Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Адкуль у беларусаў узяўся каўтун?


Жыхар Пінскага павету з каўтуном. Ілюстрацыя з альбома здымкаў І.Сербава

Жыхар Пінскага павету з каўтуном. Ілюстрацыя з альбома здымкаў І.Сербава

Са школьных часоў застаюцца ў памяці радкі расейскага паэта Мікалая Някрасава пра беларуса, у якога «ноги опухли; колтун в волосах». Каўтун у якасьці мэтафары застаецца і ў сучаснай гуманітарыстыцы. Так, Валянцін Акудовіч рытарычна пытаецца: «Каўтун, які калісьці няславіў беларусаў, з галавы прарос у галаву — і як яго цяпер адтуль выдзерці?», а Сяргей Астравец піша «неверагоднае апавяданьне» «Каўтун» з эпіграфам:

«Каўтун — наш крыж,
Каўтун — наш гонар,
Каўтун — наш сьцяг,
якi вядзе ўпярод».

Дык адкуль у беларусаў узяўся каўтун? Як і чаму ён стаў мэтафарай? Гутарка з этнакультуролягам, доктарам філялягічных навук Тацянай Валодзінай.

Вячаслаў Ракіцкі: Каўтун — гэта ўсё ж хвароба, як я разумею. Ці вывучаныя яе прычыны, сымптомы?

Тацяна Валодзіна: Сёньня можна з поўнай адказнасьцю сказаць: няма больш прыцягальнай для дасьледчыкаў хваробы, чым каўтун. Ужо да сярэдзіны XIX стагодзьдзя было надрукавана больш за 900 (!) працаў, і колькасьць іх расла, пакуль у 1843 годзе польскі навуковец, лекар Ф. Бэшорнэр не апублікаваў на гэтую тэму вялікага дасьледаваньня. Аднак і на сёньня няма агульнапрызнанага рашэньня адносна прычынаў і праяваў гэтай хваробы. Дарэчы, афіцыйная навуковая назва каўтуна — Plica polonica: Plica — як пазначэньне камяка валасоў, і polonica — як указаньне на найбольшае тэрытарыяльнае распаўсюджаньне немачы.

Ракіцкі: Але ці можам мы лічыць радзімай каўтуна менавіта Польшчу?

Валодзіна: Адзін з прызнаных аўтарытэтаў у дасьледаваньні каўтуна Каэтан Кавакеўскі ў 1839 годзе так акрэсьліў арэал хваробы:

«Plica polonica распаўсюджаная на адносна невялікай і абмежаванай тэрыторыі. Гэта — Польшча, Літва, самы захад Расеі, Вугоршчына, Сылезія, Трансыльванія і Прусія, значна радзей сустракаецца па Рэйну».

Але цэнтрам уяўленьняў называецца Польшча, прычым у сваіх былых абсягах. На тэрыторыі сучаснай Беларусі зьвесткі пра каўтун сустракаюцца і бытуюць да сёньня па ўсіх раёнах.

Зьлямцаваныя валасы — гэта толькі адна са зьнешніх праяваў сур’ёзнай унутранай хваробы чалавека, перадусім рэўматычнага кшталту. Яна суправаджаецца і язвамі на целе, і болямі суставаў, і скрыўленьнем пазногцяў, і спазмамі, і нават нэрвовымі прыпадкамі.

Ракіцкі: Для нас каўтун — гэта такі зблытаны агідны камяк валасоў. Але ці толькі?

Валодзіна: Тыя зьлямцаваныя валасы — гэта толькі адна са зьнешніх праяваў сур’ёзнай унутранай хваробы чалавека, перадусім рэўматычнага кшталту. Яна суправаджаецца і язвамі на целе, і болямі суставаў, і скрыўленьнем пазногцяў, і спазмамі, і нават нэрвовымі прыпадкамі. І, безумоўна, — моцны і няспынны боль галавы. Ангелец Уільям Кокс у сваіх нататках пра падарожжа па нашых землях у другой палове XVIII стагодзьдзя пакідае і зьвесткі пра каўтун:

«Plica Polonica — гэта інфэкцыйная хвароба, якая, як і праказа, усё яшчэ мае месца сярод людзей, якія ігнаруюць мэдыцыну і няўважлівыя да яе прагрэсу; яна рэдка зьяўляецца ў тых краінах, дзе робяцца належныя гігіенічныя захады. Інфэкцыя не распаўсюджваецца сярод расейцаў, верагодна, з прычыны карыстаньня лазьняй».

Ракіцкі: То бок прычынаю каўтуна — неахайнасьць, бруд і ігнараваньне гігіены?

Фатаздымкі з архіву ІМЭФ НАН Беларусі. 1960-я гады

Фатаздымкі з архіву ІМЭФ НАН Беларусі. 1960-я гады

Валодзіна: Сапраўды, лекары і этнографы ледзь не да сярэдзіны мінулага стагодзьдзя зьвязвалі захворваньне з характэрным кліматам і жыцьцём сярод балотаў, з адсутнасьцю належнай гігіены ў спалучэньні зь цяжкой працай, з крытычнымі сытуацыямі, спалохам, сурокамі і г.д. Да прыкладу, этнограф, падарожнік Э. Сно пісаў:

«Балоты ўяўляюць сапраўды кару гэтага краю (Палесься. — В.Р.), надзвычай адмоўна адбіваюцца на здароўі яго насельнікаў. Усялякія хваробы, страшэнная ліхаманка, тыфус, сухоты распаўсюджаныя сярод шкодных выпарэньняў балота. Акрамя гэтага, тут зьвіла сваё гняздо невядомая ў іншых месцах страшная хвароба — каўтун. Каўтун — вынік вострай худасочнасьці, на якую пакутуюць многія беларусы. Кожны волас на галаве чалавека напаўняецца гноем, і ўсе яны сплятаюцца ў агідную масу, якую нельга ні чапаць, ні часаць, ні мыць, а даводзіцца насіць, загарнуўшы ў палатняны мяшок. Каўтун суправаджаецца ламотай, язвамі, высыпкай, пакрыўленьнем пазногцяў, урастаньнем павекаў унутр вачэй».

Ракіцкі: Гэта ў дачыненьні да палескіх балотаў. А як жа ў Эўропе? Як тлумачыўся каўтун там?

Валодзіна: Тлумачыўся гэтак жа. Але адукаваныя эўрапейцы актыўна ўключыліся ў барацьбу супраць каўтуна, адназначна і катэгарычна залічыўшы яго ў наступствы неахайнасьці. Прыдворныя лекары польскіх каралёў рашуча лекавалі каўтуны, зразаючы іх і «прапісваючы» мыла і грабянец. У Галіцыі пра каўтуны стала менш чутно пасьля таго, як доктар Юзаф Дытль (Józef Dietl) распусьціў чуткі, што за каўтун будуць браць падатак.

Цікавыя гісторыі адбываліся ў Аўстра-Вугоршчыне, калі «каўтунаватых» ня бралі ў войска, і зьявілася надта шмат «хворых». Аўтары паведамляюць пра мужчын, якія ня мылі галаву па 15 і не часалі валасоў па 18 гадоў, і пра тое, як разгарнулася цэлая кампанія па адрозьніваньні каўтуноў сапраўдных і фальшывых.

І ўсё ж сьцьверджаньне, што «каўтун зьнік, калі ў другой палове XIX стагодзьдзя памерлі апошнія лекары, якія ў яго верылі», падаецца дужа саманадзейным, асабліва калі ўзяць пад увагу велізарную колькасьць экспэдыцыйных запісаў зь Беларусі ўжо да 2016 году.

Ракіцкі: Вы хочаце сказаць, што ў беларусаў каўтун сустракаецца да гэтага часу? Людзі і сёньня хварэюць на каўтун?

Валодзіна: Уяўленьні пра каўтун — абсалютна жывы пласт вераваньняў. Колькі маіх інфармантаў у часе экспэдыцыяў казалі, што насілі каўтун іхнія мамы, цёці, бабулі або нават яны самі. Сустракаліся і такія, што сарамліва апускалі вочы, бо пад хусткай і быў той самы каўтун.

Фатаздымкі з архіву ІМЭФ НАН Беларусі. 1960-я гады

Фатаздымкі з архіву ІМЭФ НАН Беларусі. 1960-я гады

Ракіцкі: Але ж у нашы дні казаць пра адсутнасьць гігіены не выпадае. Чаму ж хварэлі беларусы на каўтун апошнія пяцьдзясят ці больш гадоў?

Валодзіна: Так, даводзілася назіраць мілую чысьцюткую бабульку сярод хаты-сьвятліцы, усёй у вышываных рэчах, а з каўтуном. І дзядзьку, былога настаўніка, з пабітымі ў лямцы валасамі. Але ў бабулі на яе вачах аўто задавіла дачку з унучкамі, а дзядзька тушыў, тушыў, але так і ня змог патушыць хаты, у пабудову якой уклаў ладны кавалак жыцьця. Стаўся тут каўтун вынікам магутнага нэрвовага стрэсу. На сёньня гэта галоўная прычына немачы.

Акрамя таго, каўтун — зьява ня толькі мэдычнага, але перадусім міталягічнага пляну. Зьвіваньне каўтуна зьвязвалі і з прычынамі чыста знакавага характару, з падабранымі птушкай ці мышшу кінутымі валасамі, з заломам у полі, з трапляньнем у віхор. Жывыя ўяўленьні пра каўтун як вынік чарадзейства:

«Эта насыльноя. Эта людзі насылаюць, і калтун завіваецца. І яго віразай не віразай, а ён усіраўно будзя зьвівацца. Эта нада малітву чытаць, каб удаліўся» (Добрускі раён).

«Гаварілі, што яна ўмеець паддзелаваць, дык у яе вырас такі каўтун. У яе такі рог баў, як падвяжаць хусткай. Так і хадзіла. Платок завязаць, а ён як рог тарчыць» (Мсьціслаўскі раён).

Ракіцкі: На захадзе такая ж сытуацыя? Ці там гэта справа мінулых часоў?

Валодзіна: Ва ўсялякім разе, фальклярыстычная літаратура падае зьвесткі толькі да пачатку ХХ стагодзьдзя, хоць у суседніх Польшчы і Літве запісаў хапае і з паваенных часоў. Цікава яшчэ, што заходняя частка эўрапейскіх уяўленьняў пра каўтун адназначна зьвязвае яго з умяшаньнем адмысловага дэмана. У іх каўтун і дэман нават называюцца адным словам: славацкі škrat, škratek, чэскі skřítek (skřotek, koltun); сылескі Mamunik, кашубскі píkas. А ў немцаў насыланьне каўтуна на чалавека прыпісваецца шмат якім дэманам, там і адрозьніваюць, так бы мовіць, гатункі каўтуна, якія называюцца словамі, утворанымі ад імёнаў тых чарцей ці гномаў.

Ракіцкі: Якія ж прычыны асноўныя для беларускай традыцыі?

Валодзіна: Беларусам, як і палякам, уласьцівае даволі нечаканае і, можа, страшнае для сучасьніка ўяўленьне — каўтун ёсьць у кожнага чалавека. Гэта нават ня орган, але нейкая ўнутраная субстанцыя, якая пад узьдзеяньнем пэўных фактараў пачынае вывяргацца вонкі.

«У любога чалавека ёсь каўтун, толькі яго нада ўстрывожыць, узьнервіць, устаўчы. З бальшых нерваў, з бальшога іспуга», — расказалі мне ў Старадароскім раёне.

«Каўтун? Эта ж ён — да сарака год яго няма, а пасьля сарака ён у каждага. Эта ж тыя самыя нервы. У аднаго яны такія, а ў другога такія. Хто сільна расстроіцца, тады каўтун выб’ецца наверх, тады яму і лягчэй», — кажуць у Слуцкім раёне.

Істотна тое, што каўтун як своеасаблівы двайнік чалавека і апісваецца ў чалавечых катэгорыях. Ён можа выклікаць пэўныя жаданьні ў ежы ці, наадварот, «пратэставаць» супраць якіх-небудзь харчоў. Запісаў пра каўтун, калі пэўная ежа выклікала абвастрэньне хваробы, а іншая, наадварот, зьмякчала яе сымптомы, даволі шмат. Прыкладам, у Хоцімскім раёне распавядалі:

«Яна захацела чаго-та зьесьці і не зьела таго. Есьлі чалавек захацеў што-та... Ён у каждага чалавека ёсь, калтун. Толька не ва ўсех ён выяўляецца. Панімаеця, не ва ўсех. Есьлі чалавек што-та захацеў, нада хоць раз у рот уклась, хлібнуць, і то ўсё будзець нармальна. Вот. А тая жэншчына... У яе такі вырас калтун, хай Бог мілуець».

У сучасным кантэксьце невыпадковыя тлумачэньні, што гэта даюць аб сабе знаць нэрвы. Але самая пашыраная прычына каўтуна па ўсёй тэрыторыі Беларусі — моцны нявылечаны пярэпалах.

Ракіцкі: Атрымліваецца, што сёньня каўтун перастаў цікавіць мэдыкаў і цалкам перайшоў у сфэру інтарэсаў этнографаў?

Валодзіна: Сапраўды, менавіта этнографы зьвярнулі ўвагу на тое, што вось гэты самы агідны страшны каўтун — не заўсёды «дасьпелая хвароба» і што гэтыя брудныя валасы ня самі могуць зьбіцца ў ком ад якойсьці там атруты ці мікроба, а што гэты самы каўтун — стварэньне рук чалавечых. Што каўтун — наадварот — лекавы сродак ад захворваньняў унутраных, калі такім чынам хвароба як бы выводзілася з арганізму вонкі і тым палягчаліся пакуты. Іншыя ж адмыслова завівалі сабе каўтун, каб вывесьці хваробу зь цела.

«У чалавека, прымерна вот у жэншчыны, ломіць цела, галава баліць, усе суставы баляць. Нада запусьціць голаў і не часаць. Мая падруга запусьціла галаву, ён і зьвіўся такі, як рэшата. Яна і год насіла. Ён атышоў, нескалька валасоў толькі дзіржалася. Перад Пасхай атрэзалі тыя валасы» (Брагінскі раён).

«Я іспытала сама. З падзіўка бывае, хто завідае. У мяне такое было, што забалела нага, і так мяне палажыла, што я два года лежала. Врачы што не рабілі, нічога не зьдзелалі. Сказалі — паспрабуйце па бабках. Завезьлі мяне к бабцы. Я ў яе была дзевяць дней. Яна утрам і вечарам мне выгаваравала. Нож такі бальшы і перад іконай гаварыла. Як яна выгаварала, сказала: не чашы галаву, запусьці. І стаў каўтун. І вот перад Пасхай я к ёй паехала, яна яго зьняла і нада ня перадам, а задам кінуць яго ў печ і спаліць. Каб яно ўсё згарэла. Я так і зьдзелала, і ўсё — пашла нармальна» (Лоеўскі раён).

Дарэчы, адно з самых першых вядомых пісьмовых паведамленьняў пра каўтун і паказвае на тое, што запусканьне валасоў было не хваробаю як такой, а лекавым сродкам. Зь ліста рэктара Акадэміі Замойскай В.Старнігеліюша прафэсуры Падуі ў 1599 годзе вядома, што «просты народ лечыцца запусканьнем каўтуна, які пасьля адцінаньня пазбаўляе хворага ад яго немачы». Шэраг рытуальных практыкаў і накіраваны на выкліканьне вонкі ўнутранага, «патайнога» каўтуна. Для ўтварэньня каўтуна ў валасы ўкладвалі як ліпучыя рэчывы — смалу, мёд і нават «мышыны лой», так і прадметы, расьліны, суадносныя з самой ідэяй віцьця, кручэньня, — выкарыстоўвалі віцьцё для пераплятаньня платоў, змывалі адварам травы павітухі, барвінку.

Ракіцкі: Сёньня наўрад ці зьвяртаецца хто з каўтуном да лекара. Што ж рабіць, калі такое раптам здарыцца?

Валодзіна: Самавольна і па-за рытуалам здымаць каўтун строга забараняецца, бо пагражае тое сур’ёзнымі наступствамі, аж да сьмерці хворага. Вось запіс, зроблены ў Докшыцкім раёне:

«У мамы быў калтун. З пуду. У вайну, прыдуць з вінтоўкай, мы малыя, і тату к сьцяне стаўлялі. Збіваецца, робіцца як валенак, звалены з воўны. Сядзім над мамай, расчэшам, расчэшам, разьбяром, ня пройдзець мінут дзесяць, а ў яе ўзнова зьвіўся калтун. Саб’ецца, мы ўзноў. Дык ей тады адбіраець рукі, ногі, як станем разбіраць, у галаву колець, невазможна. „Не, дзеці, не нада. А то нічога не вазьму ў рукі“. Тры гады насіла. А тады ён адрос, стаў з’езджаць ужо на плечы, гэты вайлак, яна сама адрэзала. Яна Богу малілася».

Перш за ўсё, каўтун варта дагледзець, пэўны час вынасіць, выгаварыць адмысловымі замовамі і толькі потым здымаць. Сярод найбольш пашыраных наступныя дзеяньні: выпякаюць гарачым жалезам, адпякаюць распаленым нажом, адбіваюць каменем на камені, адкусваюць па валасінцы, перабіваючы косы крэменем аб крэмень, і іншыя. Адрэзаны каўтун трэба было належным чынам выдаліць або зьнішчыць. Закопвалі, пускалі па бягучай вадзе, але часьцей палілі. Цікава ж тое, што ў палескіх вёсках каўтун хавалі на гарышчы, а пасьля сьмерці чалавека маглі нават пакласьці зь ім у труну.

Ракіцкі: Дык у чым сутнасьць менавіта сёньняшніх уяўленьняў пра каўтун?

Валодзіна: Сёньняшнія ўяўленьні беларусаў пра каўтун — лягічны працяг «клясычнай» эўрапейскай традыцыі. Аднак сучасныя рэаліі паказваюць на перамяшчэньне акцэнтаў з вонкавых прычын хваробы на ўнутраныя, калі пачынае дамінаваць уяўленьне пра прычыну хваробы як дысгармонію ўнутры самога цела.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG