Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адпачываць у Крыме гарадзенцы не зьбіраюцца: апытаньні кліентаў турфірм


Каля вітрыны аднаго з агенцый падарожжаў
Каля вітрыны аднаго з агенцый падарожжаў

Колькасьць турыстаў з Горадні, якія зьбіраюцца сёлета на адпачынак, амаль ўдвая меншая чым летась, і пераважаюць бюджэтныя кірункі. Крым у такія не ўваходзіць.

Турыстычны сэзон сёлета ўжо распачаўся, а ў Горадні практычна адсутнічае агрэсіўная рэкляма турыстычных агенцтваў, як гэта было яшчэ некалькі гадоў таму. Многія, вядома, намерваюцца выехаць на адпачынак за межы Беларусі, але пераважная большасьць зьбіраецца прабавіць вольны час у вёсках альбо на лецішчах.

У турыстычнай фірме «Апрыёры-Тур» гаспадыня, спадарыня Анжэліка, патлумачыла, што сёлета ў яе кліентаў амаль ў два разы меней, чым летась. Паводле яе, год даволі складаны, бо не спрыяе эканамічная сытуацыя.

— Я, папраўдзе кажучы, часам нават зьдзіўляюся, калі хто яшчэ прыходзіць па пуцёўкі, бо грошай у людзей няма. Тыя гады ў чэрвені людзі больш актыўна куплялі пуцёўкі, а сёлета нават папярэдняга браніраваньня практычна не было. Няма яго і цяпер — на ліпень і жнівень. Амаль ніхто не браніруе месцаў і гэта пэсымістычная пэрспэктыва. На жаль, многія адмаўляюцца ад традыцыйных палётаў у Турэччыну і Егіпет, бо баяцца, што там неспакойна. Хаця, лічу, што лепшых умоваў для адпачынку з малымі дзецьмі, чым у Турэччыне, нідзе няма. Большасьць выбірае Баўгарыю. Сёлета гэта самы бюджэтны накірунак«.

Двое маладых людзей — Валодзя і Галя цікавяцца коштамі на пуцёўкі, выбіраюць найбольш бюджэтны варыянт. Але пачуўшы, што нават у Краснадарскі край цягніком на дваіх ім абыдзецца каля 11 мільёнаў і гэта яшчэ безь квітка на цягнік, засмучаюцца і адыходзяць. Цікаўлюся ў іх, як тады яны зьбіраюцца правесьці свой адпачынак? Спадар Уладзімер на гэта проста ўсьміхаецца:

«Добра, што хоць лецішча ёсьць. То там будзем ад сьпёкі хавацца.

Які ў нас можа быць адпачынак, калі я толькі адзін працую, а жонка ўжо паўгода нічога ня можа знайсьці.

Швейная фірма ў якой працавала, — практычна банкрут, ня мае ніякіх заказаў. А ў нас яшчэ двое дзяцей. Мы некалі разам зь сябрамі езьдзілі на аўтобусе ў Крым, а сёлета нам у фірме сказалі, што нават не разглядаюць такіх маршрутаў, бо дорага і доўга ехаць праз Расею».

А вось Аляксей і Алена набылі пуцёўку ва Украіну, яны едуць туды ўтрох разам з маленькім Арцёмам. Аляксей кажа, што зь бюджэтных варыянтаў і бязь візы — гэты найбольш аптымальны:

«Нам на траіх з дарогай, аўтобусам (праўда, без харчаваньня) выходзіць на 11 дзён прыкладна 600 даляраў. Мы выбралі Ўкраіну, бо туды візаў ня трэба. Ехаць туды не баімся, бо там спакойна, нашы знаёмыя тэлефанавалі. Ды і Чорнае мора такое самае, як у Баўгарыі, гэта ж побач кілямэтраў сто ўсяго. Спадзяюся, што нам спадабаецца ва Ўкраіне. Тым больш, што мы едзем туды першы раз. Расею і Крым нават не разглядалі: далёкая дарога, дый невядома колькі там можна ў дарозе прабыць.

У турагенцтве «Росцінг» спадарыня Наста на маю цікаўнасьць пра туры ў Крым сказала, што сёлета гэты кірунак ня мае пэрспэктывы.

«Уявіце, што кошт пуцёўкі каля 800 даляраў на дзесяць дзён без харчаваньня ды яшчэ двое сутак дабірацца аўтобусам праз Расею. Такія пуцёўкі, практычна, не карыстаюцца попытам, людзі калі даведваюцца пра такія цяжкасьці, то нават і не цікавяцца. А ў Баўгарыю пуцёўка на дваіх абыходзіцца каля 700 даляраў, прычым, з харчаваньнем і самалётам. А самалёт можа быць і з Горадні. Сёлета, дарэчы, на самалёт зь Менску ў многія кірункі значна зьнізіліся цэны, і цяпер гарадзенцы ўважліва разглядаюць гэтыя прапановы».

Больш аптымістычна аб турыстычным сэзоне гаворыць кіраўніца «Магазіна гарачых пуцёвак» спадарыня Юлія. Паводле яе, нягледзячы на ўсе эканамічныя складанасьці, турысты ўсё ж імкнуцца выяжджаць на адпачынак.

«Гарадзенцы, якія маюць магчымасьць дазволіць сабе адпачыць, традыцыйна па гарачых пуцёўках лятаюць з Варшавы альбо зь Вільні ў эўрапейскім кірунку.

Сярэдні кошт пуцёўкі тэрмінам на адзін тыдзень у Грэцыю, на Кіпр альбо Гішпанію сёлета складае каля 500 эўра. Праўда, сёлета найбольш папулярны кірунак — Баўгарыя. З Варшавы гэта нядорага і зручна для гарадзенцаў, бо з горада ёсьць прамыя рэйсы аўтобусаў у аэрапорт. На жаль, тарыфы „Белавія“ значна вышэйшыя, а Маскву і Ўкраіну мы наагул не разглядаем. Мы не займаемся таксама Крымам, бо няма попыту. Канешне, калі знаходзіцца кліент, то мы стараемся падабраць яму тур празь іншыя фірмы».

Размаўляю на вуліцы з маладымі людзьмі — Сяргей і Вольга. Цікаўлюся, ці зьбіраюцца яны сёлета на адпачынак куды-небудзь за межы Беларусі? Маладыя людзі кажуць, што вельмі б хацелася, але ня маюць за што. Спадарыня Вольга кажа, што апошні раз езьдзілі адпачываць ва Украіну пяць гадоў таму:

«Я наагул ня ведаю, калі мы цяпер зможам паехаць на адпачынак, бо выплочваем крэдыт за кватэру, а яшчэ даводзім яе да ладу. Хаця, канешне, дзеці малыя, іх трэба было б весьці на цёплае сонейка і вітаміны, але нашы заробкі не дазваляюць. Тут баімся, каб хоць працы ня страціць, бо тады ўжо ня будзеш ведаць што рабіць. Паедзем да бацькоў на вёску, будзем хадзіць па ягады...»

Гарадзенская фірма «Ардобус» адна зь нямногіх, якая прапаноўвае паездкі ў Крым на аўтобусе. Супрацоўніца фірмы, спадарыня Ганна, патлумачыла, што сёлета яны спрабавалі выстаўляць кошты па мінімуму, і атрымалася, што даезд аўтобусам і 11 дзён у Крыме без харчаваньня можа абысьціся чалавеку прыкладна ў 5 мільёнаў рублёў.«Жадаючых, канешне, значна меней, чым мінулыя гады. Мы нават яшчэ не пасылалі ніводнага аўтобуса. Першы рэйс заплянаваны на 23 чэрвеня, але яшчэ група цалкам не сфармаваная, хаця сёлета мы аб’ядноўваемся зь іншымі фірмамі, каб сфармаваць аўтобус з жадаючымі. Ехаць будзем праз Расею. Мы нават ня ведаем як яно будзе, бо мінулы год наагул не было выездаў у Крым», — распавядае яна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG