газэту. Па-першае, трэба, каб быў балянс паміж прыбыткамі і выдаткамі. А з другога боку, газэта павінна стаць больш цікавай, больш інфарматыўнай, таму што ёсьць праблемы з апэратыўнасьцю эканамічнай інфармацыі. Газэта павінна быць цікавай, прадавацца. Таму неабходна выцягнуць яе з крызісу. Для гэтага трэба, каб калектыў пачаў супрацоўнічаць з чалавекам, які, як нам здаецца, разумее і ведае, што трэба рабіць. Што тычыцца кадраў, у рэдакцыі ёсьць людзі, якія прысутнічаюць вельмі фрагмэнтарна, скажам так. Таму трэба перагледзець і кадравую палітыку. Былі перамовы з журналістамі на гэты конт і прапановы.

Цяпер выданьне ў вельмі складанай эканамічнай сытуацыі. Каб выйсьці зь яе, неабходна рэфармаваць газэту

— Але калектыў таксама выпрацаваў новую канцэпцыю, праект рэдакцыйнай палітыкі, зь якім спадарыня Вештарт катэгарычна не пагаджаецца.

— Насамрэч канцэпцыя павінна была выпрацоўвацца разам з новым галоўным рэдактарам Валянцінай Вештарт і шэф-рэдактарам Вячаславам Хадасоўскім. Гэта было прапісана на апошняй сустрэчы. Павінна было быць супрацоўніцтва. Валянціна Вештарт яшчэ месяц таму прадставіла сваю вэрсію і прасіла яе дапрацоўваць, дадаваць. А калектыў дэманстратыўна ня хоча супрацоўнічаць з новым галоўным рэдактарам. І ў тым праекце, што зрабіў калектыў, ёсьць моманты, якія ніяк з канцэпцыяй рэдакцыйнай палітыкі не зьвязаныя. Там нейкія асабістыя пажаданьні і гэтак далей. Па-другое, гэта дакумэнт, скажам так, абсалютна фармальны, які павінен у рэдакцыі дапрацоўвацца гадамі. Але, улічваючы, што адказнасьць за выданьне нясе галоўны рэдактар, гэтая асоба прымае рашэньні, што і як рабіць далей.

— Але пры гэтым, пагадзіцеся, ня так шмат у Беларусі журналістаў, якія пішуць цікава і прафэсійна на эканамічныя тэмы. У журналісцкім асяродзьдзі лічаць, што менавіта ў тыднёвіку «Белорусы и рынок» працуе эканамічная эліта. І многія чытачы выпісваюць, купляюць гэтую газэту, каб пачытаць пэўных журналістаў, экспэртаў. Зьбіраюцца звальняцца менавіта яны.

— Справа ў тым, што ў газэце сапраўды ёсьць група вельмі моцных экспэртаў, аналітыкаў, якія лічацца лепшымі ў пэўных галінах. Да прыкладу, вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін, экспэрт у нафтагазавай, энэргетычнай галіне Тацяна Манёнак. Ім, можна ўпэўнена сказаць, няма роўных. І вельмі б хацелася, каб гэтыя людзі і далей працавалі. І зь імі вяліся і вядуцца перамовы. Але ў газэце павінна зьявіцца і апэратыўная сьвежая інфармацыя. Цяпер, на жаль, у газэце шмат разважаньняў экспэртаў, аналітыкі, але мала розных меркаваньняў.

У газэце сапраўды шмат праблемаў. У яе малы наклад, яна слаба прадаецца, яе чытае абмежаванае кола людзей. Таму трэба зьмяніць альгарытм працы, падыходы. Натуральна, мы зацікаўленыя, каб прафэсіяналы засталіся і працягвалі працаваць. Каб вярнуць газэту да таго ўзроўню, зь якога яна пачынала — была насамрэч галоўным эканамічным выданьнем краіны.

— Але калі на наступным тыдні значная частка рэдакцыі пакладзе заявы аб звальненьні, ці будзеце вы ўгаворваць прафэсіяналаў застацца?

— Думаю, што так. Але доўга ўгаворваць ніхто нікога ня будзе. Усе бакі канфлікту ўжо ўсё сказалі, што хацелі. Цяпер павінен здаровы сэнс перамагчы.

Фота Зьмітра Новікава — mediakritika.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG