Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады не рэгіструюць аб'яднаньне, якое бароніць адлічаных студэнтаў


Глеб Вайкуль

Глеб Вайкуль

Створанае нядаўна Моладзевае грамадзкае аб'яднаньне "Інтэрмарыюм" адмаўляюцца рэгістраваць у Галоўным ўпраўленьні юстыцыі Менаблвыканкама.

Аб’яднаньне рэгіструюць моладзевыя актывісты некалькіх дэмакратычных арганізацыяў (рух «За Свабоду», «Маладыя сацыял-дэмакраты — Маладая грамада», «Зьмена», «Маладыя Дэмакраты — моладзь АГП») і неафіліяваныя сябры. Старшынём Рады стаў Пётра Маркелаў, былы студэнт фізфаку БДУ. Ён быў адлічаны з унівэрсытэту ўвесну 2015 году пасьля ўдзелу ў выбарах у мясцовыя саветы ў Менску ў 2014 годзе (афіцыйная прычына — прагулы).

«Гэта цэнтар моладзевай кансалідацыі», — сказаў Свабодзе Маркелаў.

Таксама сярод сябраў новай арганізацыі — Глеб Вайкуль, былы студэнт філфаку, быў адлічаны на днях за арганізацыю Маршу студэнтаў супраць платных пераздач (афіцыйна ён ня здаў іспыт).

Пётра Маркелаў

Пётра Маркелаў

Арганізацыя, якую спрабуюць зарэгістраваць хлопцы, называецца «Інтэрмарыюм», што значыць «Міжмор’е».

«Нашая мэта — аднаўленьне культурных і сацыяльных сувязяў паміж краінамі Міжмор’я, а таксама спрыяньне палітычнай і эканамічнай інтэграцыі рэгіёну, — сказана ў прэс-рэлізе. — Інтэрмарыюм альбо Міжмор’е — гістарычны рэгіён у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, які перадусім уключае Беларусь, Украіну, Польшчу і Літву».

Але ўжо пасьля першай спробы рэгістрацыі ім было адмоўлена ў Галоўным ўпраўленьні юстыцыі Менаблвыканкаму. Паводле слоў Пятра, іхнім арэндадаўцам «учынілі юрыдычную расправу».

«Пракуратура, выканкам і іншыя кантрольныя органы наведалі яго з праверкай. Простым тэкстам шакаванаму бізнэсмэну паведамілі, што калі ён будзе мець справы з нашай арганізацый, на праверках справа ня скончыцца».

А таму афіцыйная адмова ў рэгістрацыі палягае ў тым, што асоба, якая гарантавала юрыдычны адрас будучай арганізацыі, адклікала гарантыйны ліст.

«Сам прадпрымальнік нам пра гэта не паведаміў».

Нягледзячы на гэта, «Міжмор’е» заяўляе пра пачатак сваёй дзейнасьці. Учора зьявілася першае відэа гэтага руху. Яно тычыцца адлічэньня Вайкуля.

«Акадэмічныя вольнасьці і студэнцкае самакіраваньне — шлях да свабоднай і дэмакратычнай Беларусі, таму мы лічым, што праблемы студэнцтва — гэта праблемы ўсяго грамадзтва».

Адзначаецца, што неўзабаве «Міжмор’е» распачне сэрыю мерапрыемстваў па крытычным мысьленьні і лічбавай бясьпецы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG