Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрытыя новыя зьвесткі пра Скарыну: ён удзельнічаў у паяднаньні цэркваў


Новыя зьвесткі пра біяграфію і постаць Францішка Скарыны адшукаў Алесь Жлутка, старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Беларусі.

Як паведамляе Радыё Ватыкана, падчас апошняй камандзіроўкі дасьледчык удакладніў сувязь першадрукара з V Лятэранскім саборам, які наведала дэлегацыя дацкага караля, у складзе якой быў нейкі Скарына.

Алесь Жлутка мяркуе, што гэта і быў Францішак Скарына.

Такое дапушчэньне навуковец робіць на падставе факту, што праз тры месяцы пасьля сабору ўжо дакладна Францішка Скарыну пры абароне доктарскай працы ў Падуі называюць сакратаром дацкага караля Ганса.

Падчас працы ў Ватыканскім архіве Алесь Жлутка знайшоў цікавыя дакумэнты, у якіх сакратар дацкага караля паведамляе пра тое, што да V Лятэранскага сабору жадае далучыцца маскоўскі цар.

«Падчас працы з дакумэнтамі высьвятляюцца такія цікавыя рэчы, што перад 1508 г. дацкі кароль Ганс прымае ў сябе дэлегацыю ад маскоўскага цара, і паслы просяць яго дамовіцца з папам Юліем ІІ аб доступе маскоўскага пасольства да ватыканскага двара. У ходзе гэтых і наступных перамоў дацкі кароль спрабаваў дамовіцца з Васілём ІІІ аб паяднаньні Цэркваў. Пасьля дацкі кароль зьвярнуўся да францускага караля, каб той паспрыяў гэтаму паяднаньню і садзейнічаў маскоўскаму цару пры двары папы Юлія ІІ. У 1509 г. да дацкага двара прыбывае таксама дэлегацыя польскага караля і Вялікага князя Жыгімонта, у падданстве якога на землях Беларусі і Ўкраіны таксама былі праваслаўныя і дзе дакумэнтацыя вялася на лаціне і старабеларускай. Узьнікае пытаньне: дзеля чаго патрэбны быў Скарына дацкаму каралю ў якасьці сакратара? Адказ напрошваецца сам сабой: для дыпляматычных зносінаў з Жыгімонтам і Васілём ІІІ; Скарына выконваў экумэнічную місію ў справе паяднаньня дзьвюх галінаў хрысьціянства. Вельмі верагодна, што ў Даніі ён і атрымаў мэдыцынскую адукацыю, каб пасьля абараніць дактарат па мэдыцыне ў Падуі», — дасьледчык спрабуе аднавіць храналёгію падзей, якія адбыліся больш за пяць стагодзьдзяў таму.

Такім чынам, тое, што Скарына мог быць непасрэдным удзельнікам дацкай дэлегацыі на V Лятэранскі сабор — вельмі важная акалічнасьць, лічыць Алесь Жлутка.

«Пашыраецца дыяпазон яго асобы, пашыраецца дыяпазон перамяшчэньняў Скарыны па Эўропе. Гэта кажа аб тым, што ён быў асобай рэнэсанснага тыпу. А як вядома, дзеячы Адраджэньня ў той час даволі шмат падарожнічалі па Эўропе, набываючы веды і працуючы ў розных галінах. А яго дзейнасьць у экумэнічным кірунку сьведчыць аб шырыні сьветапогляду, аб яго адкрытасьці. Тое, што ён мог удзельнічаць у справе паяднаньня падзеленых частак хрысьціянства напярэдадні новага падзелу, які несла блізкая Рэфармацыя, надае яшчэ большую веліч ягонай постаці», — упэўнены навуковец.

Скарыназнаўца Адам Мальдзіс лічыць дапушчэньне Алеся Жлуткі цалкам верагодным:

«Скарына ўвесь час быў за тое, каб цэрквы былі разам. Яшчэ да вайны выйшла кніга пінскага дасьледчыка ордэна бэрнардынцаў, дзе той даводзіць, што Скарыну разам зь сямʼёй хрысьцілі бэрнардынцы ў Полацку. Такім чынам, Скарына, будучы хрышчоным бэрнардынцамі, адрасаваў свае кнігі „люду паспалітаму“, які ў большасьці быў праваслаўным. Значыць, на асабістым узроўні для яго тып веравызнаньня ня меў значэньня. Таму цалкам верагодна, што тым чалавекам, які браў удзел у экумэнічнай дзейнасьці», — лічыць Адам Мальдзіс.

У 2017 годзе ўвесь сьвет адзначыць 500-гадовы юбілей першай друкаванай Бібліі Скарыны.

У траўні 2015 году Адам Мальдзіс выступіў з ініцыятывай кананізаваць Францішку Скарыну. Прытым, на думку навукоўца, займацца гэтым павінны як каталіцкая, так і праваслаўная і ўніяцкая цэрквы.

Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны з нагоды 500-годзьдзя друкаванай Бібліі прапануе перанесьці сталіцу зь Менску ў Полацк, на радзіму першадрукара.

XS
SM
MD
LG