Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі зноў зьявіцца шанец вярнуць Беларусі свабоду, мы яго ня выпусьцім» — у Менску прайшла акцыя да гадавіны рэфэрэндуму


Экс-кандыдаты ў прэзыдэнты Мікола Статкевіч і Ўладзімер Някляеў, а таксама Павал Севярынец зладзілі мітынг, прысьвечаны 20-й гадавіне рэфэрэндуму 1996 году.

На плошчы Свабоды сабраліся каля сотні чалавек, сярод прысутных былі як вядомыя актывісты, так і звычайныя беларусы. Людзі трымалі плякаты з надпісамі «R.I.P. Belarus 1996–2016», «Зь юбілеем элегантнай перамогі!» ды іншыя. Моладзь прынесла многа бел-чырвона-белых сьцягоў.

Акцыя пачалася з прамовы паэта і палітыка Ўладзімера Някляева.

«Сёньня Беларусь — гэта краіна, дзе фактычна правіць крымінал. Той рэфэрэндум быў праведзены крымінальным чынам. Але мы ўсё памятаем. Давайце прыгадаем тых змагароў, хто не пабаяўся і ня ўцёк зь Беларусі. І верце, цяперашняе сяброўства рэжыму з Захадам — падман, усё гэта несапраўднае і рухне ў адзін дзень», — заявіў Някляеў.

«Мы маем досьвед барацьбы, і калі зноў зьявіцца шанец вярнуць Беларусі свабоду, мы яго ня выпусьцім», — дадаў Мікалай Статкевіч.

Прысутныя на акцыі ўшанавалі зьніклых палітыкаў Юрыя Захаранку і Віктара Ганчара хвілінай маўчаньня. Таксама арганізатары запатрабавалі вызваленьня Ўладзімера Кондруся, Алеся Юркойця, Андрэя Бандарэнкі ды іншых.

Пасьля прамовы арганізатараў да мікрафона падышла жанчына:

«Я прыехала з Бабруйску. Усё жыцьцё адпрацавала на заводзе, берагла маёмасьць дзяржавы. Звольнілі мяне незаконна. Хадзіла па чыноўніках, дамагалася справядлівасьці, а мне адказвалі: „Ды хто ты такая?“. Я думаю, цяпер варта задаць тое ж пытаньне прэзыдэнту, які не бароніць народ. Яму абыякавыя праблемы і правы беларусаў. Гаранту Канстытуцыі пляваць на Канстытуцыю!», — сказала ўдзельніца акцыі.

Паводле праваабаронцаў, затрыманьняў і складаньня пратаколаў на ўдзельнікаў акцыі не было.

Рэфэрэндум 24 лістапада 1996 году адбыўся з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі і значна пашырыў паўнамоцтвы прэзыдэнта ў Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG