Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адносіны з Захадам: санкцыі пасьля першага палітвязьня?


Як складуцца адносіны паміж Захадам і афіцыйным Менскам пасьля аднаўленьня масавых рэпрэсій у Беларусі? Ці пойдуць беларускія ўлады на зьяўленьне ў краіне новых палітычных вязьняў? Ці вяртаецца пытаньне санкцый супраць афіцыйнага Менску ў палітычны парадак дня?

На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць палітычныя аналітыкі Валер Булгакаў і Андрэй Фёдараў. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Наколькі могуць зьмяніцца адносіны афіцыйнага Менску з Захадам пасьля падзеяў лютага і сакавіка гэтага году? Менавіта пасьля таго, што многія цяпер называюць канцом лібэралізацыі ва ўнутрыпалітычным жыцьці. Зь іншага боку, усё-ткі не адбылося таго, што было 19 сьнежня 2010 году, калі ўлады правялі нашмат больш масавыя рэпрэсіі, да таго ж шчыра плюнулі на думку заходніх партнэраў і ігнаравалі любыя іх пратэсты. Цяпер такое ўражаньне, што афіцыйнаму Менску па-ранейшаму важная іх думка. Тым ня менш рэпрэсіі, якія мы назіралі ў сакавіку, якія дасягнулі свайго піку 25–26-га, усё ж адбыліся. Як на гэта зрэагуе Захад і ці зьменіць гэта кардынальна беларуска-заходнія дачыненьні?

Булгакаў: Працэсы, запушчаныя ў сакавіку беларускімі ўладамі, яшчэ не спыніліся. Гэта значыць, рэпрэсіўны мэханізм набраў пэўную інэрцыю, ён працягвае дзейнічаць. Тыя людзі, якія селі на суткі, будуць вызваленыя, але відавочна, што, хутчэй за ўсё, беларускія ўлады такі давядуць да канца справу асобаў, якія абвінавачаныя ў падрыўной дзейнасьці. Супраць іх узбуджана КДБ крымінальная справа. Таму Захад цяпер будзе папросту назіраць, чым гэта ўсё скончыцца. Бо сёньняшні дзень — гэта ня ёсьць фінальны пункт у ацэнцы і ўвогуле ў разгортваньні тых падзей, якія адбываліся ў Беларусі ў апошнія некалькі тыдняў.

Таму я прагназую, што пакуль уплывовыя заходнія актары будуць абмяжоўвацца агульнымі канстатацыямі, сэнс якіх будзе зводзіцца да таго, што мы знаходзімся ў працэсе назіраньня, мы па-ранейшаму адкрытыя для дыялёгу. Але канчатковыя высновы будуць зробленыя менавіта тады, калі ясны стане стратэгічны сэнс пасылу, які шлюць як унутры грамадзтва, так і міжнароднай супольнасьці беларускія ўлады. Калі ў Беларусі зьявяцца палітвязьні, а ўсё да гэтага ідзе, то сытуацыя адносін Беларусі і заходняй супольнасьці будзе зноў адкінутая назад.

Я не магу цяпер параўнаць сытуацыю з падзеямі крывавага разгону маніфэстантаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, але падобная дынаміка будзе досыць верагодная.

З другога боку, трэба адзначыць, што беларускія ўлады, у адрозьненьне ад сытуацыі, якая была 5–7 гадоў таму, хочуць падсаладзіць пілюлю. І тая крымінальная справа, у рамках якой цяпер праводзіцца сьледзтва, менш апрыёры адыёзная, чым зьняволеньне і судовы перасьлед асноўных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта. Захаду цяпер, яго назіральнікам і экспэртам, вельмі цяжка зразумець, ці сапраўды тыя людзі, якіх абвінавачваюць у сур’ёзных крымінальных злачынствах, злачынцы, ці яны палітычныя вязьні. Гэта таксама паказвае тонкасьць сытуацыі, манэўру, які ажыцьцяўляюць цяпер беларускія ўлады.

Валер Булгакаў
Валер Булгакаў

Цыганкоў: Ну вось сапраўды вакол менавіта гэтай групы будзе вельмі вялікая ўвага, бо ўлады разумеюць, што Мікола Статкевіч — ён палітык, калі яго пасадзіць, то за яго ўступіцца ўвесь Сацыялістычны інтэрнацыянал, за Анатоля Лябедзьку — лібэральна-кансэрватыўныя партыі, і г.д. А гэтых людзей яны будуць спрабаваць прадставіць як маргіналаў, якія не палітычныя апанэнты, а хуліганы або ледзь не тэрарысты. Але, улічваючы ўвесь вопыт стаўленьня да Беларусі, ці можа хто-небудзь заглынуць гэтую прынаду, ці можа Захад паверыць у такое разгортваньне абвінавачваньняў?

Булгакаў: Калі пасьля разгону сьнежня 2010 году рэакцыя міжнародных арганізацый была імгненная, то цяпер фактычна цэлы тыдзень доўжыцца паўза. Заходнія ўстановы, праваабарончыя арганізацыі накшталт Amnesty International дагэтуль ня могуць зразумець, каго ж арыштавалі і ці сапраўды гэтыя затрыманыя злачынцы. Гэта паказвае, што Захад у разгубленасьці і ня можа выпрацаваць, прынамсі на падставе той інфармацыі, якая ёсьць, дакладную пазыцыю.

І гэта ўвогуле тэст на эфэктыўнасьць беларускай грамадзянскай супольнасьці. Гэта значыць, магчыма, сапраўды тут беларускім вядучым установам і структурам грамадзянскай супольнасьці трэба задумацца, ці не арганізаваць кампанію, каб не было такога маральнага рэлятывізму. Бо калі падсумоўваць, гэтыя кароткачасовыя затрыманьні, пры ўсёй брутальнасьці, вялікага ўплыву ня зробяць. МЗС Польшчы зь вялікім засмучэньнем адзначала падобныя эксцэсы, а пры гэтым паўтаралася мантра, што мы адкрытыя да супрацы і гатовы чакаць сыгналаў узаемнасьці з боку Менску. Таму ў афіцыйнага Менску такая вельмі складаная гульня: з аднаго боку — зьбіць пратэсты, з другога — яшчэ раз такім карным парадкам дысцыплінаваць дзяржаўны апарат, абараняць тылы перад абліччам няяснай будучыні беларуска-расейскіх дачыненьняў і адначасова ня трапіць пад новы пакет санкцый.

Я схільны ўвогуле тлумачыць беларускія падзеі сакавіка 2010 году ня нейкім стратэгічным разваротам Беларусі ад Захаду ў кірунку Расеі, а проста сапраўды страхам людзей, якія трымаюць тут уладу, яе страціць.

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

Фёдараў: У адрозьненьне ад падзей сьнежня 2010 году, беларускія ўлады цяпер у зусім іншым агульным зьнешнепалітычным становішчы.

Тады была абяцаная і дадзеная расейская дапамога, нягледзячы на пэўныя рознагалосьсі, якія мелі месца да таго. Але на той момант ужо ўсё было ўзгоднена, і дапамога гэтая ішла, і ўсё было зразумела.

Цяпер, як бачым, па шмат якіх кірунках з Расеяй супярэчнасьці, у Расеі свае праблемы, так ужо яна дапамагаць ня можа і не жадае. А тое, чаго яна жадае ад Беларусі, ня вельмі падабаецца афіцыйнаму Менску. Таму рваць адносіны з Захадам на сёньня беларускаму кіраўніцтву зусім не патрэбна.

Другі бок: галоўнае для беларускіх уладаў — гэта захаваньне ўлады. І вось тут яны ўжо асабліва ня будуць глядзець ні на Захад, ні на Ўсход, а будуць рабіць тое, што яны лічаць патрэбным. Калі ім падасца, што існуе пагроза гэтай самай уладзе, то — нягледзячы на тое, наколькі яна рэальная — яны будуць рабіць тое, што палічаць неабходным. І вось тут сапраўды ім трэба знайсьці нейкую сьцяжынку паміж Сцылай і Харыбдай. Пакуль што, мне здаецца, яны яшчэ гэтую мяжу не перайшлі, мы бачым гэта па шматлікіх заявах звонку. Там неафіцыйна, нефармальна вызначаная мяжа — наяўнасьць палітзьняволеных.

Галоўнае для беларускіх уладаў — гэта захаваньне ўлады. І вось тут яны ўжо асабліва ня будуць глядзець ні на Захад, ні на Ўсход

Я лічу, вядома, што тыя людзі, якія селі на суткі — 10, 15, а хтосьці на 25 — гэта фактычна тыя самыя палітзьняволеныя. Але ўсё ж калі называць іх так, гэта гучыць не зусім сур’ёзна, таму іх Захад, мабыць, такімі пакуль што ня лічыць. І насамрэч будзе чакаць як будуць разгортвацца падзеі вакол «26 камісараў». Я думаю, што тут можа быць з боку беларускіх уладаў такая палітыка: яны будуць як мага даўжэй зацягваць гэты працэс і глядзець на рэакцыю заходніх партнэраў, ці там апанэнтаў. І тады будуць вырашаць, ці можна гэта спусьціць на тармазах, ці нейкім чынам наадварот...

Цыганкоў: А няўжо яны не разумеюць, што любое імя, хоць бы адно, тым больш некалькі імёнаў, афіцыйна прызнаных міжнароднымі арганізацыямі ў якасьці палітвязьняў — гэта ўсё, гэта такі ўдар, які назад ужо не адкруціш? Што ім трэба нешта перад гэтым зрабіць, бо пасьля ўжо нешта зрабіць будзе цяжка?

Фёдараў: Я ня ўпэўнены, што адзін ці два прывядуць да такога выніку. Тады было шмат — спачатку сотні, потым дзясяткі. А калі адзін ці два — я ня ўпэўнены, тым больш што і Захад цяпер у досыць складанай сытуацыі. Ён зусім ня хоча, каб Беларусь падпала пад уплыў Расеі, і таму моцна яе адштурхоўваць, відаць, пабаіцца, бо менавіта на гэтым зараз і будзе спрабаваць гуляць беларускае кіраўніцтва. Казаць пакуль што вельмі цяжка, як будуць разьвівацца падзеі. Можна толькі вызначыць некалькі пытаньняў, у залежнасьці ад вырашэньня якіх можна прагназаваць той ці іншы разварот.

Цыганкоў: У палітычны лексыкон зноў было ўведзена слова «санкцыі». Пакуль ніхто ня кажа пра нейкую вялікую імавернасьць іх вяртаньня, але некаторыя беларускія палітыкі ўжо заявілі, што гэта трэба зрабіць. Гэта Саньнікаў, Статкевіч, Шушкевіч. І грамадзкая думка актыўных грамадзян пасьля 25 сакавіка таксама хіснулася ў той бок, што нельга даваць беларускім уладам крэдыт, ён пойдзе на новыя бронемашыны, АМАП, аўтазакі і г.д. Па-вашаму, ці магчыма сапраўды зараз хоць бы не рэальнае вяртаньне санкцый, а каб іх дамоклаў меч зноў навіс над афіцыйным Менскам? Ці ўвогуле трэба, каб ён як мінімум быў занесены?

Булгакаў: Я ня думаю, што пытаньне выдзяленьня ці невыдзяленьня крэдыту ад МВФ залежыць наўпрост ад падзеяў сакавіка 2017 году. Усё ж такі гэта вельмі доўгатэрміновая справа. Гэта вялікая гульня, якая доўжыцца ўжо ня першы год. Безумоўна, як уплывовы фактар гэта можа быць, але ніводзін сур’ёзны аналітык ня будзе ўвязваць атрыманьне дапамогі міжнародных фінансавых інстытутаў зь нейкімі беларускімі пратэстамі.

Хутчэй за ўсё, КДБ давядзе справу 26 абвінавачаных да канца

Таму тут, хутчэй, гаворка ідзе пра фармат узаемаадносін з Эўразьвязам. Менск так лёгка ідзе на абвастрэньне, так лёгка скідае фігуры з шахматнай дошкі, а не гуляе імі, з той простай прычыны, што нічога сур’ёзнага ў рамках дапамогі ад Эўрапейскага Зьвязу ён і не атрымаў. Гаворка ідзе проста пра кантакты, нейкае партнэрства ў лякальных маштабах, збліжэньне і пацяпленьне. Але манэтызаваць гэтыя адносіны ў выглядзе нейкіх шматмільярдных крэдытаў ці датацый Менску не ўдаецца і ніколі ня ўдасца, пакуль Беларусь ня стане паўнавартасным чальцом Эўрапейскага Зьвязу і ня будзе карыстацца структурным фондам гэтай палітычнай супольнасьці. Таму максымум, што сьвеціць беларускім уладам, — гэта чарговае замарожваньне кантактаў, гульня з тактычнымі мэтамі.

Хутчэй за ўсё, КДБ давядзе справу 26 абвінавачаных да канца. Мы пабачым абвінаваўчыя прысуды з крымінальнымі тэрмінамі. Гэта будзе чарговая чорная старонка ў беларускай палітычнай гісторыі, і каб мінімізаваць вось гэтую небясьпеку, трэба думаць, каб дамаўляцца ня толькі з уладамі, мы павінны ўзаемадзейнічаць з Захадам, каб максымальна зьмякчыць той удар, пад які трапілі гэтыя 26 чалавек.

Фёдараў: Я думаю, што пакуль што ўсур’ёз гаворка пра санкцыі не ідзе. Папярэджаньні ёсьць, але гэта хутчэй такія нагадваньні. Былі санкцыі — адмянілі іх паўтара года таму. І што зьмянілася? Так, пашырыліся крыху кантакты, выйшлі з-пад візавых забаронаў афіцыйныя асобы, але ці шмат стала паездак на самым высокім узроўні? Ці нам адразу адвальваюць крэдыты нейкія?

Не, тут якраз справа ў тым, што МВФ ня столькі палітычная сытуацыя бянтэжыць, колькі эканамічная. Ён патрабуе, каб тыя ці іншыя меры прымаў урад, а калі ўрад будзе іх прымаць, гэта яшчэ пагоршыць жыцьцёвы стан грамадзян, і, адпаведна, можа падштурхнуць значна большую колькасьць да выхаду на вуліцы. Таму вельмі сумнеўна, што наша кіраўніцтва пойдзе на гэтыя патрабаваньні МВФ. Адпаведна, грошай не атрымае. Гэта зноў жа пагоршыць эканамічны стан дзяржавы. Карацей, яны ў замкнёным коле апынуліся. Фармальна пытаньне санкцый не стаіць, але фактычна яны так ці інакш існуюць. Таму, я думаю, гэта пакуль што ня так істотна.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG