Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адзін пракол — і дыскваліфікуюць усю зборную», — ці ўдасца разьвесьці спорт, допінг і палітыку


«Спорт — гэта вялікая палітыка. І калі мы ня будзем прыхільнікамі „чыстага спорту“ — прайграем», — Аляксандар Лукашэнка падчас нарады наконт падрыхтоўкі беларускіх алімпійцаў да Гульняў-2016 ў Рыё-дэ-Жанэйра папярэдзіў, што вельмі пашкадуе той, хто рызыкне «забаўляцца допінгам». Заява прагучала на фоне скандалу: пасьля новай праверкі тэстаў лёнданскай Алімпіяды 2012 году выявілі забароненыя прэпараты ў трох беларускіх цяжкаатлетаў.

Досыць распаўсюджанае меркаваньне, што вялікі спорт у апошнія дзесяцігодзьдзі пераўтварыўся ня столькі ў спаборніцтвы паміж атлетамі, колькі ў гонку дасягненьняў фармакалёгіі. Маўляў, хто глыбей здолее «схаваць» сьляды стымулятараў у арганізьме спартоўца, у таго большыя шанцы на посьпех.

Ці можна ў сёньняшніх умовах наогул гаварыць пра «чысьціню ў спорце»? Сытуацыя расейскіх атлетаў паказвае, якім чынам усё часьцей усталёўваюцца ўсясьветныя рэкорды. Атлеты ж рызыкуюць прапусьціць Алімпійскія гульні — з-за беспрэцэдэнтных маштабаў ужываньня анаболікаў зь ведама дзяржаўных і сілавых ведамстваў.

Беларускія кандыдаты на Рыё-дэ-Жанэйра пройдуць тэсты ў лябараторыях Дрэздэну і Варшавы

Удзельнік нарады ў Аляксандра Лукашэнкі, дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру спорту Генадзь Загародны намагаецца перавесьці ў жарт пытаньне пра тое, ці сапраўды адны стымулятары фіксуюцца, а іншыя — не. «Колькі людзей, столькі і «экспэртных заключэньняў», — кажа ён і ўсё ж пераходзіць на сурʼёзны тон: хаваць допінг можна было тады, калі неставала магчымасьці яго адсачыць. Цяпер жа сытуацыя іншая:

Генадзь Загародны

Генадзь Загародны

«Быў некалі ў зборнай ЗША трэнэр Маркс, які ў 1970-я гады зрабіў заяву: выйграе той спартовец, у якога добры фармаколяг, а ня добры трэнэр. Сапраўды, быў час, калі антыдопінгавае заканадаўства дый сама барацьба з анаболікамі былі на значна ніжэйшым узроўні, чым цяпер. Цяпер ня той час: узровень практычнай, тэарэтычнай падрыхтоўкі трэнэраў вельмі высокі. Скажу пра віды, якія мне бліжэйшыя — футбол, хакей. Пры ўсёй павазе да зоркі Пеле — наўрад ці ён паказаў бы свае вынікі на тых хуткасьцях, на якіх сёньня праходзіць чэмпіянат Эўропы. Безумоўна, мэдыкамэнтозныя мэтады рэабілітацыі выйшлі на іншы ўзровень, бяз шэрагу прэпаратаў дасягнуць добрага выніку цяжка. Але ніводзін фармакалягічны прэпарат не заменіць пот і кроў, якія спартовец мусіць выліваць на кожнай трэніроўцы. Калі б усё вырашалася толькі ў рамках прэпаратаў, я сам мог бы стаць галоўным трэнэрам у любым відзе спорту».

Сёньня ў «чорным сьпісе» беларускага спорту некалькі дзясяткаў атлетаў, якія «пагарэлі» на забароненых мэтадах падрыхтоўкі. Павелічэньне колькасьці выпадкаў фіксацыі і часовага ці нават пажыцьцёвага адхіленьня ад стартаў стала прычынай заснаваньня Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Рэспублікі Беларусь (НАДА). Сярод асноўных мэтаў — прэвэнтыўныя захады на недапушчальнасьць спробаў злоўжываньня стымулятарамі яшчэ на стадыі трэніровачнага працэсу, каб потым не чырванець на адказных міжнародных спаборніцтвах.

Праўда, як удакладняе кіраўнік гэтай структуры Дзяніс Мужжухін, якраз у перадалімпійскі год сурʼёзныя карэктывы ўнесла ануляваньне акрэдытацыі Маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі, дзе адбывалася праверка пробаў вялікай часткі беларускіх спартоўцаў. Усясьветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) выявіла, што кіраўніцтва гэтай структуры замест выяўленьня фактаў выкарыстаньня забароненых прэпаратаў фактычна пакрывала маштабныя злоўжываньні, падмяняючы «брудныя» аналізы на «чыстыя». Цяпер, удакладняе спадар Мужжухін, тэсты даводзіцца транспартаваць у Заходнюю Эўропу:

Дзяніс Мужжухін

Дзяніс Мужжухін

«Натуральна, закрыцьцё маскоўскай лябараторыі кепска адбілася на нашай дзейнасьці. Мала таго, гэта выклікала падаражэньне нашай працы, бо допінг-кантроль — ня самая танная працэдура. Узьніклі таксама пэўныя лягістычныя праблемы. Але жыцьцё не спыняецца, мы заключылі дзьве дамовы адносна супрацоўніцтва з антыдопінгавымі лябараторыямі ў Дрэздэне і Варшаве. Варшаўская бліжэй тэрытарыяльна. Там мы ў большай ступені аналізуем кроў. Што тычыцца Дрэздэнскай, то гэта структурнае адгалінаваньне лябараторыі ў Кёльне, яна іх курыруе, таму дасьледаваньні высокай якасьці і ўключаюць у сябе ўвесь спэктар. То бок, у нас гэтыя дамовы падпісаныя, яны дзейнічаюць і сёньня ў тым ліку кандыдаты на ўдзел у Алімпійскіх гульнях будуць пратэставаныя ў гэтых акрэдытаваных лябараторыях».

За тры парушэньні пагражае адхіленьне нацыянальнай каманды тэрмінам на год

У апошні час гучныя допінгавыя скандалы паставілі пад сумнеў магчымасьць аднолькавых стартавых умоваў для спартоўцаў з розных кантынэнтаў. Гэта прымусіла WADA пайсьці на непапулярныя меры і рабіць паўторныя пробы аналізаў з ужываньнем новых тэхналёгій. Праўда, завялікая ўвага да месца паходжаньня спартоўцаў ды выяўленьне крыміналу заднім днём выклікала шквал крытыкі. Але адмыслоўцы перакананыя: іншым чынам спыніць «напампоўваньне» чэмпіёнаў допінгам немагчыма.

Днямі Міжнародная фэдэрацыя цяжкай атлетыкі абнародавала сьпіс атлетаў са станоўчымі допінг-пробамі ў выніку пераправеркі тэкстаў Лёндану-2012. Ва ўсіх знойдзеныя анабалічныя стэроіды. Сярод дзясятка прозьвішчаў тры беларускія: Марына Шкерманкова (бронзавая ўзнагарода ў вазе да 69 кіляграмаў), Дзіна Сазанавец (4 месца ў той жа вагавай катэгорыі), Яўген Жарнасек (9 месца ў вазе звыш 105 кіляграмаў). Спартоўцы часова адхіленыя ад спаборніцтваў і збораў. Няпэўны іх удзел у галоўных стартах чатырохгодзьдзя.

Марына Шкерманкова на Алімпіядзе-2012

Марына Шкерманкова на Алімпіядзе-2012

Пра гэта гаварыў на нарадзе са спартовымі чыноўнікамі і Лукашэнка, калі казаў, што ня трэба хаваць выпадкі такіх «залётаў». Наадварот, маўляў, неабходна пра іх гаварыць, каб яны былі прыкладам для астатніх аматараў зьесьці чаго недазволенага: «Бачыце, пачалі калупацца ўжо ў прабірках нават 8-гадовай даўнасьці, — адзначыў ён. — Майце на ўвазе, што не павінна быць сытуацыі, калі падчас выступаў у Бразыліі ці яшчэ праз 8 гадоў пачнуць адбіраць мэдалі. За такія факты будзе пэрсанальная адказнасьць».

Як удакладняе Дзяніс Мужжухін, гэты факт можа дорага каштаваць ня толькі асобна ўзятым штангістам, а ўсёй нацыянальнай камандзе:

«Як вядома, Міжнародны алімпійскі камітэт прапаведуе прынцып нулявой цярпімасьці да допінгу, таму і пачалі размарожваць пробы як 2008-га, так і 2012-га. У нас ёсьць тры прыкрыя выпадкі — прозьвішчы, зьмешчаныя на сайце Міжнароднай фэдэрацыі цяжкай атлетыкі. Гэта ня добра, паколькі, згодна з правіламі фэдэрацыі, тры і больш антыдопінгавых парушэньняў караюцца штрафам ці адхіленьнем нацыянальнай каманды тэрмінам на год. Сёньня такая рызыка існуе.

Хоць мы разумеем, што гэта парушэньні не сёлетнія, а 4-гадовай даўнасьці, але ўсё ж магчымасьць адхіленьня беларусаў ад Алімпіяды ёсьць.

Так, афіцыйных дакумэнтаў мы яшчэ не атрымлівалі, афіцыйнага рашэньня ад Міжнароднай фэдэрацыі на наш адрас не паступала, і гаварыць пра нешта дачасна, але сам прэцэдэнт не ўпрыгожвае нашу цяжкую атлетыку і ўвесь беларускі спорт».

І ўсё ж неадэкватнасьць карных захадаў у выяўленьні некаторых парушэньняў прызнаюць нават экспэрты Ўсясьветнага антыдопінгавага агенцтва. Найперш гэта тычыцца ўжываньня мэльдонію, які ў якасьці спосабу аднаўленьня выкарыстоўвалі спартоўцы найперш з былога СССР. Прэпарат быў забаронены ад 1 студзеня 2016 году і ўжо каштаваў прыпыненьня карʼеры шмат якім вядомым людзям спорту. Пры гэтым у ЗША і заходніх краінах існуюць блізкія да яго адпаведнікі, якія ў чорны сьпіс ня трапілі.

Мэльдоній раптам стаў вядомым на ўвесь сьвет, але стаў праблемай толькі для пэўнага кола краінаў

На розных узроўнях чуюцца заявы пра выбарнасьць падыходу да захаду і ўсходу, палітызацыю ў спорце і г.д. Азначыўся і Аляксандар Лукашэнка, які на алімпійскай нарадзе сказаў: «Усе мы сочым праз СМІ за тым, што спорт пераходзіць у вялікую палітычную плоскасьць. Гэта тычыцца і допінгавых пытаньняў, асабліва мэльдонію, які раптам стаў на ўвесь сьвет вядомым».

Цяпер WADA спрабуе даць задні ход і абяцае да 1 ліпеня надрукаваць дапушчальныя дазіроўкі мэльдонію. Пра элемэнт палітызаванасьці гаворыць і кіраўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру спорту Генадзь Загародны:

«Неадназначная сытуацыя з мэльдоніем узьнікла на роўным месцы і стала праблемай для пэўнага кола краінаў. Асабіста я лічу, што ў дадзеным выпадку выкарыстоўваюцца ня толькі спартовыя правілы гульні, але і больш шырокі кантэкст. Таму пытаньні, зьвязаныя з мэльдоніем, з паўторнай пераправеркай вынікаў Алімпіядаў (зноў жа, для асобных краінаў) не абышліся без палітызацыі. У Рыё ні ў якім разе не павінна быць самазаспакаеньня ў пляне прыёму фармпрэпаратаў, іншых сродкаў, якія аказваюць аднаўленчае дзеяньне. Каб такіх момантаў не было, трэнэрам, лекарам, якія едуць у Бразылію, мы тлумачым, якім чынам выконваць патрабаваньні WADA. Бо ў такой сытуацыі любы пракол можа пацягнуць дыскваліфікацыю ня толькі спартоўца ці каманды, а прывядзе да адхіленьня ўсёй нацыянальнай зборнай. Ступень адказнасьці дзяржаўнага ўзроўню спрабуем данесьці да кожнага спартоўца, трэнэра, лекара».

На гэты момант у складзе беларускай дэлегацыі блізу 200 чалавек, і зь іх больш за 130 спартоўцаў. Канчатковы склад зборнай будзе абвешчаны ў ліпені, але мяркуецца, што беларусы возьмуць удзел у 25 відах спорту, найбольшыя мэдалёвыя спадзяваньні ўскладаюцца на мастацкую гімнастыку, веславаньне на байдарках і каноэ, шасэйныя вэлягонкі, скачкі на батуце, стральбу з пісталету, бегавыя дысцыпліны лёгкай атлетыкі. Ці не ўпершыню перад удзельнікамі абʼяднанай каманды не пастаўлена мэдалёвага пляну — як паказвае практыка папярэдніх Гульняў, нават здабыты мэдаль па выніках допінг-кантролю можа быць адабраны ці адразу па гарачых сьлядах, ці нават празь некалькі гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG