Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У магілёўскіх дзіцячых садках па чацьвяргах вучаць родную мову


Чацьвер — дзень беларускай мовы. Абвестка пра Дзень мовы ў адным з садкоў Магілёва — адзіная беларускамоўная на фоне расейскамоўных абвестак
Чацьвер — дзень беларускай мовы. Абвестка пра Дзень мовы ў адным з садкоў Магілёва — адзіная беларускамоўная на фоне расейскамоўных абвестак

«Працэнтаў у васьмідзесяці дзяцей узровень веданьня беларускай мовы нулявы. Калі з імі толькі пачынаеш гаварыць па-беларуску, то яны са зьдзіўленьнем глядзяць і ня могуць зразумець, што гэта за гаворка», — такую ацэнку веданьню роднай мовы даюць супрацоўнікі дзіцячых садкоў з Магілёва.

У мясцовых дашкольных установах чацьвер вызначаны Днём беларускай мовы. На працягу дня ў садках выхавальніцы зь дзецьмі і паміж сабой стараюцца гаварыць па-беларуску. Кіраўніцтва садкоў спадзяецца, што так іхныя гадаванцы больш плённа будуць асвойваюць родную мову. Самі выхавальніцы, выбачаючыся, з журналістам Свабоды гаварылі па-расейску.

Большасьць гадаванцаў дзіцячых садкоў беларускай мовы ня ведае

Дні беларускай мовы ў садках пачалі стала ладзіць ад 1 верасьня. У некаторых дашкольных установах выхавальніцы настойвалі, што роднай мове вучылі дзятву і раней, калі аблвыканкам зацьвердзіў праграму яе папулярызацыі.

Трое гадаванцаў беларускамоўнай групы ў садку № 81. Тут і ніжэй: архіўнае фота, 2007 год
Трое гадаванцаў беларускамоўнай групы ў садку № 81. Тут і ніжэй: архіўнае фота, 2007 год

Суразмоўцы ня ўтойвалі: большасьць гадаванцаў беларускай мовы ня ведаюць. У сем’ях не гавораць зь імі па-беларуску і ня кажуць, што ў беларусаў ёсьць свая мова.

«Працэнтаў у васьмідзесяці дзяцей узровень веданьня беларускай мовы нулявы. Калі зь імі толькі пачынаеш гаварыць па-беларуску, то яны са зьдзіўленьнем глядзяць і ня могуць зразумець, што гэта за гаворка», — адзначае загадчыца аднаго з магілёўскіх садкоў.

«Бацькі лічаць за лепшае для сябе перакласьці вывучэньне мовы на садкі, затым на школу. Вядома ж, у нашых сем’ях гавораць па-расейску і беларускасьці дзецям няма каму прышчапіць, — выказала свой погляд на праблему суразмоўца. — Калі ў каго засталіся сваякі ў вёсцы, дык у тых бацькоў дзеткі рэагуюць на беларускія словы без праблемаў. Некаторым, праўда, даводзіцца тлумачыць, што такія словы сапраўды беларускія».

Паводле яе, бацькам на сходах ды ранішніках даводзіцца думка, што зь дзецьмі неабходна гаварыць па-беларуску, вывучаць беларускія нацыянальныя звычаі ды традыцыі.

Каб мова стала роднай, на ёй трэба гаварыць зь пялюшак

«Беларушчына ў нас сядзіць недзе глыбока, і разварушыць яе надта ня проста. Ёсьць спадзеў на тое, што разам зь дзецьмі вучыць беларускую мову будуць і іхныя бацькі. Дарослыя ж мусяць разумець важнасьць мовы для існаваньня беларусаў. Ад пазыцыі і прыкладу дарослых залежыць, ці пачнуць дзеці гаварыць па-беларуску», — вывела суразмоўца.

Па-беларуску вучацца 10,5% дзяцей у дашкольнай адукацыі, 14,5% школьнікаў і 0,1% студэнтаў

Наступная суразмоўца, таксама загадчыца садку, заўважыла, што дзецям падабаецца беларуская мова. Яны на генэтычным узроўні адчуваюць, што гэта мова іхная.

«Так сталася, што мы меней пачалі чуць беларускае слова. У нас у садку, на жаль, няма сем’яў, у якіх гаварылі б па-беларуску. Таму, няма прыкладу, каб іншыя сем’і пераймалі такую практыку, — тлумачыць суразмоўца. — Зразумела, у дзяцей добрая памяць і яны лёгка запамінаюць беларускія словы. Калі выхавальніцы гавораць зь імі па-беларуску, то дзятва стараецца таксама паўтараць. Праблема, аднак, застаецца, што дзеці ня чуюць беларускай мовы ў штодзённым жыцьці. Аднаго дня для вывучэньня мовы, пагадзіцеся, недастаткова. Каб мова стала сапраўды роднай, на ёй трэба гаварыць зь пялюшак».

«У сям’ях нашых гадаванцаў ніхто па-беларуску не гаворыць. Для іх, што таіць, роднай мовай стала калі не расейская, дык трасянка», — працягвае гутарку яшчэ адна загадчыца садку.

«Працу мы робім, і дзеці старэйшай групы ўжо пачынаюць разумець беларускую гаворку. Для многіх дзетак становіцца нормай павітацца, разьвітацца, падзякаваць па-беларуску. Варта прызнаць, аднак, што слоўнікавага запасу ў гадаванцаў усё роўна замала, ды й гутарковай практыкі ў іх няма, таму яны і выкарыстоўваць толькі асобныя словы ў стасунках з выхавальніцамі ды іншымі дзецьмі».

Беларускую мову ў садках загубіла двумоўе

Паводле суразмоўцы, мэтодыкі па вывучэньні беларускай мовы ў дзіцячых садках ёсьць, але большасьць іх засталася з 1990-х гадоў, калі ў садках набіралі беларускамоўныя групы.

Вясёлка — адзіная за два дзясяткі гадоў беларуская група ў Магілёве. Праіснавала два гады
Вясёлка — адзіная за два дзясяткі гадоў беларуская група ў Магілёве. Праіснавала два гады

«Можа, вы памятаеце, тады выхавальніцам даплачвалі за тое, што яны працавалі зь дзецьмі на беларускай мове. У той час зь імі гаварылі па-беларуску ня толькі ў Дзень беларускай мовы, але штодня. І школы тады былі зь беларускай мовай навучаньня, — нагадала загадчыца садку. — А потым, як узаконілі двумоўе, чамусьці сталі пазбаўляцца ад беларускіх групаў у садках і спынілі набор у беларускія клясы. Вы толькі ўявіце, якая была катастрофа для дзяцей і іхных бацькоў, калі садкі былі беларускімі, а ісьці ў школу даводзілася расейскамоўную! Таму цяпер хочацца, каб адукацыя была без экспэрымэнтаў. Каб выбралі адзіны кірунак і яго разьвівалі».

Паводле суразмоўцы, напрацаваныя набыткі ў беларускамоўнай адукацыйнай галіне 1990-х гадоў страчаныя.

«Мы мусім канстатаваць: вырасла цэлае пакаленьне беларусаў, якое ня ведае беларускай мовы, і цяпер гэтае пакаленьне прыводзіць сваіх дзяцей у садкі. І з гэтымі дзецьмі небеларускамоўных бацькоў даводзіцца працаваць, каб навучыць іх роднай мове. На жаль, калі ім прапанаваць выбар мовы навучаньня ў школе, дык яны выберуць расейскую», — зазначыла суразмоўца.

Адзін дзень на беларускую мову

У 2007 годзе пасьля працяглага перапынку ў магілёўскім садку № 81 сфармавалі былі групу, у якой зь дзецьмі выхавальніца працавала па-беларуску. Адкрыцьця групы дамагліся бацькі. У яе хадзілі пяцёра дзетак. Праіснавала яна да 2009 году, пакуль яе гадаванцы не дасягнулі школьнага веку. Больш набору ў беларускамоўную групу не было. Цяпер у 81-м садку, як і ў іншых, беларускай мове адведзены адзін дзень.

Адкрыцьцё беларускай групы, 2007 год
Адкрыцьцё беларускай групы, 2007 год

«У чацьвер бацькі прыводзяць дзяцей і ўжо ведаюць, што варта гаварыць у садку на беларускай мове. Мы нагадваем выстаўленымі таблічкамі, што гэты дзень беларускамоўны. І я з вамі не пагаджуся, што ў нашых гадаванцаў узровень веданьня беларускай мовы нулявы, — запярэчыла прадстаўніца адміністрацыі садку № 81.

«Так, у іх слоўнікавы запас не такі вялікі, але разуменьне беларускай гаворкі ўсё ж ёсьць, — дадала суразмоўца. — Мы даносім дзецям думку, што беларуская мова — іхная родная».

Выхавальніца, аднак, пагадзілася, што навучыць гаварыць дзяцей па-беларуску ня проста. «Тым ня менш працаваць варта», — заўважыла яна.

«Пакрысе, відаць, і можна зьмяніць сытуацыю, але дужа шмат перашкод. Вакол жа ўсё расейскамоўнае. Атачэньне расейскамоўнае, грамадзтва расейскамоўнае. У крамах усё па-расейску. Як гэтага ўнікнеш?» — вывела выхавальніца садку, у якім дзевяць гадоў таму была беларускамоўная група.

Мінулыя гады спробаў сфармаваць групу зь беларускай мовай выхаваньня ў іншых садках не рабілася. Неўзабаве пасьля закрыцьця адзінай у горадзе такой групы ў канцы 2009 году старшыня аблвыканкаму Пятро Руднік зацьвердзіў «комплекс першачарговых захадаў аблвыканкаму ў папулярызацыі беларускай мовы». Разьлічаная яна была на 2010-2012 гады. Якім быў плён ад ажыцьцяўленьня «комплексу захадаў у папулярызацыі мовы», вызначыць складана. Справаздачы аблвыканкам грамадзтву не даваў.

У магілёўскай школе № 34 стварылі беларускі клясу для дзьвюх вучаніц. На фота — уся кляса за партай. Тацяна зьлева, Эвэліна справа
У магілёўскай школе № 34 стварылі беларускі клясу для дзьвюх вучаніц. На фота — уся кляса за партай. Тацяна зьлева, Эвэліна справа

На чатырохсоттысячны Магілёў існуе толькі дзьве клясы зь беларускай мовай навучаньня. У іх вучыцца тры школьніцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG