Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня трэба ўсіх рабіць злачынцамі!». Адкрыты ліст аматараў-пашукавікоў аўтарам «антыкапальніцкага» ўказу № 485


Аўтар ліста і пэтыцыі на гэтую тэму – мянчук Зьміцер Антановіч. Яго падтрымалі некалькі дзясяткаў чалавек, для якіх пошукавая справа стала асноўным хобі.

Ініцыятар і аўтар законапраекту аб «чорных капальніках», які ўвасобіўся ва ўказ № 485, – доктар гістарычных навук, загадчык катэдры археалёгіі Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова, сябра Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Ігар Марзалюк.

У нядаўнім інтэрвію Свабодзе навуковец-чыноўнік эмацыйна заявіў, што даўно насьпеў час узяцца за навядзеньне парадку ў сфэры, якая ўзбагачае асобных дзялкоў ад гісторыі, але нішчыць неацэнную спадчыну. На яго перакананьне, закон абавязкова запрацуе, а ўсе нядобрасумленныя ўдзельнікі ценявога рынку атрымаюць па заслугах.

Археоляг пра чорных капальнікаў і шэрых калекцыянэраў: сыход у цень — ваш выбар, але тады будзьце гатовыя, што да вас пагрукаюцца

Аматары прыборнага пошуку ня згодныя з катэгарычнымі высновамі аўтара дакумэнту і выступілі з адкрытым лістом, у якім агучваюць уласнае меркаваньне пра ролю чалавека з мэталашукальнікам у справе фіксацыі этапаў беларускай гісторыі. Аўтар ліста і пэтыцыі на гэтую тэму – мянчук Зьміцер Антановіч. Яго падтрымалі некалькі дзясяткаў чалавек, для якіх пошукавая справа стала асноўным хобі.

___________________

«Добры дзень, таварыш Марзалюк. На жаль, не магу напісаць «паважаны», бо пасьля апошняй публікацыі з вашымі выказваньнямі вы страцілі апошнюю павагу ў людзей, у якіх яна хоць трохі, але ўсё ж заставалася ў адносінах да вас. Як мінімум незразумела, на якой падставе ў год культуры, абвешчаны ў Беларусі, чыноўнік вашага рангу дазваляе сабе «раскошу» абражаць тых, каго ён ня толькі ня бачыў, але і ня ведае. Хоць многія зь іх зьяўляюцца ня толькі рабочым клясам і інтэлігенцыяй, але таксама і археолягамі, якія працуюць побач з вамі.

Па вялікім рахунку, з такім жа посьпехам афіцыйных археолягаў можна назваць «трунакопамі». Курганныя могільнікі, якія вы разам зь іншымі археолягамі раскопваеце, гэта нечые магілы. А ніводзін нармальны чалавек, зыходзячы са сваіх маральных прынцыпаў, не дазволіў бы капацца ў магілах сваіх продкаў. Тады адкажыце, калі ласка: хто вам даў на гэта маральнае права? Дарэчы, ёсьць мноства доказаў, што курганы раскопваюць найперш мясцовыя жыхары, якія жывуць побач і падсілкоўваюцца легендамі пра тое, што там закапаныя незьлічоныя скарбы швэдаў ці Напалеона. Адкажыце таксама: чаму як мінімум дзьве курганныя групы, заяўкі на якія неаднаразова падаваліся ў аблвыканкамы, так і ня ўнесеныя ў рэестар? І іх, між іншым, на працягу двух апошніх гадоў ахоўваюць менавіта аматары-пашукавікі.

Несумненна, той закон, які вы ініцыявалі, даўно насьпяваў. І многія пашукавікі яго таксама чакалі, бо рэальна тое, што адбываецца ў нашай краіне, у археалёгіі, пакідае жадаць лепшага. Вы ў цяперашнім стане рэчаў абвінавачваеце ўсіх, але толькі не афіцыйных археолягаў і тым больш не сябе. Хоць менавіта вам ня шкодзіла б успомніць пэрыяд з канца 1990-х і да 2011-га ўключна. Калі афіцыйныя археолягі шукалі пасярэднікаў для таго, каб прадаць археалягічныя артэфакты за мяжу. Натуральна, гэта адзінкавыя выпадкі, але яны ёсьць. Гэтаксама як і выпадкі рабаваньня курганоў “чорнымі капальнікамі”, а не аматарамі прыборнага пошуку (былі і такія выпадкі). Але сёньня пра гэта гаварыць ня буду, хачу сказаць пра тое, што вы самі прамаўлялі на працягу апошніх гадоў. На некаторыя вашы словы ў нас ёсьць і адказы, і дапаўненьні, і абвяржэньні.

Пачну, вядома, з вашых хвалёных «нікому не патрэбных» 40 сантымэтраў культурнага пласта, якія вы ня хочаце камэнтаваць – маўляў, нібыта вырвана з кантэксту. Нагадаю, калі і пры якіх абставінах гэта было сказана – падчас працаў на добраўпарадкаваньні раёну Паднікольля. Тады вы заявілі: «Парушэньнем культурнага пласта ёсьць сытуацыя, калі вядуцца незаконныя і несанкцыянаваныя працы ад глыбіні 0,4-0,6 мэтра. Верхні пласт да глыбіні 0,4 м наагул можна здымаць без нагляду»

Выходзіць, што 40–60 сантымэтраў верхняга пласта археолягаў у вашай асобе не цікавяць наогул? Чаго ж тады вы нападаеце на аматараў- пашукавікоў, якія сваімі мэталадэтэктарамі прамацваюць глебу ну ніяк не глыбей, чым на 40–50 сантымэтраў? Зноў жа, у адным інтэрвію вы заявілі, што мэталадэтэктар каштуе 3000 даляраў і ён адбіваецца за сэзон. Так можа казаць хіба чалавек, які нешта ведае з уласнага досьведу. Па-першае, у 2012 годзе апаратаў за 3000 даляраў не было, нават цяпер максымальная цана – 2000. Па-другое, для таго каб яго «адбіць», як вы сказалі, трэба быць як мінімум афіцыйным археолягам.

І ня трэба казаць, што ўсе афіцыйныя археолягі «белыя і пухнатыя». Усе мы цудоўна ведаем, што ёсьць неадэкватныя людзі ня толькі сярод пашукавікоў-аматараў, але і ў асяродзьдзі археолягаў... Але давайце вернемся да вашых выказваньняў. У згаданым ужо інтэрвію вы заявілі, што ўсе артэфакты выцякаюць праз Расею за мяжу. Ігар Аляксандравіч, а чаму вы маўчалі раней, калі гэтыя межы адчыняліся? Вы ж цудоўна разумееце: з 485-м указам не адзінкавыя экзэмпляры, а менавіта калекцыі (!) сыдуць за мяжу. І ніхто гэты працэс ня спыніць, калі ўказ ня будзе перагледжаны ў бліжэйшыя 1–2 месяцы.

Чаму не прыняць такі ж закон, як у Вялікай Брытаніі, дзе, мабыць, самыя лібэральныя законы ў галіне скарбашукальніцтва? Там у 1990-я таксама гучалі галасы на карысьць поўнай забароны мэталадэтэкцыі. Аднак у працэсе вырашэньня праблемы вастрыё закону ўрэшце было накіравана не на мэталадэтэктар як на «крыніцу зла», а на канцэпцыю яго выкарыстаньня. У тамтэйшым Зводзе працэсуальных нормаў да Акту аб скарбах, прынятым у 1996 годзе (The Treasure Act Code of Practice, 1996), у пункце 27 запісана: «Урад прызнае, што карыстальнікі мэталадэктараў адказныя за знаходжаньне шматлікіх аб’ектаў, вельмі важных для нацыянальнай спадчыны, і гэты закон ані ў якім выпадку не прызначаны абмежаваць дзеяньні адказнага, законапаслухмянага карыстальніка мэталадэтэктара».

Калі мэталапошук – лішняя нагода нешта дадаць да навуковых ведаў, то гэта ў Туманным Альбіёне вітаецца. Калі ж мэта — пошук артэфактаў для пэрсанальнай выгады ці назапашваньня прыватных калекцыяў без уводу іх у навуковы абарот, то гэта жорстка спыняецца. Як вынік, у краіне дзейнічаюць дзясяткі аматарскіх пошукавых аб'яднаньняў, якія шчыльна супрацоўнічаюць з археолягамі. Паглядзіце, колькі значных знаходак было зроблена прыватнымі пашукавікамі за гэты кароткі пэрыяд у Брытаніі. Я думаю, каб нам разам супрацоўнічаць у гэтым кірунку, стварыўшы невыносныя ўмовы чорным археолягам-капальнікам, мы дамагліся б нашмат большых станоўчых вынікаў, чым праз катэгарычныя забароны.

Напрыканцы прывяду вашы словы ў інтэрвію ТРК «Магілёў», дзе вы расказалі пра сваю мару: «...Краіна з чыстымі вуліцамі, з нармальнымі самадастатковымі людзьмі. Зь людзьмі, якія ня вешаюць адзін на аднаго ярлыкі. Людзьмі, якія ўмеюць адзін аднаго слухаць і чуць…» .

Дык давайце, Ігар Аляксандравіч, перастанем вешаць адзін на аднаго ярлыкі, пачнём слухаць і чуць адзін аднаго. І давайце зробім гэты закон сапраўды «працоўным». Забараніць заўсёды проста. Складаней зрабіць так, каб закон задавальняў усіх. Ня хочацца разбураць вашу мару...

Усяго добрага, посьпехаў у вашым пошуку.

Зьміцер Антановіч, Руслан Верамей, Андрэй Казлоў, Генадзь Крук, Аляксандар Юшкевіч, Зьміцер Газанаў ды група іншых пашукавікоў-аматараў зь Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG