Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За наўмыснае заражэньне ВІЧ рэчыцкай прастытутцы пагражае да 3 гадоў


1 сьнежня — Усясьветны дзень барацьбы са СНІДам. У Беларусі цяпер 13 200 ВІЧ-інфікаваных. З пачатку 2014 году ўжо зарэгістравана больш за 1300 новых выпадкаў ВІЧ. Лячэньне аднаго інфікаванага ў год дзяржаве абыходзіцца ў 250 даляраў, цяпер лячэньне праходзяць 5 800 чалавек. Зь якімі праблемамі сутыкаюцца беларускія ВІЧ-інфікаваныя і што пагражае за наўмыснае заражэньне ВІЧ?

У сярэдзіне лістапада ў Рэчыцы падчас рэйду па барацьбе з прастытуцыяй была затрыманая 25-гадовая жанчына, у якой ВІЧ і якая сьвядома, ведаючы, што інфікаваная, заражала сваіх кліентаў. Жанчыну зьмясьцілі ў СІЗА, тым больш, што яна неаднаразова прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасьці за прастытуцыю. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу. Жанчына па памяці назвала імёны двух дзясяткаў чалавек, самаму малодшаму зь якіх — 29 гадоў, самаму старэйшаму — 70, распавёў начальнік аддзела па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі Рэчыцкага РАУС Алег Марчык:

«На пытаньне, чаму яна не папярэджвала людзей, што ў яе ВІЧ-інфэкцыя, яна адказвала, што гэта помста за тое, што яе хтосьці заразіў. І яна таксама вырашыла заразіць іншых, такім чынам адпомсьціць».

Рэчыцкія мэдыкі настойліва раяць здаць аналізы на ВІЧ усім мужчынам, якія знаходзяцца ў групе рызыкі. Лекар-эпідэміёляг Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Валянціна Быкава тлумачыць:

«У выніку разьвіўся ланцужок перадачы ВІЧ. Таму ідзе расьсьледаваньне. Што тычыцца пастаноўкі дыягназу ВІЧ, калі пры лябараторным дасьледаваньні атрымліваецца станоўчы вынік, абавязкова запаўняецца эпідэміялягічная карта, і чалавек папярэджваецца аб крымінальнай адказнасьці ў выпадку заражэньня сваіх палавых партнэраў».

У аднаго кліента рэчыцкай прастытуткі тэст на ВІЧ станоўчы. Астатнія жывуць у страху і перажываньнях.

Намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Гаеўскі кажа, што тое самае адбываецца і з хворымі на іншыя інфэкцыі, якія распаўсюджваюцца полавым шляхам:

Ігар Гаеўскі
Ігар Гаеўскі

«Тое самае — пранцы, тое самае — ганарэя, калі чалавек ведае пра свой статус і паводзіць сябе такім чынам. Тут, выбачайце, нічога незвычайнага няма, — гэта жыцьцё, гэта грамадзтва. На жаль, гэта адбылося, але гэта адбываецца і пры іншых інфэкцыях, і з гэтай зьявай даводзіцца сутыкацца, лякалізоўваць і далей праводзіць прафіляктычную працу, каб такое не паўтаралася. Цяпер гэта здарылася ў Рэчыцы, але здараюцца такія эпізоды ня толькі ў Рэчыцы».

Рэчыцкай жанчыне пагражае да трох гадоў зьняволеньня. З пачатку году — гэта ўжо чацьвертая крымінальная справа, распачатая за наўмыснае заражэньне ВІЧ-інфэкцыяй. Але ў міліцыю зьвяртаецца толькі адзін са 100 заражаных ВІЧ. Бо дагэтуль у грамадзтве захоўваюцца стэрэатыпы, што інфікаваныя людзі небясьпечныя для іншых.

Яўген Сьпявак са Сьветлагорску на працягу 8 гадоў ачольвае «Беларускую супольнасьць людзей, што жывуць зь ВІЧ». На яго памяці было шмат выпадкаў дыскрымінацыі, звальненьня з працы такіх людзей. Пра гэтыя выпадкі ў арганізацыі ведаюць, але...

Ніводнага выпадку нам не ўдалося абнародаваць, давесьці да суду, адстаяць правы чалавека — менавіта таму, што самі людзі з-за боязі адмаўляюцца

«Але праблема ў тым, што нават у тым выпадку, калі людзей звальнялі з-за іх статусу (зразумела, зь іншых падставаў), мы не маглі нічога зрабіць, бо неабходная заява самога чалавека зь ВІЧ. А практычна ўсе людзі, што жывуць зь ВІЧ, асьцерагаюцца, што як толькі яны напішуць заяву, пра іх статус стане вядома шырокім колам. Ніводнага выпадку нам не ўдалося абнародаваць, давесьці да суду, адстаяць правы чалавека — менавіта таму, што самі людзі з-за боязі адмаўляюцца», — кажа Яўген Сьпявак.

За свае 18 гадоў зь ВІЧ Яўген дзясяткі разоў сутыкаўся з прыкрымі сытуацыямі, яму нават давялося пераехаць жыць з маленькага гарадка ў Сьветлагорск. Цяпер свой статус ён не хавае. Але працягвае сутыкацца з непрыемнымі дробязямі. Прычым, часьцей за ўсё, з боку саміх мэдыкаў:

«У мяне жонка ня ВІЧ-інфікаваная, і пэрыядычна, раз на паўгода яна правяраецца — усё ж такі мы жывем разам. Яна чарговым разам прыйшла ў паліклініку, у ананімны кабінэт, каб здаць кроў на аналіз. Ёй кажуць: «Не, так нельга, ідзіце, бярыце накіраваньне. Мы былі разам з жонкай. Я заходжу і пытаюся: „А што адбываецца? У ананімным кабінэце вы патрабуеце нейкае накіраваньне, хаця дзяржава гарантуе ананімнае абсьледаваньне?“ Яна кажа: „Валя, дай накіраваньне, няхай жонка Сьпевака ананімна здасьць“. Вы разумееце, што такое рэгіёны? Ясна, што ніхто ня хоча сьвяціцца са сваімі праблемамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG