Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзіны сьпіс невыязных грамадзянаў Расеі і Беларусі «запрацуе» ўжо сёлета


Начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксей Бягун паведаміў Радыё Свабода, што «Пагадненьне аб рэглямэнтуючым мэханізьме абмену зьвесткамі пра асобаў, права на выезд якіх часова абмежавана», было падпісана Расеяй і Беларусьсю 3 сакавіка 2015 году. Кожная краіна ўжо праводзіць унутрыдзяржаўныя працэдуры. Пагадненьне павінны ратыфікаваць абодва бакі, цягам месяца пасьля ратыфікацыі адбудзецца абмен ратыфікацыйнымі граматамі. Дакумэнт запрацуе да канца 2015 году, запэўніў Аляксей Бягун.

То бок прыкрыецца пралаз, які дазваляў беларускім грамадзянам, што трапілі ў сьпіс невыязных, выяжджаць за мяжу з тэрыторыі Расеі.

Паводле закону, назаўсёды забараніць каму-небудзь выяжджаць з краіны нельга. А вось часова абмежаваць чалавека ў гэтым праве можна. Часовае абмежаваньне права на выезд могуць накласьці кампэтэнтныя органы, упаўнаважаныя артыкулам 9 закону «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзянаў Рэспублікі Беларусь» ад 20 верасьня 2009 году (напрыклад, органы, якія вядуць крымінальную справу), альбо суд. Пры гэтым рашэньне суду павінна ўступіць у законную сілу.

Паводле інфармацыі «„Комсомольской правды“ в Белоруссии» цяпер у так званым банку дадзеных аб грамадзянах, права на выезд якіх часова абмежавана, налічваецца каля 30 тысяч чалавек. Колькі іх можа стаць пасьля ўступленьня ў сілу дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства», пакуль прагназаваць цяжка.

XS
SM
MD
LG