Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускамоўныя экскурсіі ў музэі Агінскага ў Залесьсі. А ці валодаў славуты аўтар палянэзу ля-мінор беларускай мовай?


Па-беларуску вядуцца экскурсіі для наведнікаў музэю славутага кампазытара Міхала Клеафаса Агінскага ў Залесьсі Смаргонскага раёну. Музэй адкрыўся год таму, і за гэты час на беларускай мове праведзеныя дзясяткі экскурсіяў для некалькіх тысяч наведнікаў.

«Турысты, якія да нас прыяжджаюць, застаюцца вельмі задаволеныя і фактычна ніколі не пытаюцца, чаму экскурсія ідзе менавіта па-беларуску. Для польскіх турыстаў мы можам зрабіць экскурсію па-польску, для турыстаў з Расеі — па-расейску, а для беларускіх кажам пра Агінскага па-беларуску, і ўсе лічаць гэта натуральным», — распавяла экскурсавод музэю Агінскага ў Залесьсі Аксана.

Музэйныя экскурсаводы ўбраныя ў строі пачатку 19-га стагодзьдзя, а дзеля стварэньня атмасфэры, яшчэ больш набліжанай да Агінскага, прадстаўляюцца ягонымі сваякамі ды сябрамі. Спрыяе вяртаньню ў эпоху стварэньня палянэзу ля-мінор і адрэстаўраваная сядзіба, яе інтэр’еры, а таксама партрэты, дакумэнты, мэбля, прадметы побыту, якімі насычаная музэйная экспазыцыя. Ці натуральна гучыць у такіх умовах беларуская мова, якой сам кампазытар, паводле агульнапрынятых меркаваньняў, не карыстаўся?

А сапраўды — якой мовай карыстаўся Міхал Клеафас Агінскі ў жыцьці? Альбо трэба ставіць пытаньне адразу пра некалькі моваў, сярод якіх і мясцовая ў жыцьці кампазытара і грамадзкага дзеяча Агінскага мела пэўнае значэньне? Па адказы на гэтыя пытаньні карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся да кандыдата мастацтвазнаўства Сьвятлены Немагай, аўтаркі кнігі «Жыцьцё і творчасьць Міхала Клеафаса Агінскага ў каардынатах яго часу і культурнага асяродзьдзя».

Сьвятлена Немагай
Сьвятлена Немагай

— Агінскі і беларуская мова — гэта паняцьці з зусім розных сфэраў, ці тут можна знайсьці нешта агульнае?

— Ня буду крывіць душой: тэма «Агінскі і беларуская мова» не зусім спрыяльная для прыхільнікаў мовы. Справа ў тым, што ў час, калі жыў кампазытар, працэс палянізацыі беларускай шляхты дасягнуў, можна сказаць апагею. Гэта канец 18 — пачатак 19 стагодзьдзя. Разам з тым адраджэньне беларускай мовы, пачаткі якога прыпадаюць на першую траціну 19 стагодзьдзя, яшчэ не настала. То бок Міхал Клеафас жыў якраз напярэдадні пачатку адраджэньня культуры і мовы. Увогуле ягонай асноўнай мовай, не сказаць каб роднай, але статуснай, была нават ня польская, а француская. Гэта безумоўна пацьвярджаюць усе ягоныя архівы, у тым ліку ў Вільні і ў Маскве, дзе захавалася большасьць ягонай карэспандэнцыі, лістоў, дакумэнтаў, у тым ліку славутых мэмуараў, якія таксама напісаныя па-француску. І гэта на той час было натуральна, бо тады француская мова была мовай арыстакратычнага сьвету Эўропы.

Але калі Агінскі на пачатку 19 стагодзьдзя прыехаў з Эўропы на сталае жыцьцё ў Залесьсе, а ён яшчэ меў палац і ў Вільні, то тут ён пачаў цікавы праект, які, на жаль, не рэалізаваў, які з пазыцыяў сёньняшняга дня можна перакласьці з польскай мовы як «Ліцьвінскі нацыянальны тэатар». Ёсьць успаміны доктара Ёзэфа Франка пра гэты праект, зь якіх вынікае, што Міхал Клеафас нават мусіў на тры гады стаць дырэктарам гэтага тэатру.

Гэты праект вельмі цікавы з пункту гледжаньня мэтаў: адна з мэтаў пазначана як захаваньне ліцьвінскай нацыянальнай мовы. Мяркую, ён сам складаў гэты праект разам з калегамі Селістроўскім і Валжэцкім. Яны супольна са спадарыняй Мараўскай, якая была з тэатральнага сьвету, склалі гэты праект, і Агінскі нават пад гэты тэатар меўся адвесьці частку свайго палаца. Як яно рэалізавалася на справе — пакуль невядома, магчыма, усё засталося на паперы, але само памкненьне папулярызаваць краёвую мову — гэта варта ўвагі.

Што ён меў на ўвазе пад краёвай мовай? У любым выпадку ягоны праект скіраваны да задачы захаваньня краёвых каштоўнасьцяў, у тым ліку і мовы. Да таго ж Агінскі меў кантакты зь філяматамі-філярэтамі, і сам Адам Міцкевіч прыяжджаў да яго ў 1829 годзе ў Флярэнцыю, дзе жыў тады кампазытар і дзе ён пазьней памёр. Цяпер становіцца вядома, што Агінскі цікавіўся паэзіяй Міцкевіча. Хутчэй за ўсё, тады Міцкевіч прывёз паказаць яму свае томікі вершаў, якія тады былі ўжо вельмі папулярныя. З карэспандэнцыі Агінскага бачна, што ён цікавіўся і лёсам маладога Міцкевіча. А як вядома, першыя баляды Міцкевіча менавіта апявалі тутэйшыя беларускія краявіды, легенды, яны былі збудаваныя на гэтых лякальных рэаліях. І, канечне, пражыві Агінскі трошкі даўжэй, цалкам верагодна, што і ён бы зьвярнуўся да гэтых пытаньняў, у тым ліку мовы, як у свой час Аляксандар Ельскі і ўвогуле шэраг краязнаўцаў сярэдзіны 19 стагодзьдзя. Проста пакаленьне Агінскага было крыху іншае. Яно было пакаленьнем асьветніцтва, а ў асьветніцтве непадзельна панавала француская мова.

Падчас экскурсіі
Падчас экскурсіі

— А як сам Агінскі вызначаў сваю нацыянальнасьць? Як паляк, ці, магчыма, як Міцкевіч — ліцьвін? Можа, захаваліся наконт гэтага якія дакумэнты?

— Справа ў тым, што гэта было такое шматступеннае вызначэньне. Бо ў тыя часы не існавала паняцьця нацыянальнасьці ў цяперашнім разуменьні. Сапраўды, можна параўнаць Агінскага з тым самым Міцкевічам, таму што ў сваіх мэмуарах ён пісаў, што самыя вядомыя роды ў Рэчы Паспалітай — гэта... І называе Радзівілаў, Сапегаў, Агінскіх ды дадае, што гэта ліцьвіны. Ён сам добра ведаў гэтыя свае карані, ведаў, што пераважна ўсе продкі Міхала Клеафаса Агінскага паходзілі зь Вялікага Княства Літоўскага. І ягоны дзед, і бацька жылі тут, на літоўскай, на беларускай частцы ВКЛ — і карані роду безумоўна тутэйшыя. А тое, што Агінскі нарадзіўся ў Гузаве пад Варшавай — проста гэтак склаліся абставіны.

Пра ягонае грамадзянства па нараджэньні ў Рэчы Паспалітай. Канечне, у гэтым сэнсе Агінскі як грамадзянін Рэчы Паспалітай лічыў сябе палякам, але для яго ў гэтым не было ніякай супярэчнасьці, і вельмі часта, шмат дзе ён падкрэсьліваў сваю ліцьвінскасьць у паходжаньні. Мяркую, тут ён быў вельмі сьвядомы.

Адзначу такі момант, які заўсёды падкрэсьліваю. Што Агінскі пражыў у Рэчы Паспалітай і ў эўрапейскіх краінах да 35 году свайго жыцьця, і тым ня менш пасьля гэтага прыехаў, так бы мовіць, на сваю гістарычную радзіму, радзіму сваіх продкаў, і тут рэалізаваў сябе ў якасьці грамадзкага дзеяча. Прычым гэтая рэалізацыя была надзвычай яркая.

Пералічу толькі асноўнае. Адразу па вяртаньні ў 1803 годзе яго абіраюць ганаровым сябрам Віленскага ўнівэрсытэту, ён удзельнічае ў навуковых радах установы. У 1807 годзе ён разам з элітай краіны засноўвае Віленскае таварыства дабрачыннасьці, якое апекавалася школамі, шпіталямі, прытулкамі для бедных, нават займалася барацьбой з п’янствам. У 1818 годзе ён засноўвае друкарскае таварыства, якое наладзіла выпуск кніг, даступных для простага люду. Займаецца мэцэнацтвам. Прыкладам, выдае збор сваіх палянэзаў і рамансаў, якія карысталіся шалёнай папулярнасьцю, а прыбытак цалкам аддае на дабрачыннасьць. Пазьней ён пераносіць шляхецкую вучэльню з Бабруйску ў Маладэчна, такім чынам закладаючы асновы адукацыйнай сыстэмы ўсяго маладэчанскага краю. Ратуе ад высылкі прафэсуру Віленскага ўнівэрсытэту пасьля вайны 1812 году, бо частка шляхты і прафэсуры падтрымала Напалеона, які абяцаў аднавіць ВКЛ. Агінскі адмыслова езьдзіў у Санкт-Пецярбург на перамовы з Аляксандрам I, каб яны атрымалі амністыю. І, канечне, кульмінацыяй ягонага патрыятызму пэўна можна лічыць той самы Мэмарыял — то бок праект аб’яднаньня былых губэрняў ВКЛ з аўтаноміяй, але ўжо пад пратэктаратам Расейскай імпэрыі. Вайна гэтаму перашкодзіла, і праект ня быў рэалізаваны.

— Ці ведаў Міхал Клеафас Агінскі расейскую мову? На якіх мовах яшчэ, акрамя польскай і францускай, мог размаўляць?

— Мяркую, расейскую мову ён на пэўным узроўні ведаў, бо быў сэнатарам Расейскай імпэрыі і ў 1811 годзе стала жыў у расейскай сталіцы. Ёсьць ягоныя сьведчаньні, што яму было вельмі-вельмі сумна сядзець на пасяджэньнях у расейскім сэнаце.

Яшчэ ён, мяркую, добра размаўляў па-ангельску, бо вядома, што ён сустракаўся і вёў перамовы з прэм’ерам Вялікай Брытаніі Ўільямам Пітам. Дакладна вядома, што Агінскі таксама цудоўна валодаў італьянскай мовай. А яшчэ можна згадаць і такі факт. Агінскі быў у Турэччыне, у Канстынтынопалі, з таемнай місіяй паспрабаваць аб’яднаць краіны Эўропы і Турэччыну для змаганьня з Расейскай імпэрыяй. Дык вось там, як ён сам піша ў сваіх мэмуарах, ён авалодаў ня толькі мясцовай звычкай піць каву, але і турэцкай гаворкай. То бок ён быў адкрыты на ўсё новае, пастаянна штосьці спасьцігаў. Гэта таксама вельмі важная якасьць. Таму невыпадкова, што свой маёнтак Залесьсе, які знаходзіцца ў правінцыі, Агінскі змог ператварыць у культурны, інтэлектуальны і музычны цэнтар цэлага краю.

У музэі Агінскага наведнікам даюць праслухаць Палянэз ля-мінор са словамі Сержука Сокалава-Воюша
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:53 0:00
Наўпроставы лінк

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG