Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што паказаў закрыты суд над Эдуардам Пальчысам


Эдуард Пальчыс
Эдуард Пальчыс

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Валер Каліноўскі і Валер Карбалевіч.

Каліноўскі: У пятніцу, 28 кастрычніка, а дзясятай раніцы чакаецца вырак блогеру Эдуарду Пальчысу, вядомаму як Джон Сыльвэр, заснавальніку сайта www.1863х. com, які пісаў пра расейскую агрэсію супраць Украіны, пра пагрозы незалежнасьці Беларусі, пра складаную гісторыю змаганьня беларусаў супраць Расейскай імпэрыі. Пракурор патрабуе для Пальчыса 3,5 года зьняволеньня.

Ён вёў вайну сам-насам з прапагандай «русского мира», якая апанавала расейскую тэлевізію і інтэрнэт, уплывала моцным чынам на Беларусь. І вёў Эдуард сваю барацьбу пасьпяхова, ягоныя публікацыі былі заўважныя, прычым настолькі, што яго самога спэцслужбы вылічылі і арыштавалі, а паралельна расейскія шавіністычныя сілы нават стварылі амаль што клон ягонага сайта — сайт з падобнай назвай http://1863x. net/, але з процілеглай інфармацыяй і прапагандай — фактычна прапагандуючы ідэі заходнерусізму, што, маўляў, беларусаў як нацыі няма.

Спэцслужбы вылічылі Пальчыса, арыштавалі, трымалі месяц у псыхушцы, адпусьцілі пад падпіску. Потым ён зьехаў ва Ўкраіну, але вымушана выехаў у Расею, дзе яго арыштавалі і перадалі ў Беларусь. Цяпер яго судзяць за нібыта распальваньне міжнароднай варажнечы, і прыплялі яшчэ распаўсюд парнаграфіі. У Расеі падобных судоў шмат апошнім часам адбываецца, там судзяць і паэтаў, і блогераў. Для Беларусі гэта апошнім часам у навіну.

Праваабаронцы мяркуюць, што ў працэсе могуць называцца імёны апэратыўных супрацоўнікаў спэцслужбаў Расеі і Беларусі.

Адметнасьць суду над Пальчысам — што ён закрыты. Гэта зроблена з ініцыятывы Сьледчага камітэту. Судзьдзя пастанавіў закрыць працэс, бо, маўляў, могуць быць агучаныя дзяржаўныя таямніцы. Якія таямніцы, судзьдзя і сьледчыя так і не патлумачылі больш выразна. Праваабаронцы мяркуюць, што ў працэсе могуць называцца імёны апэратыўных супрацоўнікаў спэцслужбаў Расеі і Беларусі.

Такім чынам, галоўная выснова з закрытага суду — шчыльнае супрацоўніцтва беларускіх і расейскіх спэцслужбаў, што ў прынцыпе не навіна. Але калі ўлічыць, якім чынам расейская ФСБ дэстабілізуе сытуацыю ва Ўкраіне, як там падкупляюць чыноўнікаў, праваахоўнікаў, то гэта падкрэсьлівае небясьпеку, у якой апынаецца Беларусь праз такую супрацу.

Другая выснова — беларускія ўлады судом над Пальчысам прамацваюць Захад на трываласьць. Калі пасьля прысуду, які, магчыма, будзе зьвязаны з турэмным зьняволеньнем, Захад не перарве кантакты, працягне даваць крэдыты, то ўся карная сыстэма ў Беларусі зноў запрацуе. Яна зьнізіла абароты, але гатовая ў любы момант выканаць каманду «фас». Таму прысуд Пальчысу будзе такім тэстам і для Захаду.

Але тут Лукашэнка ня можа не зрабіць рэвэранс і ў бок Расеі. Калі ня даць Пальчысу рэальны тэрмін, акажацца, што Беларусь як бы падтрымала пазыцыю Пальчыса. Так што сытуацыя з Пальчысам складаная, і калі б не расейская праваахоўная сыстэма, якая перадала яго ў Беларусь, уладам было б выгадна не заўважаць дзейнасьць Пальчыса.

Карбалевіч: Для мяне ў пэўным сэнсе гэты суд — нейкая загадка. Бо па нармальнай лёгіцы гэты працэс непатрэбны і беларускай уладзе. Навошта ўладам яшчэ адзін палітвязень? МЗС ладзіць вялікія намаганьні для нармалізацыі адносін з Захадам. І тут на табе — новы палітвязень. Адно другому супярэчыць.

Вось і Валер Каліноўскі, а таксама экспэрты і журналісты тлумачаць гэты працэс тым, што, маўляў, Лукашэнка хоча спадабацца Расеі, бо Пальчыс яе жорстка крытыкаваў. Але тады навошта суд робяць закрытым? І да таго ж цяпер адносіны Беларусі з РФ даволі складаныя і напружаныя, Менск робіць дэманстратыўныя захады, каб паказаць незалежнасьць. Макей у Варшаве заявіў, што ўмацаваньне незалежнасьці ад Расеі — адна з задач кіраўніцтва Беларусі. Палітыка Расеі ва Ўкраіне рэальна напружвае афіцыйны Менск. Не выпадкова афіцыйна беларускія ўлады не падтрымалі Расею ў яе канфлікце з Украінай і Захадам. І шмат пішуць пра «мяккую беларусізацыю». А менавіта на гэтым і рабіў акцэнт Пальчыс на сваім сайце.

Лукашэнка стаў закладнікам свайго палітычнага пастуляту, што дзякуючы дзяржаўнай палітыцы ў Беларусі няма міжнацыянальнай і міжрэлігійнай варажнечы, пануе мір і парадак.

Думаю, галоўнае тут усё ж другое. Лукашэнка стаў закладнікам свайго палітычнага пастуляту, што дзякуючы дзяржаўнай палітыцы ў Беларусі няма міжнацыянальнай і міжрэлігійнай варажнечы, пануе мір і парадак. Маўляў, ва ўсім сьвеце бушуюць жарсьці на гэтым тле, і ўкраінскі крызіс можна трактаваць як міжнацыянальны канфлікт. Маўляў, украінскія нацыяналісты пачалі прыцясьняць рускіх і расейскамоўных, таму і здарыўся канфлікт. У Сырыі вайна пачалася як міжрэлігійны і міжнацыянальны канфлікт. Міграцыйны крызіс у Эўропе таксама выліваецца ў міжнацыянальны канфлікт, там расьце ўплыў правых партыяў, якія выступаюць супраць мігрантаў.

І вось на гэтым тле Беларусь — выспа міру і парадку. А Пальчыс нібыта паспрабаваў распальваць міжнацыянальную варажнечу. І вось строгая ўлада яго карае. Каб іншым было непанадна.

Але і ў такім выпадку лягічна было б правесьці публічны працэс. А яго робяць закрытым.

Глод: Я даволі часта чую пытаньне: навошта беларускаму кіраўніцтву спатрэбілася справа Пальчыса? Здаецца ж, афіцыйны Менск паступова наладжвае кантакты з Эўразьвязам і Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Адбываецца пацяпленьне двухбаковых стасункаў, у Менску, Брусэля і Вашынгтона ёсьць пэўныя спадзяваньні на далейшы прагрэс. І раптам магчымае, а калі казаць дакладней, верагоднае зьяўленьне новага палітычнага вязьня. Ну ніяк быццам не кладзецца справа Пальчыса ў цяперашнюю палітыку беларускіх уладаў.

Зьнешне гэта сапраўды так. І, я думаю, магчыма, афіцыйны Менск насамрэч не хацеў бы гэтай гучнай справы. Бо тое, што яна выклікае незадавальненьне ў Эўразьвязе і ЗША, зразумела. Аднак беларускія ўлады цяпер пажынаюць плён сваёй новай палітыкі. Сутнасьць яе, як мне падаецца, у тым, каб весьці хітрую гульню адначасова з Захадам і з Расеяй. Пэўныя саступкі з боку Захаду ўжо дасягнутыя.

А вось дачыненьні з Крамлём пагаршаюцца. І таму патрэбны нейкі гучны крок, каб супакоіць каманду Пуціна. Маўляў, мы з вамі і адрывацца ад Расеі ня будзем ні ў якім выпадку.

Адмахнуцца ад гэтай справы немагчыма — Крэмль пакрыўдзіцца.

І тут зьяўляецца Эдуард Пальчыс. Адмахнуцца ад гэтай справы немагчыма — Крэмль пакрыўдзіцца. Калі запусьціць яе на поўныя абароты, то не зразумее Захад. Думаю, таму і зрабілі судовы працэс закрытым. Нават не таму, што падчас яго непазьбежна ўзьнікаюць дэталі, якія спэцслужбам не хацелася б агучваць. Болей дзеля таго, каб пра працэс менш пісалі. А пасьля вынясеньня прысуду Менск будзе спрабаваць патлумачыць складанасьць сытуацыі і Захаду, і Расеі.

Палітыка беларускіх уладаў — уседзець на двух крэслах — складаная палітыка. Тут часам непазьбежныя памылкі, непазьбежныя ахвяры. Такой ахвярай і стаў Эдуард Пальчыс.

Я думаю, гэта не апошні выпадак, бо асьцярожнае балянсаваньне паміж Расеяй і Эўразьвязам, паўтаруся, патрабуе час ад часу ахвяраў. Таму тут самы раз ставіць пытаньне: хто будзе наступным пасьля Пальчыса? Магчыма, Крэмль мог бы запатрабаваць ад Лукашэнкі большай ляяльнасьці. Але ж у Расеі хаўрусьнікаў цяпер зусім няшмат. І хоць у Маскве, зразумела, бачаць, як лявіруе кіраўнік Беларусі, пераціскаць гайкі ня могуць, каб іх не сарваць зусім. Бо ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі Расеі значэньне Беларусі як палітычнага і псыхалягічнага хаўрусьніка Масквы павышаецца.

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей у сваім варшаўскім інтэрвію казаў: тыя крокі, якія робяцца НАТО па ўмацаваньні сваёй прысутнасьці ў краінах Балтыі і ў Польшчы, хоць і павышаюць градус напружанасьці ў рэгіёне, усё ж не разглядаюцца ў Беларусі як непасрэдная пагроза яе бясьпецы.

Макей таксама адкрытым тэкстам заявіў пра жаданьне аслабіць эканамічную залежнасьць ад Масквы.

Пасьля такіх заяў трэба рэабілітавацца. І, я думаю, справа Эдуарда Пальчыса — крок да атрыманьня крамлёўскай індульгенцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG