Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Парыжы ўшанавалі Агінскага і Алексіевіч


Міхал Клеафас Агінскі
Міхал Клеафас Агінскі

У cталым прадстаўніцтве Беларусі пры ЮНЭСКА ў сталіцы Францыі прайшла заключная імпрэза, прысьвечаная сьвяткаваньню 250-годзьдзя выбітнага дыплямата, палітыка і кампазытара Міхала Клеафаса Агінскага. Юбілей Агінскага з ініцыятывы Беларусі, Літвы і Польшчы ўключаны ў Сьпіс памятных дат ЮНЭСКА на 2015 год.

Як паведамляе прэс-служба беларускай амбасады ў Парыжы, урачысты вечар быў арганізаваны сталым прадстаўніцтвам Беларусі пры ЮНЭСКА і Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі пры падтрымцы Франка-беларускай асацыяцыі «Жыцьцё ў музыцы».

З прывітальным словам да гасьцей зьвярнуўся амбасадар Беларусі ў Францыі, сталы прадстаўнік Беларусі пры ЮНЭСКА Павал Латушка. Ён адзначыў унёсак славутага кампазытара у разьвіцьцё беларускай і эўрапейскай культур.

Спадар Латушка таксама зьвярнуў увагу замежных гасьцей на значную падзею для беларускай культуры — прысуджэньне Нобэлеўскай прэміі па літаратуры беларускай пісьменьніцы Сьвятлане Алексіевіч і прадставіў выдадзены ў Францыі пераклад на францускую мову яе кнігі «Чарнобыльская малітва».

Выкладчыкі і студэнты БДАМ прадставілі музычна-харэаграфічную пастаноўку «Клеафас. Вечны сум палянэза», падчас якой былі выкананыя творы М.К. Агінскага, С. Манюшкі, Ф. Шапэна, Ж. Афэнбаха, У. Кур’яна, а таксама харэаграфічная сюіта «Клеафас» па матывах балета «Палянэз».

Госьці імпрэзы азнаёміліся з выставай архіўных матэрыялаў, прысьвечаных Агінскаму, падрыхтаванай Дзяржаўным музэем гісторыі музычнага і тэатральнага мастацтва Беларусі.

Урачысты вечар стаў заключным мерапрыемствам, арганізаваным сталым прадстаўніцтвам Беларусі пры ЮНЭСКА з нагоды сьвяткаваньня юбілею Агінскага.

На працягу 2015 году сумесна з установамі культуры Беларусі і пры падтрымцы ЮНЭСКА адбыліся ўрачысты юбілейны баль, арганізаваны пры ўдзеле музэя «Замкавы комплекс „Мір“, Гарадзенскай капэлы і шоў-балета» Фіерыя ", а таксама супольныя канцэрты беларускіх, літоўскіх, польскіх і францускіх выканаўцаў у Парыжы. Гэтыя мерапрыемствы наведала каля 2 тысяч жыхароў Францыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG