Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дрэнна, што падаткі хочуць падвысіць якраз у крызіс...», — гаспадар аграсядзібы


Гаспадар аграсядзібы «Трычаўскі маёнтак» Пётра Сіняпкін

Гаспадар аграсядзібы «Трычаўскі маёнтак» Пётра Сіняпкін

Улады заявілі пра намер падвысіць падаткі для ўладальнікаў аграсядзібаў. Гаспадары гэтым незадаволеныя і кажуць, што могуць згарнуць бізнэс. Некаторыя гарадзенскія аграсядзібы наведаў наш карэспандэнт Міхал Карневіч.

На працягу многіх гадоў гаспадары аграсядзібаў у Беларусі плацяць дзяржаве ў якасьці падатку адну базавую велічыню, ніхто не даводзіць плянаў па колькасьці наведнікаў. Праўда, ніхто з боку дзяржавы і не ўкладае сродкаў у разьвіцьцё агратурызму.

Паводле афіцыйных дадзеных, на Гарадзеншчыне летась колькасьць наведнікаў аграсядзібаў сягнула 64 300 чалавек, прычым амаль 60 тысяч з гэтага ліку — беларусы. Праўда, ужо сёлета, як сьведчаць гаспадары аграсядзібаў, колькасьць ахвотных адпачыць пачала рэзка зьмяншацца.

І тым ня менш менавіта сёлета чыноўнікі загаварылі пра зьмены ў падатковым заканадаўстве для ўладальнікаў аграсядзібаў. У прыватнасьці, прапаноўваецца павялічыць падатковую нагрузку ў 12 разоў. Калі цяпер штогод уладальнік аграсядзібы плаціць адну базавую велічыню — 180 тысяч рублёў, то ўжо новаўвядзеньні нібыта прадугледжваюць адну базавую велічыню штомесяц.

Чыноўнікі наперад падлічылі і дадатковыя грашовыя паступленьні ў дзяржаўную казну. Паводле афіцыйных дадзеных, у Беларусі цяпер зарэгістравана 2037 уласьнікаў аграсядзібаў. Праўда, рэальна працуюць толькі 1424. І пры павелічэньні падатку ў 12 разоў штогод у бюджэт дадаткова могуць паступіць трохі болей за 2,8 мільярда рублёў.

Уладальнікі аграсядзібаў па-рознаму паставіліся да магчымых падатковых зьменаў. Я наведаў невялікую аграсядзібу «Трычанскі маёнтак» у Гарадзенскім раёне. Гаспадары, спадар Пётра і спадарыня Тацяна, кажуць, што да іх часьцей за ўсё на адпачынак наведваюцца сем’ямі. Цяпер яны могуць прыняць сама болей 9 чалавек. Прычым у іхняй аграсядзібе няма лазьні, не ўжываюць алькаголь і забаронена курыць.

Наведнікам прапануюць катаньне на конях, экскурсіі па знакавых мясьцінах, здаровую вясковую ежу, знаёмяць зь сялянскім бытам і мясцовымі традыцыямі. Спадарыня Тацяна кажа, што падатак 180 тысяч на год, вядома, невялікі, але сёлета паўстала іншая праблема — рэзка паменела гасьцей. І таму нават самыя нязначныя зьмены ў падатках могуць моцна паўплываць на дзейнасьць аграсядзібы:

Сёньня ўжо 10–15 даляраў за суткі людзі ня хочуць плаціць, нават расейцы

«Рэальна пры той колькасьці наведнікаў, якая сёньня ёсьць, і гэты падатак вялікі. Калі летась прыяжджалі расейцы, мінчане, мясцовыя людзі, то сёлета ў нас было 2–3 наведнікі, гэта нічога ня значыць. Вядома, мы будзем плаціць 180 тысяч у месяц, калі ўвядуць такія зьмены, але цікава, як яны будуць разьлічваць нашы падаткі. Бо калі ў месяц да нас прыедзе адзін чалавек, а заплаціць трэба яшчэ 180 тысяч, то гэта адаб’ецца на нас. Сёньня ўжо 10–15 даляраў за суткі людзі ня хочуць плаціць, нават расейцы».

Спадар Пётра кажа: найбольш яго засмучае тое, што пра падвышэньне падаткаў загаварылі менавіта ў крызісны год, калі зарабляць стала значна цяжэй. Ён нагадвае, што дзейнасьць аграсядзібаў рэглямэнтуецца ўказам № 372 Лукашэнкі, і кіраўнік дзяржавы ў свой час абяцаў, што правілы гульні ў сфэры агратурызму ня будуць зьмяняцца да 2021 году:

«Мы, вядома, будзем думаць, што рабіць далей, калі адбудуцца зьмены. Калі будуць наведнікі, то чаму не заплаціць той падатак? Але калі так, як сёлета, — практычна мёртвы сэзон, — то плаціць кожны месяц падатак няма сэнсу. Мы прасіць у дзяржавы нічога не зьбіраемся, але хочам, каб тое, што дзяржава абяцала, то каб і трымала сваё слова».

У аграсядзібе ў вёсцы Сонічы, што побач з Аўгустоўскім каналам, гаспадар, спадар Анатоль, распавядае, што да яго адразу могуць заехаць да 30 гасьцей. Ён прапаноўвае катаньне на квадрацыклах, паходы на байдарках і лодках па Аўгустоўскім канале і тутэйшых рэчках, лясныя паходы, у яго ёсьць лазьня, у банкетнай залі можна ладзіць карпаратывы, замовіць артыстаў, тут эксклюзіўныя хатнія стравы і багата іншага.

Гаспадар сядзібы ў Сонічах спадар Анатоль

Гаспадар сядзібы ў Сонічах спадар Анатоль

Спадар Анатоль кажа, што сёлета колькасьць наведнікаў скарацілася амаль удвая, але ў той самы час лічыць, што падатак у 180 тысяч носіць чыста сымбалічны характар. Ён згодзен, што калі і адбудзецца падвышэньне падатку, то яно павінна быць разумным, з разьлікам, каб не пусьціць іх потым босымі па сьвеце.

Спадар Анатоль кажа, што грошы, якія зарабляюцца на аграсядзібе, амаль цалкам пакуль укладваюцца ў тое, каб пашырыць колькасьць і якасьць паслугаў для тых, хто прыяжджае на адпачынак. Ён таксама згадвае, што дзяржава нічога ня ўкладвае ў разьвіцьцё агратурызму, і ўсё даводзіцца рабіць за свае сродкі. Паводле яго, галоўнае, каб дзяржава пры налічэньні падаткаў не прыраўняла іх да гатэльнага бізнэсу, бо гэта можа цалкам загубіць увесь агратурызм:

«Нам будзе вельмі складана выжыць ва ўмовах, калі пачнуць адшчыпваць ад нас высокія падаткі, бо мы не зарабляем тут шалёных грошай. Мы пачалі з малога, а потым паглядзелі, як прымаюць карпаратывы, пачалі таксама пашырацца. Я паставіў альтанку, банкетную залю зрабілі з сынам. Але на сёньняшні дзень разьвіцьця ўжо няма, бо людзі ня сталі з-за крызісу ехаць на адпачынак. А яшчэ калі абкладуць падаткамі... Я за разумныя падаткі, няхай яны будуць, і ў гэтым нічога страшнага, але ж невядома, што яны зробяць у працэсе гэтых зьменаў».

Старшыня праўленьня абласной арганізацыі «Аграсядзібы Гарадзеншчыны» Галіна Каліноўская лічыць, што варта было б вярнуцца да вызначэньня аграсядзібы, як гэта было першапачаткова адзначана ва ўказе прэзыдэнта, калі аграсядзібай лічылася памяшканьне ня больш як зь пяці пакояў. І тады ня трэба было б мяняць падатковае заканадаўства.

Галіна Каліноўская

Галіна Каліноўская

А тыя палацы, якія сёньня набудавалі на вёсках пад выглядам аграсядзібаў і цяпер зарабляюць тым, што пускаюць ладзіць там карпаратывы і іншыя забаўляльныя мерапрыемствы, паводле Каліноўскай, трэба было б аднесьці да прадпрымальніцкай дзейнасьці і браць адпаведныя падаткі.

Каліноўская: «Трэба, каб аграсядзібы былі аўтэнтычныя, нагадвалі сапраўдную беларускую вёску, дзе ў прынцыпе ўсё вакол печкі дзеецца і два-тры пакоі. А калі ўжо фактычна будуюць цэлыя гатэлі, то зь іх і трэба пытацца пра падатак, як з прадпрымальніка і г.д. Аграсядзібы павінны быць невялікія, і менавіта іх павінна быць большасьць».

XS
SM
MD
LG