Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйна: «Газпром-цэнтар» у Менску закансэрваваны


Праект комплексу «Газпром-цэнтар», 2015 год

Праект комплексу «Газпром-цэнтар», 2015 год

Будаўніцтва комплексу «Газпром-цэнтар» на месцы зьнесенага Маскоўскага аўтавакзалу ў Менску закансэрваванае з 22 сьнежня 2016 году, паведаміў БелаПАН прадстаўнік Менгарвыканкаму Мікалай Бутрым. Будаўніцтва практычна не вядзецца з канца жніўня мінулага году.

Месяц таму пра кансэрвацыю будаўніцтва паведамляў Tut.by, чуткі пра гэта хадзілі зь верасьня 2016 году. Паводле неафіцыйных зьвестак Tut.by і БелаПАН, прычына кансэрвацыі — спыненьне фінансаваньня праекту з расейскага боку праз «нафта-газавыя войны» Беларусі і Расеі. «Газпром» не камэнтуе сытуацыю.

Іншай прычынай называюцца тэхнічныя праблемы — гэта Бутрым пацьвердзіў:

«Абʼект падзяляецца на дзевяць пускавых комплексаў, адзін з пускавых комплексаў — вышынная частка. Вось па вышыннай частцы робяцца новыя разьлікі».

Праз вышыню будынак зь цягам часу будзе прасядаць, таму цяпер разглядаецца ўмацаваньне фундамэнту ці зьніжэньне вышыні будынку, патлумачыў ён.

Праект комплексу «Газпрам-цэнтар», 2015 год

Праект комплексу «Газпрам-цэнтар», 2015 год

Будаўніцтва пачалося ў 2015 годзе. Праект распрацоўвала прыватнае бюро з Санкт-Пецярбургу, яго ўзгадненьне зь беларускага боку адмаўляліся камэнтаваць. Архітэктар Вадзім Пракопчык тады казаў Свабодзе, што мае ўражаньне, нібы «праект рабілі студэнты трэцяга курсу».

Паведамлялася, нібы замест зьнесенага пад «Газпром-цэнтар» аўтавакзалу мае зьявіцца новы аўтавакзал ва Ўруччы, але на сёньня яго будаўніцтва не пачалося.

«Нафтагазавыя войны» між Беларусьсю і Расеяй ідуць ад сярэдзіны 2016 году, калі Расея запатрабавала ад Беларусі больш як 200 млн даляраў запазычанасьці за газ, а Беларусь, не прызнаўшы запазычанасьць, вырашыла падвысіць тарыфы на транзыт расейскай нафты ў аднабаковым парадку. У выніку Расея скараціла пастаўкі нафты з 24 млн т на год да 18 млн т, зьбіраецца скарачаць яшчэ больш. Пытаньні тарыфаў і запазычанасьці на момант публікацыі ня вырашаныя.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG