Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як і меркавалася, 10 верасьня Цэнтравыбаркам на сваім пасяджэньні зарэгістраваў чатырох кандыдатаў у прэзыдэнты. Руцінная працэдура. Галоўным пытаньнем, якое цікавіла палітызаваную публіку і журналістаў, было тое, ці будзе прысутнічаць Аляксандар Лукашэнка. Ён не прыйшоў. І гэтая ягоная адсутнасьць на афіцыйнай працэдуры была вельмі прыкметнай, нават дэманстратыўнай. Атрымліваць пасьведчаньне кандыдата ў прэзыдэнты непасрэдна саміх прэтэндэнтаў заканадаўства не абавязвае. Таму Аляксандар Лукашэнка закон не парушыў. Але яго няўдзел у такім важным мерапрыемстве было вельмі сымбалічным. Як кажуць у такіх выпадках, ён зьзяў сваёй адсутнасьцю.

У кампаніі 2001 году Аляксандр Лукашэнка прыйшоў на працэдуру рэгістрацыі, ветліва павітаўся з сваімі канкурэнтамі Сямёнам Домашам і Ўладзімерам Ганчарыкам. І падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году ён таксама зьявіўся. Але трапіў у непрыемную сытуацыю. Аляксандар Казулін выступіў з заявай, у якой ня вельмі ветліва выказаўся пра Аляксандра Лукашэнку. Ён зьвярнуўся да яго на «ты», па-панібрацку назваў «Аляксандрам». Кіраўнік дзяржавы ледзь вытрымаў гэтую непрыемную працэдуру і сышоў праз чорны ход, не паціснуўшы руку ні Аляксандру Казуліну, ні Аляксандру Мілінкевічу. Менавіта пасьля гэтага ў выбарчае заканадаўства была ўнесена папраўка, якая не абавязвала прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта прысутнічаць на рэгістрацыі.

Таму ў 2010 годзе Лукашэнка ўжо не прыходзіў на рэгістрацыю. Там было аж восем апазыцыянэраў. Можна было не сумнявацца, што яны паспрабуюць выкарыстаць трыбуну ЦВК, прысутнасьць там самога Лукашэнкі, вялікай колькасьці СМІ, каб выступіць з гучнымі заявамі.

Гэтым разам у Лукашэнкі, здавалася, не было ніякіх падставаў чакаць ад канкурэнтаў нейкіх правакацыяў на свой адрас. Бо склад кандыдатаў моцна адрозьніваецца ад кампаніяў 2006 і 2010 гадоў. Тым ня менш, ён не прыйшоў. І гэта таксама пэўны мэсыдж, сыгнал, жэст.

Сэнс такой тактыкі Лукашэнкі палягае ў тым, што ён усім сваім выглядам дэманструе: я ў гэтай прэзыдэнцкай кампаніі ня ўдзельнічаю. Маўляў, я працую, выконваю свае прэзыдэнцкія абавязкі, мне няма калі займацца гэтым шоў.

Насамрэч Лукашэнка актыўна ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі. Больш за тое, ён праводзіць сваю агітацыю значна больш агрэсіўна, чым іншыя кандыдаты

Вядома, такое пазыцыянаваньне — гэта ня больш як гульня, рэклямны ход. Насамрэч Лукашэнка актыўна ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі. Больш за тое, ён праводзіць сваю агітацыю значна больш агрэсіўна, чым іншыя кандыдаты. Кіраўнік дзяржавы рэзка інтэнсыфікаваў сваё зьяўленьне ў мэдыях, пастаянна стварае інфармацыйныя нагоды. Ён езьдзіць па рэгіёнах, наведвае вытворчыя аб’екты, праводзіць нарады, прымае замежных палітыкаў, выступае з гучнымі заявамі. То бок паказвае, як шмат і напружана працуе на карысьць народа. І гэта, на яго погляд, самая лепшая і эфэктыўная агітацыйная кампанія.

А такое дэманстратыўнае адхіленьне ад усяго, што зьвязана непасрэдна з выбарамі, ігнараваньне працэдуры рэгістрацыі паклікана давесьці да электарату дзьве думкі. Па-першае, цяперашнія выбары — гэта мерапрыемства фармальнае, несур’ёзнае. У тым сэнсе, што вынікі іх усім даўно вядомыя, ніякіх нечаканасьцяў тут не прадбачыцца, таму ня трэба зьвяртаць пільную ўвагу на гэтую кампанію.

Па-другое, Лукашэнка імкнецца паказаць электарату, што ён не звычайны кандыдат, адзін з чатырох, а абсалютны і безумоўны фаварыт. Таму дзейны кіраўнік дзяржавы ня можа апусьціцца да таго, каб прыходзіць, як усе іншыя прэтэндэнты, на рэгістрацыю, сядзець зь імі ў адным пакоі. Ён лічыць, што яны яму не раўня, і яго зьяўленьне на рэгістрацыі павысіла б палітычную вагу апанэнтаў, магло б паслужыць для іх рэклямай.

Таму і працэс рэгістрацыі перанесьлі з Палаца Рэспублікі ў Дом ураду. То бок зьменшылі важкасьць, статус самой працэдуры.

Яшчэ варта зьвярнуць увагу на даволі сьмелы выступ Тацяны Караткевіч. Яна нагадала пра нявыкананае абяцаньне Лукашэнкі давесьці сярэдні заробак у Беларусі к 2015 году да 1 тысячы даляраў, заявіла, што «Лукашэнка стаміўся, яму трэба адпачыць». Гэта — адказ тым, хто ня лічыць яе апазыцыянэркай.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG