Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнагорыя абвясьціла ў вышук Інтэрполу расейцаў Эдуарда Шырокава і Ўладзіміра Папова


Рэчавыя доказы ў справе аб нападзе ў Чарнагорыі
Рэчавыя доказы ў справе аб нападзе ў Чарнагорыі

Чарнагорыя абвясьціла ў міжнародны вышук па лініі Інтэрполу расейцаў Эдуарда Шырокава і Ўладзіміра Папова, паведамляюць дзяржаўная тэлерадыёкампанія Чарнагорыі і газэта Dnevne novine.

Як адзначае Dnevne novine, абвяшчэньне ў вышук зьвязанае з тым, што ў Чарнагорыі няма фармальна-прававой магчымасьці папрасіць выдачы Шырокава і Папова ў Расеі, за выключэньнем выпадкаў, калі яны апынуцца за яе межамі.

Шырокава і Папова падазраюць у нядаўнім замаху на прэм’ер-міністра Міла Джуканавіча і спробе дзяржаўнага перавароту. Палітыка нібыта плянавалі забіць снайпэрскім стрэлам у 11 гадзін вечара 16 кастрычніка — у дзень парлямэнцкіх выбараў у краіне, на якіх перамагла кіруючая партыя.

Пасьля гэтага змоўшчыкі нібыта плянавалі пераапрануцца ў паліцэйскую форму і дапамагчы апазыцыі захапіць ўрадавыя будынкі і будынак парлямэнту Чарнагорыі ў Падгорыцы. За гэтую апэрацыю павінен быў адказваць былы кіраўнік сэрбскай жандармэрыі Браціслаў Дзікіч, які стварыў пасьля звальненьня са службы прарасейскі «Патрыятычны фронт Сэрбіі».

Канчатковай мэтай змовы стаў бы прыход да ўлады прарасейскай партыі.

«У нас няма доказаў дачыненьня расейскага ўраду, але ёсьць доказы таго, што арганізатарамі былі двое рускіх нацыяналістаў, — заявіў адразу пасьля спробы перавароту спэцпракурор Мілівое Катніч. — Гэтыя людзі знаходзіліся пад кантролем Спэцпрокуратуры Сэрбіі, якая перашкодзіла ім ажыцьцявіць іх плян. Цяпер яны больш ня знаходзяцца на тэрыторыі Сэрбіі. Ня ведаю, дзе яны, у Расеі ці дзесьці яшчэ».

Крэмль абвінавачаньні ў дачыненьні да перавароту катэгарычна адпрэчыў. Чарнагорскія праваахоўныя органы сьцьвярджаюць, што зьвязваліся з Расеяй і прасілі дапытаць Шырокава і Папова, але не атрымалі адказу.

Паводле падазрэньня ў падрыхтоўцы тэрактаў у Чарнагорыі раней затрымалі 20 грамадзян Сэрбіі. Але арганізатарамі, сьцьвярджаюць чарнагорскія вайскоўцы, нібыта былі менавіта расейцы, якія каардынавалі працу ў Чарнагорыі праз Аляксандра Сінджэліча — сэрба, які ваяваў у Данбасе і вядомы вельмі радыкальнымі нацыяналістычнымі перакананьнямі. Сінджэліча чарнагорскія праваахоўныя органы таксама абвясьцілі ў міжнародны вышук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG