Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра гэта заявіў сёньня на паседжаньні свайго выбарчага штабу лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, якога партыя вылучае патэнцыйным кандыдатам на прэзыдэнта Беларусі:

«Мы ставім задачу мець дзеяздольную ініцыятыўную групу ня меней за тысячу чалавек. Але тут будзе адно істотнае адрозьненьне ад папярэдніх кампаніяў — гэта будзе група толькі з валянтэраў. На мінулых выбарах мы даказалі, што здольныя сабраць 100 тысяч подпісаў пры наяўнасьці фінансавага рэсурсу.

Зараз у нас будзе новы досьвед — як гэта зрабіць і ці магчыма гэта зрабіць у Беларусі на валянтэрскіх асновах. Тут ёсьць адзін вялікі плюс. Калі ў нас будзе тысяча матываваных зьбіральнікаў подпісаў, то нам не спатрэбіцца падвойны ці патройны кантроль за праверкай іх сапраўднасьці. Мы маем спадзеў, што на гэтыя паказьнікі мы выйдзем. У нас ёсьць свае партыйныя структуры і ёсьць прыхільнікі.

З аднаго боку, гэтая праца простая, таму што людзей мы ведаем. І тым ня менш гэта патрабуе часу, бо з кожным трэба сустрэцца сам-насам, каб кожны самастойна прыняў рашэньне, што ён уключаны ў гэтую працу».

Лідэр АГП таксама сказаў, што ў гэтай выбарчай кампаніі партыя будзе найперш арыентавацца на буйныя гарады і мэтавыя групы — прадпрымальнікаў, студэнтаў, моладзь наагул, работнікаў прамысловых прадпрыемстваў.

А кіраўнік выбарчага штабу лідэра АГП Леў Марголін паведаміў, што працэс фармаваньня штабной вэртыкалі Аб’яднанай грамадзянскай партыі заканчваецца. Ён сказаў, што на роўні краіны і абласьцей адпаведная праца скончаная. Цяпер штаб выходзіць на ровень рэгіёнаў і вызначае, хто будзе адказны там за зьбіраньне подпісаў у падтрымку партыйнага прэтэндэнта.

На сёньняшнім паседжаньні зноў пацьвердзілі,што АГП ужо актыўна ўдзельнічае і ў фармаваньні ініцыятыўнай групы кандыдата на прэзыдэнта палітвязьня Міколы Статкевіча. Сёньня ў яе гатовыя ўвайсьці прыкладна 500 чалавек. Амаль палова зь іх — гэта сябры АГП. Як паведаміла новая кіраўніца моладзевага крыла АГП — «Маладыя дэмакраты» — Алена Луцковіч, амаль уся арганізацыя згодная працаваць і на Анатоля Лябедзьку, і на Міколу Статкевіча. А праблема палітычных вязьняў абавязкова стане спадарожнікам усёй выбарчай кампаніі абодвух патэнцыйных прэтэндэнтаў на вышэйшую пасаду ў Беларусі.

Пра сваё жаданьне ўдзельнічаць у сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах ужо публічна заяўлялі: дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка, лідэры трох палітычных партыяў: Аб’яднанай грамадзянскай — Анатоль Лябедзька, «Справядлівага сьвету» — Сяргей Калякін, Лібэральна-дэмакратычнай партыі — Сяргей Гайдукевіч, першая намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім, актывістка кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч, беспрацоўны Юры Шульган.

Аналітыкі называюць імёны і некаторых іншых патэнцыйных кандыдатаў. Найперш гэта Ўладзімер Някляеў і Вольга Карач.

Прэзыдэнцкія выбары, найбольш верагодна, адбудуцца 15 лістапада.

XS
SM
MD
LG